ЛЮБІЦЕ І ДАВАЙЦЕ ДЗЕЦЯМ КРЫЛЫ

Багдану Андрусышыну, які з ЗША паказаў тым, хто жылі ў Беларусі, прыклад любові да народу і культуры Радзімы сваіх бацькоў, спаўняецца 3-га студзеня 2003-га году 45 гадоў. Ад імя ўсіх беларусаў, чые душы ён узрушыў сваімі сьпевамі й валоданьнем чыстаю беларускаю моваю, шчыра віншуем яго з гэтае нагоды, зычым здароў'я, творчых пасьпехаў і асабістага шчасьця ў жыцьці.

У амэрыканскай сям'і Андрусышыных маці Юля - беларуска, бацька Паўло - украінец. Двое сыноў Юрка і Багдан змалку выхоўваліся ў сям'і, дзе шанаваліся сямейныя карані й традыцыі дзядоў, яны найперш навучыліся моваў бацькоў, а потым ангельскае. Юрка па адукацыі юрыст, больш адчувае сябе амэрыканцам, а Багдан неяк прыпаў сэрцам да Беларусі. Бацькі й бабуля Яня, якая ўжо разьмяняла 94-ы год жыцьця, уклалі ў дзяцей сваю любоў да зямлі бацькоў і свае найлепшыя памкненьні. Змалку хлопцы назіралі за руплівымі рукамі сваёй маці, якая апранала ў вышыванкі амаль ўсю беларускую эміграцыю, якімі-бы пяяла чароўную песьню пра далёкую Беларусь. Адносіны бацькоў да мовы й народнага мастацтва сталі добрым прыкладам для дзяцей. На рамантычную душу Данчыка, як празвала Багдана зь любоў'ю бабуля, асаблівы ўплыў аказалі беларускія й украінскія песьні.
Задоўга да першага прыезду Данчыка ў Беларусь, яго ўжо ведалі, перапісвалі адзін у аднаго ягоныя песьні, марылі пачуць ягоны жывы голас. Першая кружэлка выйшла ў сьвет у 1977-м годзе, калі 19-гадовы юнак быў студэнтам журналістыкі й славянскіх моваў і літаратуры Нью Ерскага ўнівэрсытэту. Тады ён узяў некалькі ўрокаў у настаўніка музыкі Мэйтланда Пітэрса, патым браў калі-нікалі прыватныя ўрокі ў розных піяністаў і вельмі шмат працаваў самастойна.
У 1985-м годзе ў ЗША выйшла кружэлка "Я ад вас далёка", на якой быў запісаны адзін з найлепшых твораў Сяргея Новіка-Пеюна песьня-ліст да бацькоў "Зорачкі", напісаная паэтам у 1929-м годзе ў высылцы, музыка і словы якое былі поўныя тугі па Радзіме. Калі Данчык сьпяваў "Зорачкі", нашыя сэрцы сьціскаліся, так пранікнёна ліліся гукі гэтае песьні.
Упершыню пачуўшы голас Данчыка, ягоную манэру выкананьня Сяргей Новік-Пяюн сказаў: "Гэта-ж наш другі Забэйда-Суміцкі!" Сапраўды, шляхі й лёсы сьпевакоў нечым падобныя. Перакрыжоўваюцца, хоць і не ў часе, іх шляхі ў Празе, дзе доўгія гады жыў Міхась Забэйда-Суміцкі, і жыве цяпер Багдан Андрусышын. Абодва - тэнары, толькі ў першага высокі оперны, а ў другога тэнар пераходзіць у барытон. Абодва статныя элегантныя. Яны скаралі аўдыторыю сваёю шчырасьцю, дабразычлівасьцю, чыстымі галасамі.
Забэйда-Суміцкі сьпяваў на васьмі мовах. У канцэртах побач з клясычнымі творамі сьпяваў беларускія народныя песьні, поўныя любові да Радзімы й яе народу. Нават творы, напісаныя кампазытарамі, калі іх сьпяваў Забэйда-Суміцкі насілі народны характар і лёгка даходзілі да слухача. У 1960-я гады ў Чэхаславаччыне выйшла некалькі кружэлак з запісамі Міхася Забэйды-Суміцкага, і гэта дало магчымасьць сьвету бліжэй пазнаёміцца зь беларускаю музыкаю, якая датуль была невядомая.
Багдан Андрусышын пасьля сканчэньня ўнівэрсытэту ў 1981-м годзе, зарабіўшы крыху грошай, паехаў у падарожжа па Эўропе. Наведаў Італію, Францыю, Нямеччыну, Швэцыю і Польшчу, дзе на Беласточчныне выступіў з шэрагам канцэртаў.
Увосені 1981-га году да Данчыка прыехаў Лявон Барткевіч, і яны разам запісалі альбом з назваю "Мы адной табе належым".
Толькі на 31-м годзе жыцьця, у 1989-м годзе Данчык атрымаў дазвол наведаць Бацькаўшчыну. І ў верасьні менчукі сустрэліся з Багданам - нашчадкам славутага роду Луцкевічаў. Усе былі зачараваныя ягоным пяшчотным тэнарам, прыгажосьцю, шляхетным выхаваньнем. Прыемна ўражвалі незвычайная мэлядычнасьць і чысьціня беларускае мовы. Кожны, хто размаўляў зь ім, адчуваў сябе так, нібы ён для Данчыка вельмі значны й патрэбны чалавек, таму не палюбіць сьпевака было немагчыма.
На ягоныя канцэрты ішлі людзі абсалютова розных палітычных і культурных паглядаў, нацыяналісты й камуністы з касамольцамі, аматары клясыкі й року, маладыя і старэйшыя. Залі, дзе ён выступаў, палыхалі бел-чырвона-белымі сьцягамі й Пагонямі.
На працягу верасьня і кастрычніка Данчык даў шмат канцэртаў у Беларусі, грошы за якія ахвяраваў у Фонд Чарнобыля. У Менску і Вільні выступаў разам зь Лявонам Барткевічам і паэтам-бардам Сержуком Сокалавым-Воюшам, што спрыяла мацнейшаму згуртаваньню беларусаў. Штодзённы канцэрты ў той ягоны прыезд давялі да таго, што сьпявак ледзьве вытрымаў свой апошні канцэрт у Полацаку. А яго яшчэ чакалі на Радзіме бацькі на Ўкраіне, дзе ён даў таксама шмат канцэртаў.
Зь сябрамі-талакоўцамі мы тады надумалі запрасіць яго па-прыяцельску да некага з нас. Зьбіраліся пасьля чарговага канцэрту, пры чым, двойчы, першы раз у верасьні, а другі пасьля вяртаньня з Украіны ў кастрычніку ў маёй двухпакаёўцы, дзе я жыла зь дзецюком-сынам. Нас набілася 47 чалавек! І ўсім хапіла месца. Было ўсялякіх беларускіх страваў і адная бутэлька сухога віна - на большае не хапіла грошай. Усе паселі вакол абруса на падлозе ў два-тры колы. Толькі Данчыка з маці ўсадзілі на фатэлі. Была там ягоная цётка Алена, цётка Маргарыта зь Ленінграду з дачкою, Кася і Алесь Камоцкія, паэта Анатоль Сыс, Сяржук Сокалаў-Воюш, Юрась Беленькі з жонкаю, Лявон Барткевіч, хлопцы з гутроў "Уліс", "Талака". Было весела! Сьпявалі ўсю ноч, і адную, і другую. Хіба-ж такое забудзеш?!
Праводзіць Данчыка на вакзал прыйшло тысячаў пяць-сем удзчных слухачоў і змагароў за нашую Волю. Адразу пасьля мітынгу на плошчы, які ладзіў БНФ, усе на разьвітаньне хацелі паціснуць Данчыку руку, нешта падараваць ці сказаць. Цягнік адыходзіў, а Данчык плакаў, ня маючы моцы больш стрымліваць пачуцьці.
Калі ў красавіку 1993-га году Багдан прыехаў зь Мюнхэну і паведаміў, што прыехаў у Менск толькі ў якасьці журналіста Радыё "Свабода" і больш не сьпявае, у гэтае немагчыма было паверыць. Сталася так, што яго, як журналіста, зацьміў, апярэдзіў вобраз сьпевака, які стаўся для нас нацыянальным героем на той час.
У сьнежні 1996-га году перад прыездам Данчыка ў Менск, напярэдадні Калядаў, менчукі хваляваліся, бо жадаючых патрапіць на канцэрт было мора, а квіткоў было не дастаць. У Дом літаратара, дзе адбываўся першы канцэрт ня здолелі патрапіць нават многія зь пісьменьнікаў і паэтаў. Заля філярмоніі таксама аказалася замалою. Перад уваходамі стаямі натоўпы. За прыпынак да філярмоніі, ужо ад плошчы Перамогі, перапытвалі "лішняга квіточка". Усе хацелі быць на канцэрце Данчыка.
Людзі старэйшага веку прыгадвалі лета 1963-га году, калі Забэйдзе-Суміцкаму нарэшце дазволілі прыехаць на Радзіму. Сытуацыя была падобная. Канцэрт аб'явілі больш чым стрымана, квіткі ў касе "зьніклі". Прыхільнікі саліста опэрных тэатраў Варшавы, Познані, Кракава, Прагі й міланскага "Ла Скала" шукалі й не знаходзілі таго-ж "лішняга квіточка". А ў залі менскай філармоніі тым часам шмат месцаў пуставала, бо "слішком белорусский репертуар" сьпевака быў недаспадобы ідэалягічнай намэнклатуры. Ды Міхась сьпяваў не для іх, а для свае Радзімы, успаміны пра якую ўсё жыцьцё насіў у сэрцы.
На канцэрце-ж Данчыка ў залі менскае філярмоніі ў 1996-м годзе не было дзе і яблыку ўпасьці. Засерабрыліся, бы прыцярушаныя сьнегам, скроні, але гады амаль не зьмянілі сьпевака. Ен папрасіў прабачэньня ў публікі, што ўсяго толькі аматар. Але зь першых гукаў слухачы былі прыемна ўражаныя высокаю культураю выкананьня. Данчык выконваў песьні на беларускай, украінскай, гішпанскай, французкай мовах. Тэмпэраментна і ўрачыста прагучаў гэбрайскі гімн "Хава нагіна". Захапіла пяшчотаю "Ціхія ноч" па-беларуску і па-нямецку. Калі-ж Данчык засьпяваў у перакладзе дактара Мацея Смаршчка, паэтычны псэўдонім якога Анатоль Бярозка, з французкае на беларускую мовы песьню "Калі лісьце раняе клён", прысьвечаную сьпеваком Марыі Чэпялёвай - роднай сястры Яніны Каханоўскай, бабулі Данчыка, якая на 86-м годзе жыцьця прыехала зь Ленінграду на ягоны канцэрт, сьлёзы засьцілалі Данчыкавы вялікія блакітныя вочы. І не ўяўляю ў каго з слухачоў яны маглі заставацца сухімі. Ніхто і ніколі ня змог-бы выканаць гэтую песьню лепш за Багдана.
Уражвае багацьце песеннага рэпэртуару зь беларускага фальклёру, поўнага простай мудрасьці й бліскучага гумару. Сьмехам поўнілася заля, калі гучала жартаўлівая народная песьня "Ой, як на току на майдане жонкі мужыкоў прадавалі". Праз тонкае адчуваньне мэлёдыі й паэтыкі песьні ды выключнае выконваньне, часта лепшае за прафэсыйнае, Багдан абсалютова валодаў сэрцамі й пачуцьцямі слухачоў.
У той раз Данчык прыяжджаў і ў Горадню, Полацак, Віцебск. 25-га сакавіка 1997-га году разам з Галінай Дзягілевай, акторкай менскага тэатру "Зьніч", даў канцэрт у Эстоніі, наведаў Фінляндыю. Фактычна, вядучыя на ягоных канцэртах былі непатрэбныя, бо кантакт з заляю сьпявак наладжваў сам. Паўсюль яго прымалі як роднага.
Апошні канцэрт Данчыка ў ЗША быў у Вербную нядзелю ў залі царквы Сьв. Кірылы Тураўскага на Атлянтык Авеню 104 у 1997-м годзе. Да сябе ён падыходзіць строга і ня можа дазволіць выйсьці сьпяваць нават перад малой аўдыторыяй непадрыхтаваным. Але летась, калі ў Прагу заехаў Лявон Барткевіч, Данчыка папрасілі па-сяброўску падтрымаць яго, і яны ўдвох насьпявалі цэлы канцэрт.
Праца на радыё забірае ў Багдана ўвесь час, няма калі й сьпяваць. Але беларусы ў Нью Ерку былі-б вельмі радыя пачуць ягоны голас ізноў, хоць калуарна, па-прыяцельску. Бо з 1994-га году, пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі, калі пачалі нішчыць ўсё беларускае, іншы раз здаецца, што ўжо ня хопіць сілаў, каб так жыць, ня тое, што змагацца. Сваімі сьпевамі Данчык неаднойчы згуртоўваў нас, уздымаў на новае змаганьне. Бо песьня, нават у самыя змрочныя часіны, ачышчае, узвышае і натхняе на дабро, дае веру ў перамогу.
Некалі на маё пытаньне, якія падарункі для яго найдаражэйшыя, ён проста адказаў, што любіць усё прыгожае, але найбольш мастацкія ўзоры, абразы. Калі запытала: "Што ў сучаснай культуры здаецца табе найбольш унікальным?", адказаў: "Хіба традыцыйная культура любога народу не зьяўляецца ўнікальнаю?" Асабліва важным здаецца выхаваньне моладзі ў нацыянальным рэчышчы. На жаль, я ня меў магчымасьці ўдзельнічаць у такіх абрадавых сьвятах, як Купальле, Каляды ды іншыя. Але вывучэньне з малых гадоў спадчыны бацькоў вельмі важнае."
Пытаюся: "Якую-б калыханку ты раіў нашым беларускім жанчынам сьпяваць сваім дзецям?" На што Данчык трошкі абурана адказаў: "А што, толькі маці павінны сьпяваць сваім дзецям? Па-мойму, бацька павінен найперш займацца выхаваньнем свайго нашчадка. Калі-ж гаварыць пра песьню, то вельмі добрая калыханка Зьміцера Еўтоховіча "Сьпіць над лесам аблачынка". У сям'і самае галоўнае - любоў. Зь Любові распачаўся сьвет. Трэба толькі любіць дзяцей не абразаючы ім крылы. Любіце і давайце дзяцям крылы!".

Валянціна ЯКІМОВІЧ

На здымку: Данчык падчас канцэрту ў Філярмоніі ў Менску 30-га лістапада 1996-га году.