Закрылася беларуская царква
У газэце "Chicago Tribunie" 20-га ліпеня было паведамленьне аб тым, што у канцы ліпеня адбылася апошняя Багаслужба ў чыкагскай беларускай грэка-каталіцкай царкве Хрыста Збаўцы. Пасьля гэтага будынак быў перададзены для карыстаньня рыма-каталіцкай місіі Сьв. Пятра і Паўла.
Царква была адкрытая ў канцы 1950-х гадоў беларускімі грэка-каталікамі, якія, уцякаючы ад камуністаў, знайшлі прытулак на амэрыканскай зямлі ў Чыкага. Каб абслугоўваць парафіянаў, якія не разумелі беларускай мовы ў пачатку 1960-х гадоў у Літургію была ўведзена таксама і ангельская мова. Кіраваў царквою біскуп Уладзімер Тарасэвіч, потым яго замяніў а. Джон Макдонэл. Грэка-каталіцкая грамада ніколі не была вялікаю, і пасьля згасаньня актыўнасьці ў апошнія гады рыма-каталіцкая дыяцэзія ў Чыкага вырашыла закрыць гэтую парафію.
У часы найбольшай актыўнасьці да парафіі належала больш за 80 сем'яў, а ў апошнія гады заставалася ўсяго каля 20 вернікаў. Адна з старэйшых прыхажанак царквы спн. Вера Рамук сказала. што царква дапамагла людзям захаваць сваю культуру і традыцыі, але шмат хто зь вернікаў пераехалі ў іншыя штаты, паўміралі, хварэюць і ня могуць наведваць Багаслужбы.