НОВАЯ ДАКТРЫНА ВАШЫНГТОНУ Й ЛУКАШЫЗМ
20-га верасьня сёлета прэзыдэнт ЗША Джордж Буш паслаў Кангрэсу дакумэнт, азагалоўлены "Стратэгія нацыянальнай бясьпекі Злучаных Штатаў". На 33-х старонках пасланьня зроблены выклад прынцыпаў, якімі Злучаныя Штаты будуць кіравацца далей у сваёй замежнай палітыцы. Палітыка гэтая будзе больш напорыстая ў дачыненьні да дзяржаваў з дыктатарскімі рэжымамі. Вашынгтон кладзе канец дасюлешняй гэтак званай палітыцы "стрымваньня й адстрашваньня"(containment and deterrence), якою адзначаўся пэрыяд халоднай вайны, а стане больш ваяўнічым у дачыненьні да дзяржаваў-ізгояў, якія, як сказана ў дакумэнце, "ненавідзяць Амэрыку й усё, што яна сабой прадстаўляе".
У Бушавым пасланьні Кангрэсу сфармуляваная ідэйная аснова далейшай замежнапалітычнай стратэгіі. У ім сказана:"Вялікія сутычкі 20-га стагодзьдзя паміж свабодай і таталітарызмам скончыліся станоўкай перамогай сілаў свабоды й адзінага дзейснага мадэлю нацыянальнай удачы: свабода, дэмакратыя й вольнае прадпрымальніцтва. У 21-м стагодзьдзі толькі дзяржавы, што адданыя справе аховы асноўных правоў чалавека ды гарантыі палітычнай і эканамічнай свабоды здолеюць вызваліць патэнцыял свайго народу ды запэўніць ягоны далейшы дабрабыт. Людзі ўсюды хочуць гаварыць тое, што яны думаюць; пастанаўляць, хто будзе імі кіраваць; маліцца, як ім падабаецца; адукаваць сваіх дзяцей - хлацоў і дзяўчат; мець уласнасьць і цешыцца пладамі свае працы. Гэтыя каштоўнасьці свабоды слушныя й праўдзівыя для кожнага чалавека, у кожным грамадзтве - і абавязак бараніць гэтыя каштоўнасьці ад ворагаў зьяўялецца агульным прызначэньнем волялюбных народаў па цэлай зямлі".
Хоць сучаснае міжнароднае напружаньне сканцэнтраванае вакол Іраку й палестынска-ізраільскага канфлікту, вышэй выказаныя ідэйныя прынцыпы маюць беспасярэдняе дачыненьне й да Беларусі, дакладней кажучы, да лукашэнкаўскага рэжыму. Рэжым гэты адзначаецца якраз поўнаю пагардаю да прынцыпаў, выказаных у пасланьні амэрыканскага прэзыдэнта: да неад'емнага чалавечага права гаварыць (і пісаць), што думаеш; свабодна выбіраць сваё кіраўніцтва; маліцца, як падабаецца; мець уласнасьць і цешыцца пладамі свае працы. Факты й здарэньні апошніх гадоў у Беларусі - забойствы палітычных апанэнтаў рэжыму, зачыняньне незалежных органаў друку на аснове фальшывых абвінавачаньняў, дыскрымінацыйнае рэлігійнае заканадаўства кішэннага "парляманту", непасільныя падаткі на прыватных прадпрымальнікаў, арышты й штрафы за абсалютна нармальныя для свабоднага грамадзтва ўчынкі - сталіся найбольш тыповымі й трывалкімі адзнакамі лукашызму.
Лукашэнкава панаваньне над беларускім грамадзтвам падпадае якраз пад тую катэгорыю рэпрэсійных рэжымаў, на змаганьне зь якімі будзе скіраваная замежная палітыка Вашынгону. Адным зь мерапрыёмстваў у гэтым змаганьні павінна стацца прыняцьце разгляданага цяпер у Палаце Прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША законапраекту "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі 2002 году" (Belarus Democracy Act of 2002). Пільны абавязак беларуска-амэрыканскае грамады - выказаць поўнае падтрыманьне гэтаму законапраекту зваротамі, груповымі й індывідуальнымі, да сваіх кангрэсмэнаў і сэнатараў.