СЬВ. ПАМ. АЛЕГ ДУБЯГА
13.05.1928 - 25.06.2002
Алег нарадзіўся ў сям'і заможнага селяніна ў фальварку Асінаўка Вялейскага раёну. Бацька Нікадэм і маці Софія працавалі на сваёй вялікай гаспадарцы. У часе вайны фальварак спалілі бальшавікі, ад якіх давялося ўцякаць на Захад.
Маладога Алега Дубягу можна пабачыць на супэрвокладцы Максімюковае кнігі "Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне (1945-1950)". Стаіць у скаўцкай уніформе. У 1948-м годзе быў вучнем 6-й клясы гэтай гімназіі, а ў сакавіку наступнага году здаў экстэрнам матуральныя зкзамены й атрымаў пасьведчаньне сьпеласьці.
Два біяграфічныя факты ў Алегавым жыцьці - належаньне да беларускага скаўтынгу й заканчэньне беларускай гімназіі - гавораць шмат аб чым, а найперш аб ягоных перакананьнях ды зьвязанай зь імі грамадзкай працы. Алег стаўся добрым прыкладам таго багатага плёну, які пакінулі па сабе настаўнікі гімназіі. Усё далейшае жыцьцё ён трымаўся свае грамады, быў ейным актыўным сябрам.
У Злучаныя Штаты Алег прыехаў асобна ад бацькоў у 1950-м годзе. Жыў спачатку ў Тэксасе. Адтуль пасьля кароткага часу перабраўся да бацькоў у Саўт-Рывэр, Нью Джэрзі. Тут неўзабаве быў змабілізаваны ў войска. Адбыў на фронце Карэйскую вайну. Вярнуўшыся цэлым, ажаніўся ў 1954-м одзе з Жэняй Ліцягай, сяброўкаю зь міхэльсдорфскае гімназіі. У іх нарадзілася двое сыноў, Юльлян і Тамаш.
Алег і Жэня ніколі не заставаліся збоку грамадзкага й рэлігійнага жыцьця. Былі аднымі з заснавальнікаў парафіі Божае Маці Жыровіцкае БАПЦ у Гайленд Парку. Калі пад канец 1950-х гадоў прыхаджае парафіі набывалі царкоўны будынак, сям'я Дубягаў разам зь сем'ямі П. і М. Кажураў, М. і О. Сільвановічаў ды В. і Г. Русакоў згадзіліся даць свае дамы пад заклад за пазыку на куплю царквы. Банк, пабачыўшы такую наважнасьць прыхаджанаў, прызнаў пазыку без іпатэкі.
Алег, працуючы ў Контэйнэр Корпорэйшэн оф Амэрыка, быў дзейным сябрам парафіі, у 80-х і на пачатку 90-х гадоў цэлае дзесяцігодзьдзе старшыняваў у парафіяльнай радзе. Заўсёды быў гатовы падтрымаць грамадзкую ці культурную ініцыятыву, не шкадаваў на добрую справу грашовага ахвяраваньня. Адзначаўся лагодным характарам і аптымістычным паглядам на справы. Алег з Жэняй належаць да тае катэгорыі людзей, якая становіць трывалую аснову рэлігійна--грамадзкага жыцьця.
Абрад пахаваньня памерлага выканаў а. Вячаслаў, часовы апякун парафіі Жыровіцкай Божай Маці. За памінальным сталом разьвітальнае слова ад імя парафіяльнай рады сказаў ейны старшыня сп. Віктар Дубяга. Пахаваны нябожчык на беларускім могільніку ў Іст Брансўіку. Вечная яму памяць.

Янка ЗАПРУДНІК