КАНФЭРЭНЦЫЯ Ў ШВЭЦЫІ
8-га лістапада 2002-га году ва ўнівэрсытэце Паўднёвага Стакгольму (Стакгольм, Швэцыя) адбылася навуковая канфэрэнцыя прысьвечаная Беларусі "Contemporary Change in Belarus". З гадзіннымі лекцыямі выступілі:
Праф. Дэвід Марплс (Унівэрсытэт Альберты, Канада) "Прэзыдэнства Лукашэнкі й будучыня Беларусі." Праф. Марплс - аўтар двух манаграфіяў, прысьвечаных Беларусі па-ангельску.
Аляксандар Анціпенка (Беларускі калегіум, Менск) " Беларусь: пост-савецкае/пост-каланіяльнае развіцьцё й перспэктывы эўрапейскай інтэграцыі."
Барбара Торнквіст-Плева (Унівэрсытэт Люнду, Швэцыя) "Беларусь - прыклад запозьненага нацыя-будаўніцтва." Барбара Торнквіст-Плева - аўтар двух манаграфіяў, прысьвечаных Беларусі па-швэдзку.
Анна Бражоўска (Унівэрсытэт Будапэшту, Вугоршчына) "Дыскурс улады: Разуменьне Беларусі праз прызму канфлікту дэмакратычнай эліты й народу."
Андрэй Котлярчук (Унівэрсытэт Паўднёвага Стакгольму, Швэцыя) "Традыцыя беларускай дзяржаўнасьці: "вайна" за мінуўшчыну Беларусі." Андрэй Котлярчук - аўтар двух манаграфіяў, прысьвечаных Беларусі па-беларуску й па-расейску.
Пасьля лекцыяў адбылася 2-гадзіная дыскусыя падчас якой была вызначаная роля Беларусі ў будучыні Балтыцкага рэгіёну. На канфэрэнцыі прысутнічалі каля 50 гасьцей. Апошняе сьведчыць пра рост цікавасьці да Беларусі ў Швэцыі.
Арганізатарам канфэрэнцыі была школа Балтыцкіх і Ўсходнеэўрапейскіх досьледаў Унівэрсытэту Паўднёвага Стакгольму на чале з Праф. Дэвідам Гаўнтам.
Зборнік матэрыялаў канфэрэнцыі рыхтуецца да выданьня.

Андрэй КАТЛЯРЧУК