БУДУЧЫНЯ БЕЛАРУСІ ЗАЛЕЖЫЦЬ АД ЗМАГАНЬНЯ
Прайшло паўгода, пасьля фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. За гэты час намі сабраны вялікі факталягічны матэрыял аб парушэньнях выбарчага Закону і элемэнтарных провоў асобы ў час выбараў. Факты, характар парушэньняў і маштаб беззаконьня ўражваюць.
На што зьвяртаеш увагу і што шакуе - гэта зладжаная праца шматтысячнага дзяржаўнага і грамадзкага апарату фальсыфікацыі й гвалту над выбаршчыкамі. Выключэньняў амаль не было. Велізарная зграя чыноўнікаў, міліцыі, грамадзкіх паслугачоў рэжыму і КГБ дружна і адкрыта душылі ўсё, што законнае, вольнае, нармальнае і беларускае. Душылі груба і апантана, зьневажаючы годнасьць, як гэта рабілі-б людзі, сьведама павязаныя адзінай ідэяй крымінальнай улады, якой гатовыя служыць да астатку.
Чынавенства, каляніяльная намэнклятура, што засталіся ў Беларусі з савецкіх часоў, яшчэ раз выразна паказалі, што яны сабой уяўляюць і чаго ад іх можна чакаць пры любой уладзе.
Лукашэнка і рэжым ў Беларусі здабылі галоўную мэту, да якой імкнуліся: пакінулі за сабою уладу і захавалі статус-кво. Тым часам рэжым, практычна, поўнасьцю праваліў другую задачу - легалізацыю ўлады, прызнаньне выбараў за сапраўдныя.
Тым ня менш з усіх палітычных сілаў, што фігуравалі на выбарах, рэжым сваімі мэтадамі дасягнуў рэальных вынікаў.
Пацярпела фіяска нямецка-расейская палітыка (якую ўзначальваў Ганс-Георг Вік), накіраваная на прызнаньне і легалізацыю рэжыму Лукашэнкі. Пачынаючы з 1998-га году, рэжым умела гуляў зь Вікам, пакуль яму трэба было (пры дапамозе немцаў і заходніх лібэралаў) разваліць Беларускі Народны Фронт і зьнішчыць Беларускае Адраджэньне. Але пасьля таго, як сумеснымі намаганьнямі Фронт быў аслаблены й не дапушчана стварэньне беларускае альтэрнатывы на выбарах прэзыдэнта, Лукашэнка спыніў гульню зь Вікам і зрабіў выбар у карысьць захаваньня ўлады любымі мэтадамі.
Тым часам абмежаваная назіральная Місія АБСЭ, што прыехала назіраць за выбарамі ў Менск, прывезла (пад уплывам Віка) фармулёвачныя нарыхтоўкі, накіраваныя на прызнаньне выбараў і легалізацыю прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі. Аднак фальсыфікацыя выбараў была праведзеная Лукашэнкам настолькі вульгарна, груба і "дубаломна" (дасталося і міжнародным назіральнікам, і АБСЭ), што прызнаць выбары не рашыліся. Місія заявіла пра недэмакратычнасьць выбараў, а ў астатнім выказала нейкае бэлкатаньне з набору супярэчлівых фразаў (пра ліквідацыю ізаляцыі рэжыму і г.д.).
Тым ня менш Віка зь Беларусі выкінулі й загадалі ў краіну не пускаць. Фіяска гэтага мацёрага разьведчыка на дыпляматычнай ніве ў Беларусі, як сказалі б палякі, было "мяжджонцэ і друзгоцонцэ". Нацыянальна-дэмакратычная апазыцыя (Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне" і ягоная Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ) аб'явілі яго пэрсонай нон-грата за антыбеларускую дзейнасьць ў Беларусі, а рэжым Лукашэнкі яго скарыстаў і выкінуў. (Увогуле, як мяркуюць некаторыя палітыкі, Ганс Вік падлягае адказнасьці па беларускіх законах.)
Наступнай палітычнай сілай на выбарчай арэне фігуравала так званая "аб'яднаная апазыцыя", створаная Гансам Вікам з камуністаў, сацыял-дэмакратаў, прамаскоўскіх лібэралаў (АГП), некаторых агентурных утварэньняў (Хартыя-97) і выхадцаў з БНФ, што адракліся ад Беларускай нацыянальнай ідэі.
Гэтая апазыцыйная група не была (і не магла быць) самастойнай па той прычыне, што поўнасьцю залежыла ад фінансаваньня заходніх лібэральных фондаў і маскоўскіх таемных "уліваньняў", адпаведна - стала прыладай чужой палітыкі, найперш нямецка-расейскай і вікаўскага пляну пакрокавай легалізацыі рэжыму Лукашэнкі праз ілюзію дэмакратычных выбараў.
Гэткім чынам быў аб'яўлены і прафінансаваны лёзунг "грамадзянскай кааліцыі" й паднятая наверх старая прамаскоўская камуна-савецкая намэнклятура ў якасьці кандыдатаў на прэзыдэнта. Стварылі такую сітуацыю, калі беларускаму народу не было выбару. З аднаго боку - прамаскоўскі антыбеларускі бясплодны Лукашэнка. З другога - таксама прамаскоўскі й бясплодны былы савецкі прафсаюзьнік і член бюро ЦК КПБ-КПСС Ул. Ганчарык, на фоне якога Лукашэнка выглядаў спарцмэнам-героем. У выніку - найдзічэйшая фальсыфікацыя і варварства пры галасаваньні не сустрэла грамадзкага супраціву. За каго было беларусам змагацца? За камуністычнага мастадонта Ганчарыка?
Адразу пасьля выбараў і "элегантнай пабеды" Лукашэнкі, кандыдат на прэзыдэнта Ганчарык едзе працаваць у Маскву. Там пра яго не забыліся, прапанавалі цёплае месца намесьніка кіраўніка расейскіх прафсаюзаў. У Маскве ён цяпер працуе і жыве. Справа зробленая.
"Аб'яднаная апазыцыя" (пра якую Лукашэнка сказаў, што калі-б яе не існавала, то яе трэба было прыдумаць) выканала ў гэтай сітуацыі сьведамую ролю палітычнага сьмецьця, гною, на якім вырошчвалі нямецка-расейскае палітычнае пустазельле.
Пасьля "выбараў", выкананьня функцыі (і зьніжэньня фінансаваньняў) "аб'яднаная апазыцыя" практычна зьнікла з фразэалягічнага ўжытку.
Цяпер пра стан галоўнай беларускай сілы й галоўнай нацыянальнай надзеі - пра Беларускае дэмакратычнае Адраджэньне і Беларускі Нацыянальна-Вызвольны Рух.
Трэба сказаць, што пасьля ўдару, які нанесьлі па Беларускім Народным Фронце ў 1999-м годзе і адыходу ў вікаўскую "апазыцыю" шэрагу фронтаўскіх структураў і асобаў, Беларускае дэмакратычнае Адраджэньне аслабела, яно страціла форму масавага руху, якім было раней, але захавала патэнцыяльныя магчымасьці (пры гэтым - вельмі вялікія). Менавіта на гэта разьлічаная была спроба актыўнага ўдзелу Беларускай нацыянальна-дэмакратычнай апазыцыі ў выбарчай кампаніі 2001-га годау па выбарах прэзыдэнта.
Гэта выдатна разумелі й Лукашэнка, і Масква, і яе нямецкія саюзьнікі. Пераламаць сытуацыю нам тады не ўдалося.
Цяпер, у сувязі зь непрызнаньнем выбараў і нелегітымнасьцю ўлады Лукашэнкі, Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне" і ягоная Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ прынялі рашэньне дамагацца новых выбараў прэзыдэнта ў Беларусі пад міжнародным пратэктаратам. За аснову кансалідацыі сілаў прынята Праграма Беларуская Салідарнасьць.

* * *
Палітычная сітуацыя пасьля фальсіфікацыі выбараў пачынае разьвівацца даволі драматычна. Галоўны націск у захопе Беларусі Масква пачынае рабіць не на фармальна-палітычнае аб'еднаньне і гандаль з Лукашэнкам, а на пакрокавае прыўлашчваньне беларускай эканомікі й нацыянальнай маёмасьці, на захоп нашай краіны эканамічнымі мэтадамі (дэ-факто), абмінаючы Лукашэнку.
За гэты час Масква і яе агентура ў Беларусі навязала сьціслыя кантакты з дырэктарамі беларускіх прадпрыемстваў, стварыла ў дырэктараце сваё лёбі, агентуру, прыхільнікаў і стаўленьнікаў. (Гэта нескладана было зрабіць, бо савецкі дырэктарат у Беларусі й так быў прамаскоўскі.) Масква пачала захоп беларускіх прадпрыемстваў за плячыма Лукашэнкі, уступаючы ў кантакты непасрэдна з прадпрыемствамі й дырэктарамі.
Лукашэнка зразумеў: тое, што ён увесь час дорага хоча прадаць оптам (гэта значыць, Беларусь), маскоўцы імкнуцца скупіць па кавалачках за яго плячыма. І калі гэта зробяць, то ён застанецца зь нічым (і нікім). Рэакцыя настала хуткая. Дырэктараў пачалі арыштоўваць і саджаць.
Трэба разумець, што тут грызьня гіенаў, дзьвюх прамаскоўскіх антыбеларускіх групаў. Грызуцца за маёмасьць, лёс і цела Беларусі. Агентурная журналістыка сьведама хоча паказаць дырэктарат як апазыцыю Лукашэнку, а арышты - як расправу з гэтай "апазыцыяй". Але трэба ведаць, хто піша і дзеля чаго пішацца. Дырэктарат - гэта не апазыцыя рэжыму, ніколі ня быў і ня будзе апазыцыяй. Бо для гэтага трэба мець беларускае сэрца, абараняць нацыянальныя інтарэсы й перажываць за Беларусь.
Можна прадбачыць, што грызьня будзе павялічвацца. Выхаду ў Лукашэнкі няма - будзе кусацца. У пэрспэктыве можа выйграць Расея, бо беларуская эканоміка тады ўпадзе зусім (спыніцца), і расейскі крымінальны капітал захоча забраць яе задарма.
На захад Лукашэнка ня пойдзе (можа толькі пагуляць зь ім), гэта відавочна і зразумела. Стаўка на Беларускую незалежнасьць і нацыянальную палітыку ў нацыянальных інтарэсах - выключаецца. Лукашэнка паталягічна ненавідзіць усё беларускае (ды й ня тыя людзі за яго плячыма).
Сытуацыя ў Лукашэнкі, сапраўды, безвыходная (калі немцы не дапамогуць). Што ў такім разе ён стане рабіць? - можна спытацца. Тым, хто ведае яго, адказ зразумелы: грызьці й душыць. Як казалі бальшавікі, "да пасьледняй каплі крові".
У гэтым становішчы важна арганізаваць пасьлядоўнае беларускае супраціўленьне і палітычны выхад, каб унікнуць поўнага зьнішчэньня краіны. І такая работа вядзецца. Найперш - новыя выбары прэзыдэнта. Гэта ідэя агульнанацыянальнага кшталту, канкрэтная і зразумелая для ўсіх. (Калі ўлада не легітымная, то новыя выбары - першае, што мусіць стацца, каб вырашыць пытаньне.) Разьвіцьцё ідэі й пашырэньне яе ў канкрэтных справах павінна спрыяць накапленьню сілаў, стварэньню сытуацыі палітычнага разьвязаньня, з вызначэньнем умовы бакоў і г.д. Новыя сытуацыі створаць новыя магчымасьці. Абсалютным тут зьяўляецца толькі змаганьне. Змаганьне зь антыбеларускім рэжымам за Свабоду, Незалежнасьць і Будучыню Беларусі.
Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне"
19 лютага 2002 г.
Варшава