З пачутага і прачытанага
Радыё "Свабода" 21-га траўня паведаміла пра выхад новага тому "Кнігазбору" - выбраных працаў Фадзея (Тадэвуша) Булгарына, расейскага пісьменьніка пазамінулага стагодзьдзя зь Беларусі. Кніга выйшла ў "мове арыгіналу" - расейскай мове. На пытаньне карэспандэнта Радыё, чаму не ў беларускай, рэдактар кнігі М. Скобла адказаў: "Рэч у тым, што калі расейскамоўныя творы Булгарына перакласьці ў беларускую мову, то страціцца сам тыпаж, страціцца сам імідж вакол асобы Булгарына, зь якім ён зросься, як гарбун са сваім гарбом. Калі яго перакласьці ў беларускую мову, дык ён ня будзе цікавым".
Ці здае сабе справу шаноўны рэдактар, што ягонае тлумачэньне моцна нагадвае сумнавядомыя выказваньні А. Лукашэнкі пра здольнасьці беларускае мовы ў параўнаньні з расейскаю? Натуральна, гэта нашмат прасьцей - перадрукаваць гатовае замест як перакласьці, але калі тэкст ня будзе цікавым у беларускай мове, ці патрэбны ён наагул? Ці захаваньне мовы арыгіналу, як мякка называе тое звычайна ваяўнічая ў аналягічных выпадках "Свабода", было патрабаваньнем укладальніка А. Фядуты й былой старшыні Нацбанку Беларусі Тамары Віньнікавай, якая, па словах карэспандэнта, "спрыяла выданьню"?
Зрэшты, ліха зь імі, з Булгарыным ды Фядутаю. Вось толькі ў - плянах "Кнігазбору" стаяць Юзаф Крашэўскі, Іван Лажэчнікаў, Ігнат Ходзька, Мэндэле Мойхер-Сфорым, Сяргей Максімаў ды багата яшчэ хто з тых, што пісалі ня ў нашай мове. Будзьма спадзявацца, іхныя творы надрукуюцца па-беларуску і пры тым усё-ж застануцца нам цікавымі.
* * *
Эміграцыя заўсёды няпростая рэч. Асабліва калі яна - вымушаная, калі не ў маладым веку. Тым больш, калі гэта эміграцыя творцы. Такога, як Васіль Быкаў.
Можна толькі здагадвацца, што вычуваў ён, едучы да Нямеччыны, якія ўспаміны амаль пяцідзесяцігадоваў даўніны валодалі ім.
Эміграцыя не заўсёды вызваленьне. Асабліва калі сытуацыя залежыць не ад цябе, калі ты вычуваеш, што маеш нейкія абавязкі. Тым больш, калі чалавеку гэтыя абавязкі накідваюць. Такому, як Васіль Быкаў.
І цяперака на любым эміграцыйным сходзе ці канфэрэнцыі, зь любой нагоды перадаюцца словы прывітаньня ад Васіля Быкава з Прагі. Мо й няма ў падобным нічога асаблівага ды асуджальнага, але выглядае, быццам тою набліжанасьцю, уяўнаю ці сапраўднаю, робіцца спроба наданьня нейкай адмысловай вагі - ці сходу, ці таму, хто тыя вітаньні перадае.
А падумалася пра тое тады, як трапіў на вочы леташні, 3-4 нумар часапіса "Полымя" з успамінамі Барыса Кіта, запісанымі Васілём Быкавым. І справа нават не ў асобе Б. Кіта, грамадзкая дзейнасьць якога ацэньваецца ў самой Амэрыцы троху па-іншаму, ня ў тым, што бальшыня старонак - пераказ чытанага раней (працаў Туронка, успамінаў сёстраў Катковіч) або проста клясычных - да банальнасьці! - гісторый (Б. Тарашкевіч, Ф. Аляхновіч), калі пра бальшыню герояў даведваемся толькі адзін факт - факт знаёмства з апавядальнікам. Справа ня ў тым, што насамрэч Б. Кіт трымаўся ўбаку ад беларускай працы, нарэшце, справа нават нe ў празьмернай самарэклямацыі, а ў тым, што аўтарам запісу гэтых успамінаў стаўся найлепшы наш пісьменьнік, спакойныя хвіліны працы якога вартыя значна большага.
Л. Юрэвіч