ДРУК ЗЬ МІНУЛАГА
Зь Міколам Прускім гадамі трымалася сувязь, калі быў неабходны абмен інфармацыяй пра тое, што й дзе выдавалася й друкавалася ў вольных краінах, дзе пасьля Другой сусьветнай вайны апынуліся нашыя суродзічы з "раскіданых гнёздаў".
Адзін ліст ад яго паведаміў, што ў Канаду прыедзе слаўны й заслужаны паэт Сяргей Хмара. Сустракайце яго, памагайце, а ён паможа вам, калі поўнасьцю, на цэлую іхную даўжыню, разгорне свае творчыя крыльлі...
Пра такога крылатага паэта мне не давялося раней ніколі чуць аж да таго часу пакуль зь мюнхэнскай "Бацькаўшчыны" даведаўся, што ў Нямеччыне ў брытанскай зоне аформіўся гурт беларускіх пяцідзесятнікаў. Пытаньне: хто-ж іх там арганізаваў дый навошта?
Адказ зьявіўся ў 1949-м годзе, калі сам арганізатар, тут ужо ў Тароньце, прызнаўся, што гэтая шырма патрэбная была, каб украінскія канадыйскія пяцідзесятнікі фінансавалі яму, жонцы й дачушцы дарогу зь Нямеччыны ў Канаду.
А крылы гэныя, пра каторыя пісаў Панькоў, неўзабаве разгарнуліся. Як сам С. Хмара прызнаўся, вырасьлі яны ў яго ў польскай турме, дзе ён скончыў "камуністычны інстытут журналістыкі..."
На мой ліст Панькоў Мікола не адказаў. Ясна чаму...
У кнізу "Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945-1984)" М. Панькова на бачыне 49 знойдзеце наступнае:"1949 год. Кастрычнік. І - выйшаў "Беларускі эмігрант" - першы нумар часапісу беларускай эміграцыі газэтнага фармату; рэдактар Сяргей Хмара (Таронта)."
Перад намі той-жа нумар. Але ён ня першы, а пазначаны так:"Год ІІ, нр. 9(20), 1 кастрычніка, 1949. Рэдактар К. Акула. Орган ЗБК." Той самы часапіс, што пачаў выходзіць у Ашаве, люты 1948 г.
Чаму-ж Хмара Сяргей на такі фальш кінуўся? Яго з выдавецкага фонду газэты ў хуткім часе выкінулі, але свае здабытыя ў турме мудрасьці КІЖу практыкаваў ён пасьля даволі шырака, самога М. Панькова выкарыстаў ня раз...
На бачыне 115 наступнае:"Верасень, 1957 год. Кіраўніцтва беларускай сэкцыяй гішпанскага радыё перанялі Янка Сурвілла і Віктар Сянкевіч."
Такой сэкцыі пры гішпанскім радыё ў Мадрыдзе не было. Дзякуючы стараньням Янкі Сурвіллы, што ўжо ў лютым 1952-га году разам з Б. Рагулем залажыў у Мадрыдзе Беларускае Акадэмічнае Згуртаваньне, удалося стварыць беларускія перадачы, якія Менск глушыў.
Аўтар "Хронікі" інфармуе:"1958 год, сьнежань, пачатак штодзённых беларускамоўных радыёперадачаў... з Мадрыду, кіраўнік Віктар Сянкевіч."
Віктар Сянкевіч ніколі кіраўніком ня быў, а Янка Сурвілла, нарэшце, ажыцьцявіў сваю мару, стаўся кіраўніком праграмы, якую з сваёй жонкай Івонкай вялі там гадамі.
Мне трапіла аповесьць аднаго амэрыканца (на жаль, кнігі тойне захаваў), які апісвае, што ў савецкім ГУЛАГу, дзесьці ў Азэрбайджане, сустрэў дзьвёх беларусак, якіх укаралі таму, што яны не глушылі беларускамоўную праграму з радыё Мадрыд.
Гэтыя дзьве жанчыны былі зусім невінаватыя. Яны наставілі глушыцель у адпаведны час, адно ня ведалі, што гадзіньнік той ішоў няправільна й пазьніўся на якіх мінут дзесяць. І вось тады беларускія слухачы чулі з Мадрыду галасы Янкі і Івонкі Сурвіллаў.
У кнізе М. Панькова вялізная маса цікавага матэрыялу, адно дрэнна, што многа фальшывага. Відаць, што натхняўся ён тымі разгорнутымі фальшывымі крыльлямі.

К. Акула

АДКАЗ ВЫДАЎЦОЎ
"Друк зь мінулага" - гэтак надзвычай трапна назваў свой допіс у газэту пісьменьнік і грамадзкі дзеяч з Канады Кастусь Акула. Сапраўды, ягоны допіс вяртае нас у той час, калі нашыя эмі-грацыйныя выданьні поўніліся варажнечай паміж самымі рознымі групамі й групоўкамі. Вось і зараз, калі ўдзельнікаў тых падзей амаль не засталося, калі нават надыйшло новае стагодзьдзе, былыя крыўды не дазваляюць цьвяроза глядзець на зробленае - калі не самім сабою, дык іншымі.
Сп. Акула піша пра памылкі аўтара, называючы іх "фальшаваньнем". Цяжка сёньня адказаць выдаўцам кнігі, чаму аўтарам было напісана тое ці іншае, якія памкненьні рухалі ім. Затое выдаў-цы могуць сказаць, што падчас падрыхтоўкі рукапісу да друку зьвярталіся не да аднаго дзеяча эміграцыі, сьведкаў ды ўдзельнікаў тых падзеяў, з пытаньнямі, просьбамі дапамагчы праверыць факты, спраўдзіць імёны. Мала хто згадзіўся. Імёны тых, хто дапамагалі, надрукаваныя ў кнізе. Але адмоваў было болей, у тым ліку і ад Сп. Акулы.
Магчыма, каб зацікаўленыя й дасьвед-чаныя людзі адгукнуліся на просьбы аб дапамозе своечасова, з думкаю аб карыснасьці справы, можна было-б пазьбегнуць і натуральных памылак, і надуманага "фальшаваньня".

Л. Юрэвіч