Дзень Сьв. Еўфрасіньні ў Саўт-Рывэры
Паміж беларускаю грамадою Саўт-Рывэру (штат Нью-Джэрзі) і гарадзкою ўправаю гораду (16.000 жыхароў) заўсёды былі вельмі добрыя дачыненьні. Некалі, на пачатку 1970-х гадоў, калі беларускі актыў задумаў будаваць сваю царкву імя Сьв. Еўфрасіньні Полацкай, гарадзкая ўправа паспрыяла набыцьцю адпаведнага пляцу ня толькі пад царкву, але і пад вялікі грамадзкі будынак, а таксама дом для сьвятара. Зямлі хапіла нават, каб насадзіць дрэваў, што вырасьлі ў прыгожы парк.
Ад часу пабудовы каля царквы вялікага будынку Беларуска-Амэрыканскага Грамадзкага Цэнтру (БАГЦ) гарадзкая ўправа карысталася пры розных сваіх патрэбах заляю БАГЦ задарма. Сваю ўдзячнасьць за такую шчодрасьць управа гораду выказала 10-га лістапада сёлета адмысловай урачыстасьцю, на якую была запрошаная дэлегацыя ад прыходу Сьв. Ефрасіньні Полацкай. Узначаліў дэлегацыю а. Стаўрас, настаяцель царквы, пры якой адбываецца найбольш рэлігійных і грамадзка-культурных падзеяў. У дэлегацыю сярод іншых увайшлі сп. сп. Уладзімір Літаровіч і Міхась Сенька ад царкоўнай рады, спн. Елізавета Літаровіч ад царкоўнага хору, спн. Анастасія Мэцгер ад групы моладзі ды спн. спн. Марыя Мэцгер і Анна Робэртсан ад прыхаджанаў.
Мэр гораду Робэрт Сэгеты ў прысутнасьці сяброў гарадзкой рады ўручыў настаяцелю прыходу а. Стаўрасу грамату, у якой ад імя жыхароў гораду выказаная ўдзячнасьць прыхаджанам царквы Сьв. Еўфрасіньні Полацкай за надзвычайную шчодрасьць у даваньні магчымасьцяў карыстацца заляй БАГЦ. Граматай дзень 10-га лістапада 2003-га году быў абвешчаны Днём Сьвятой Еўфрасіньні Полацкай.
Айцец Стаўрас у словах падзякі спаслаўся на словы псалому (70/71:18), у якім выказаная просьба да Бога, каб той даў змогу старэйшым людзям пераказаць мудрасьць Божую наступнаму пакаленьню. Гэта тое, сказаў а. Стаўрас, чым займаецца царква Сьв. Еўфрасіньні Полацкай. Ен зазначыў, што Беларуска-Амэрыканскі Грамадзкі Цэнтар стаўся месцам перахоўваньня і культываваньня беларускіх традыцыяў, праваслаўнай веры й культурнай спадчыны.
У Саўт-Рывэры й ваколіцах апошнімі гадамі пасяліліся новыя таленавітыя людзі зь Беларусі. Яны далучаюцца да свае грамады, узбагачаюць яе, шчыра працуюць і ўзмацняюць надзею, што лучнасьць пакаленьняў будзе забясьпечаная на далейшую будучыню. Шмат спрыяе гэтаму самаахвярная праца новага душпастыра прыходу а. Стаўраса.
(Я.З.)

Беларуская дэлегацыя падчас уручэньня Граматы мэрам Робэртам Сэгеты.