ДЭЛЕГАЦЫЯ Ў ДЗЯРЖАЎНЫ ДЭПАРТАМЭНТ
Дэлегацыя ад беларуска-амэрыканскіх арганізацыяў у складзе сямёх асобаў (Вячаслаў Станкевіч, Вітаўт Кіпель, Ала Орса-Романо, Алекс Сільвановіч, Янка Запруднік, Алеся Кіпель і Алеся Сёмуха) 29-га траўня наведала Дзяржаўны Дэпартамэнт ЗША. Візыт стаўся працягам папярэдніх падобных спатканьняў ды асабістых гутарак з паасобнымі ўрадаўцамі, у тым ліку гутаркі са сп. Майклам Уягарам, загадчыкам Беларускага стала Дзярждэпартамэнту, у часе сёлетняга сьвяткаваньня ў Нью-Ерку 85-х угодкаў Акту 25-га Сакавіка.
Гэтым разам дэлегацыя паехала ў Вашынгтон з мэтаю абмену думкамі пра шляхі разьвіцьця беларускай дэмакратыі ў сувязі з надыходзячымі парляманцкімі выбарамі ў 2004-м ды прэзыдэнцкімі ў 2006-м годзе.
З дэлегацыяй сустрэліся, апрача сп. Уягары, намесьнік паддзяржсакратара па эўрапейскіх справах сп. Стыў Пайфэр і дырэктар аддзелу да справаў Украіны, Малдовы й Беларусі сп. Марк Таплін. Дэлегаты выказаліся ў падтрыманьне "Акту аб дэмакратыі ў Беларусі", які цяпер абмяркоўваецца ў Сэнаце ЗША, а таксама прапанавалі, каб быў зроблены перагляд мэтадаў фінансавае падтрымкі беларускіх няўрадавых арганізацыяў з тым, каб больш значэньня надавалася тым арганізацыям і праектам, якія накіраваныя на абарону дзяржаўнай незалежнасьці й разьвіцьцё беларускай нацыянальнай культуры.
У абмене думкамі адносна ролі Масквы ў спрыяньні дэмакратызацыі Беларусі - тое, на што разьлічвае Дзярждэпартамэнт - дэлегаты выказалі крытыку такога погляду, а таксама перакананьне, што Расея будзе заўсёды выкарыстоўваць палажэньне ў Беларусі ў сваіх імпэрскіх інтарэсах, ды што беларуская дэмакратыя павінна арыентавацца на эўрапейскія мадэлі й вартасьці.
Дэлегаты перадалі Дзяржаўнаму Дэпартамэнту мэмарандум з абгрунтаваньнем сваіх паглядаў і прапановаў.
(Я.З.)