ДАПАМОГА СКАРАЧАЕЦЦА
За апошнія два гады замежныя прыярытэты ЗША сталі больш прагматычныя. Відавочна, што ў фокусе замежнай дапамогі - Блізкі Ўсход, Сярэдняя Азія і Лацінская Амэрыка. Паводле нядаўна прапанаванага на разгляд Кангрэсу ЗША бюджэту на наступны год, прадугледжваецца выдзяленьне 28,5 мільярдаў даляраў на замежную дапамогу.
Новы бюджэт акрэсьлівае асноўныя накірункі замежнай дапамогі ЗША. Перш за ўсё гэта выдаткі накіраваныя на змаганьне з тэрарызмам. Амаль 5 мільярдаў даляраў плянуецца выдзеліць на праграмы бясьпекі тым краінам, якія ўжо далучыліся да ЗША ў барацьбе з тэрарызмам. Тым часам прамая дапамога Беларусі зьмяншаецца на амаль 15% і будзе роўная $8 мільёнам даляраў. Для параўнаньня, Малдова атрымае ў 3 разы болей сродкаў за Беларусь, а Ўкраіна - амаль 12 разоў болей - $94 мільёны даляраў, хоць фізычная сума дапамогі зьменшылася і для гэтых краінаў. Дапамога Беларусі (калі ня лічыць Туркмэністан) будзе самая малая ў параўнаньні з усімі незалежнамі краінамі былога Савецкага Саюзу.
Сярод замежных праграмаў бюджэту ёсьць адна цікавая новая праграма заахвочваньня: Millennium Challenge Account. Гэта праграма партнэрства з краінамі, якія сталі на шлях рэформ. Але паводле кіраўніка беларускага аддзелу ў Дзярждэпартамэнце ЗША Майкла Ўэгары, Беларусь тэарэтычна магла-б атрымліваць дапамогу па гэтай праграме, але наўрад ці пройдзе кваліфікацыйны стандарт. Дарэчы, пакуль невядомыя крытэрыі адбору краінаў, але вызначальнымі фактарамі будуць наяўнасьць дэмакратычных і эканамічных рэформаў.

Алеся СЕМУХА