Думка чытача

Перадаваньне спадчыны
У газэце "Народная Воля" зьмешчаны цікавы артыкул Уладзімера Арлова пад загалоўкам "Дзьве Беларусі - выбар за намі...", што азначае адную Беларусь афіцыйную, а другую - запраўдную беларускую. У артыкуле закранаецца пралётам век уздыму, а таксама і смутныя часы. Такая-ж характэрнасьць ёсьць і ў іншых народаў. Большую ўвагу аўтар зьвяртае на падпарадкаваную Беларусь царскай Расеяй, Саветамі ды цяперашнім рэжымам асабліва. Падаюцца, не бяз рацыі, прычыны такога стану, у якім Беларусь сёньня знаходзіцца, як, напрыклад, адкрытасьць тэрыторыі, на якой знаходзяцца скрыжаваньні эўрапейскіх шляхоў, амбіцыяў і інтарэсаў. Прычынілася да нашага ўпадку і тое, што Беларусь была міралюбівая па характару і абкружаная зладумнымі суседзямі. З распадам Саветаў і беларусам удалося аддзяліцца ў сваю дзяржаву, але з выбарам прэзыдэнта пачаліся атакі на ўсё, што ёсьць беларускае - усюды ўводзіцца расейшчына.
Вось урыўкі цьверджаньняў Арлова ў артыкуле пра шкоду, якую прыносіць школа, дапаможнікі, падручнікі ды наагул афіцыйная прэса: ...мы зьяўляемся сьведкамі яшчэ адной найноўшай спробы цынічнага рэдагаваньня, як далёкай, так і зусім блізкай гісторыі ў афіцыйных выданьнях, падручніках, энцыкляпэдыях. ...Даверлівы вучань мог даведацца, напрыклад, што нашых продкаў вечна нехта заваёўваў і прыгнятаў: спачатку літоўскія фэадалы, пасьля польскія..., ...спасьцігнуўшы "навуку" па такіх, з дазволу сказаць, падручніках, выпускнік школы ці інстытута разам з атэстатам або дыплёмам і комплекс гістарычнай, а значыць, і нацыянальнай непаўнавартасьці атрымліваў.
На гвалт патаптаньня беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў, парушэньне чалавечых правоў, зьдзек над беларускім народам Арлоў паабяцаў сабе пасьля рэфэрэндуму 1995-га году не прамінуць ні аднаго запрашэньня на сустрэчу з чытачамі, вучнямі ці грамадзтвам. На выклік прыгнятальнікаў, кажа Арлоў, мы павінны адказаць узмацненьнем пазыцыяў нашай беларускай Беларусі.
Задаючы самыя сабе пытаньне, ці навучыліся мы жыць дэмакратычна, выхоўваць дзяцей у адпаведнасьці з гэтымі марамі й ідэямі, Уладзімер Арлоў дае адказ канкрэтны - навучае, укладае і выдае падручнікі па гісторыі Беларусі ды іншыя кнігі, піша артыкулы, выступае як лектар, дакладчык, вядзе гутаркі на сустрэчах. Словам, дае прыклад, як трэба жыць і дзейнічаць.
Варта тут зьвярнуць яшчэ ўвагу на іншы сродак масавага пашырэньня беларускасьці - гэта распрацаваньне канспэктаў-лекцыяў па беларускай мове для вучняў 7-15 гадоў, па гісторыі Беларусі для юнакоў і юначак 15-23 гадоў, якія можна было-б лёгка распаўсюджваць па Беларусі.
Што да існуючых школаў, мы хочам ці не, але моладзь мусіць празь іх праходзіць, але памяць і ўсю набытую спадчыну, сваю беларускую, можам перадаць ёй толькі праз прыватна-хатняе навучаньне. Яно называецца часам завочнымі курсамі.
Арм