ВЫСТАВА ЭТНІЧНЫХ ЖАНОЧЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ У ЧЫКАГА
Ужо некалькі гадоў узапар пад спонсарствам губэрнатара штату Ілінойс ладзіцца выстаўка ў гонар этнічных жаночых арганізацыяў "Tribute to Ethnic Women's Orhanizations". Сёлета Беларускі Каардынацыйны Камітэт у Чыкага ізноў прыняў удзел пасярод болей за 30 жаночых арганізацыяў. Сп-ня Вера Рамук нарыхтавала экспанаты, нагадваючыя беларускую спадчыну ў Чыкаго, а сп-р Нікадэм Жызьнеўскі прырыхтаваў надпісы на іх. Экспанаты былі разложаныя на стэндзе сп-нямі Раісай Шпакоўскай-Братків і Верай Рамук, якія апранулі нацыянальныя строі.
З нагоды 84-х угодкаў абвешчаньня незалежнасьці Беларусі была выстаўленая праклямацыя, выданая губэрнатарам Джорджам Раенам на дзень 25-га Сакавіка, побач быў абраз Сьв. Эўфрасіньні, а далей абраз Сьв. Язафата, выявы "Пагоні", беларускі нацыянальны сьцяжок, здымкі беларускай ялінкі, выстаўленай у Музэі Навукі й Індустрыі, а таксама імпрэзаў у Чыкага, далей абраз Маці Божай апякункі Беларусі, абраз трох віленскіх пакутнікаў. Невялічкая мапка дапамагала наведнікам з'арыентавацца ў гэаграфічным палажэньні Беларусі.
Для азнаямленьня публікі зь беларускім кірылічным і лацінскім альфабэтам быў прыгатаваны даведнік, а калярытны альбом "Беларускія мастакі ў замежжы", выданы ў Нью Ерку, быў добрым жоралам аб багатай мастацкай творчасьці. "Historical Dictionary of Belarus" - гэта малая энцыяпляпэдыя, аўтарам якой ёсьць Др. Ян Запруднік, цікавіла наведнікаў. Была кніжка аб беларускай кухні. А кніжка-даведнік "Belarusans in the United States" Др. Вітаўта Кіпеля была добрай крыніцай пра дзейнасьць беларусаў у Амэрыцы.
З часапісаў быў "Belarusian Review". А вось альбом беларускай філятэлістыкі, нарыхтаваны сп-ом Багданом Паукам, выклікаў бясспрэчна зацікаўленасьць у наведнікаў, асабліва маркі аб зімовай Алімпіядзе ў Солт Лэйк Сіті. Вышыванкі, нарыхтаваныя сп-няй Людвікай Бяленіс , былі аб'ектам заінтарэсаваньня ў жаночай публікі. Скрыначкі, інкруставаныя саломкай, і шкатулка, разьба па дрэве, прывезеныя зь Беларусі, прыдавалі атракцыйнасьці выстаўцы.
З нагоды надыходзячых Вялікодных сьвятаў быў выстаўлены кошык з мініятурнымі штучнымі яечкамі, а побач стаяла іконка Жыровіцкай Божай Маці.
Увесь стэнд выглядаў калярытна і імпазантна, шмат наведнікаў цікавілася экспанатамі і стаўляла розныя пытаньні ды фатаграфаваліся з арганізатарамі выстаўкі.
Вітаўт Рамук