Чэхі за свабодную Беларусь
Ў Сэнаце Чэскай Рэспублікі 24-га чэрвеня адбылася прэс-канфэрэнцыя, прысьвечаная заснаваньню ягонымі сябрамі камітэту "За свабодную Беларусь". Асноўнымі задачамі камітэту зьяўляюцца: збор фактаў для інфармаваньня ворганаў Эўрапейскага Зьвязу аб парушэньнях правоў чалавека ў Беларусі; апэратыўнейшае рэагаваньне чэскіх уладаў на гэтыя парушэньні праз дыпляматычная каналы, дапамога беларускай апазыцыі. Заснавальнікамі зьяўляюцца такія ведамыя чэскія палітыкі як Ян Румл, Даніэл Кроўпа, Марцін Мейстржык, Іржы Лішка ды Эдвард Оўтрата. Дэклярацыю камітэту падпісала ўжо больш за 50 чэскіх сэнатараў і парлямэнтароў.
Усе яны ў гэтую гарачую летнюю пару, напоўненую дэбатамі аб фінансавай рэформе краіны, знайшлі час, каб адказаць на пытаньні журналістаў і звычайных грамадзянаў, якіх хвалюе палітычная сытуацыя ў Беларусі.
Так, па словах адной з ініцыятарак камітэту Натальлі Маковік, якраз напярэдадні прэс-канфэрэнцыі ворганы бясьпекі арыштавалі трох актывістаў Маладога Фронту, якія распаўсюджвалі ў Менску ўлёткі з надпісамі "Я люблю Беларусь" і нацыянальнымі бел-чырвона-белымі колерамі. Такія факты ў Беларусі, нажаль, ужо даўно сталі звычайнымі.
Сэнатары ў кароткіх заявах нагадалі, што для іх, як і для іншых эўрапейцаў, якія даўно і ўважліва сочаць за падзеямі ў Беларусі, 27-га ліпеня 1991-га году быў і застаецца нацыянальным сьвятам Беларускай незалежнасьці. Стварэньне камітэту якраз было прымеркаванае да сьвяткаваньня сёлетняй 12-ай гадавіны гэтай падзеі.
Удзельнікі камітэту знаёмыя зь беларускай сытуацыяй непасрэдна. Даніэл Кроўпа, напрыклад, быў назіральнікам на выбарах у Беларусі й асабіста зафіксаваў спробу махлярства з боку ўладаў. Ян Румл, былы міністар унутраных справаў, ведамы сваім удзелам у дэманстрацыях беларускай апазыцыі, быў незалежным назіральнікам на палітычных судовых працэсах. Сэнатар выказаў сваё меркаваньне аб законе, які зараз распрацоўваецца Аб палітычных партыях, сказаўшы, што "гэта будзе новы магутны ўдар па беларускай апазыцыі з боку таталітарнай дзяржавы". Ен таксама разьвесяліў прысутных, прыгадаўшы некаторыя вулічныя лёзунгі зь менскіх дэманстрацыяў пратэсту, напрыклад "Беларусь у Эўропу, Лукашенка - у ..."
Марцін Мэйстржык, у сваю чаргу, параўнаў сёньняшнія рэпрэсіі ў Беларусі з падзеямі ў Чэхіі ў 1989-м годзе, калі камуністычная паліцыя жорстка разагнала групу студэнтаў за тое, што яны сьпявалі дзяржаўны гімн Чэхаславаччыны.
Ад імя беларусаў выказаў сваю падзяку сэнатарам і пажаданьні плённай працы ў камітэце Аўген Сідорык, Старшыня Зьвязу Бларусаў Замежжа.
Стварэньне камітэту актыўна падтрымаў Вацлаў Гавел, які ня змог прысутнічаць, бо знаходзіўся ў ЗША, але прыслаў тэлеграму, у якой выказаў сваю падтрымку.
Падтрымку выказалі й звычайныя грамадзяне. Доктар Ян Странскі, былы чэскі дысыдэнт вывесіў з вакна свайго дому ў цэнтры Прагі бел-чырвона-белы сьцяг і запрасіў усіх беларусаў адсьвяткаваць Дзень Незалежнасьці ў сваім вячэрнім клюбе. Ён выказаў спадзяваньне, што сёлетнія мерапрыемствы стануць у Празе традыцыйнымі.
А. ГАЙДАМАЦКІ
Менск-Прага

На здымку (справа налева): сэнатар Ян Румл, сэнатар Даніэл Кроўпа, Эдвард Оўтрата, сэнатар Іржы Лішка, мэнаджэр праекту Натальля Маковік, д-р Ян Странскі, старшыня "Зьвязу Беларусаў Замежжа" Аўген Сідорык.