ЭТНАЦЫД У БЕЛАРУСІ
Этнацыд у Беларусі ўступіў у новую, адкрытую фазу. Масква адкінула нават прымітыўны камуфляж, які ўжываўся раней. Аб зьнішчэньні беларускай мовы, літаратуры, аб забароне беларускага нацыянальнага жыцьця, аб перасьледзе беларускіх пісьменьнікаў за пісаньне па-беларуску ўлады рэжыму пачалі гаварыць афіцыйна, адкрыта і дзейнічаць адпаведным чынам. Тыповым прыкладам зьяўляецца стварэньне цэнзурнага голдынга над беларускімі літаратурнымі часапісамі, перасьлед рэдактараў і пісьменьнікаў. Пяройдзены яшчэ адзін рубеж у акупацыйнай палітыцы. Калі гэты наступ беларусы ня спыняць, то палітыка этнацыду будзе разьвівацца далей. Разам з поўнай стратай эканамічнага і палітычнага суверэнітэту, калі прасторы Сібіры стануць даступнымі для чыннасьці акупацыйнай адміністрацыі ў Беларусі, пачнецца высылка актыўных і вядомых беларусаў у Сібір і наступнае там фізычнае іхнае зьнішчэньне. Калючы дрот у фінале такой палітыкі, пацыфікацыя, расстрэлы, бежанства і выміраньне - забясьпечаныя. Там, дзе існавала гэтакая палітыка, не было іншых варыянтаў і іншых прыкладаў у гісторыі.
Фаза адкрытага этнацыду ёсьць заўсёды небясьпечная фаза, бо яна пераходная да горшага.
Небясьпечная яна яшчэ і тым, што практыкуецца ў асьлепленым грамадзтве, якое можа цярпець і выміраць, але ня ў стане разумець прычыны сваёй бяды й гатовае дзячыць гвалтаўніку. Пакаленьні беларусаў, якіх Масква зьнішчала за тое, што яны беларусы, так і не зразумелі, чаму іх забівалі, і, стоячы на краі Курапацкай ямы, за тры секунды да расстрэлу, задавалі бязглуздае пытаньне: "За што?"
А нядаўна наш вялікі паэт, якому не дазволілі чытаць для моладзі свае вершы, шчыра зьдзіўляўся: "Ну якая-ж палітыка ў маіх вершах пра каханьне?"
Відаць, падразумевалася, што калі па-беларуску пісаць вершы не пра палітыку, а пра каханьне, то Масква дазволіць яму існаваць. І ўсёй беларускай літаратуры таксама.
На жаль, мы вымушаныя канстатаваць, што нават самы страшны, самы тыповы й шмат паўтораны вопыт гісторыі (як, напрыклад, досьвед 30-х гадоў мінулага стагодзьдзя) беларусамі не засвойваецца і ня робіцца адэкватных высноваў. Прычыны гэтага нам вядомыя. Але вядомыя яны часткова і ворагам беларушчыны, якія лічаць, што псыхіка нашае нацыі зламаная і можна яе цяпер душыць адкрыта, каб выклікаць самазьнішчэньне.
Што трэба ведаць?
Беларусы, якія адукаваныя ў гісторыі ды палітыцы, якія здольныя аналізаваць і асэнсоўваць, павінны ўсьведаміць галоўную мэту расейскай палітыкі ў Беларусі. Гэта - ліквідацыя беларускай дзяржаўнасьці, уключэньне беларускай тэрыторыі ў зону расейскіх інтарэсаў, расейскай адміністрацыі й пакрокавае вынішчэньне беларускай нацыі. Беларусь замінае Расеі. Паводле Масквы, Беларусь мусіць быць ліквідаваная.
Калі гэтая відавочная і дэманстратыўная зразумеласьць будзе, нарэшце, усьвядомленая беларускай элітай, то зьнікнуць прынамсі ілюзіі ды ідыёцкія пытаньні: "За што?". Можа стануць шукаць шляхоў, як змагацца зь вечнай навалай.
Што мы мусім рабіць? Як дзейнічаць?
Неабходна пратэставаць па кожным выпадку этнацыду, па кожным факце;
- дакладна фіксаваць усе факты этнацыду, ягоных спраўцаў і пацярпелых;
- даводзіць гэтыя факты да беларускай і міжнароднай грамадзкасьці з растлумачэньнем мэтаў і зьместу маскоўскай палітыкі этнацыду ў Беларусі;
- патрабаваць асуджэньня расейскай палітыкі этнацыду ў Беларусі ад такіх міжнародных арганізацыяў, як АБСЭ, Г'юман Райтс Вотч, Міжнароднай Амністыі (да гэтага часу арганізацыяў некарысных ці нават шкодных у справе беларускай дэмакратыі й незалежнасьці);
- паставіць пытаньне аб расейскім этнацыдзе ў Беларусі перад Арганізацыяй Аб'еднаных Нацыяў і патрабаваць прыняцьця рэзалюцыі асуджэньня гэтай палітыкі й прыняцьця канкрэтных захадаў супраць рэжыму, які такую палітыку ажыцьцяўляе;
- уключыць пытаньне пра этнацыд у падрыхтоўку Ўсебеларускага Сходу па абароне беларускай мовы ад зьнішчэньня і ўдакладніць тэму Сходу як задачу: Аб супраціўленьні этнацыду беларускага народа і абароне беларускай мовы ад зьнішчэньня;
- паставіць афіцыйна, пісьмова і канкрэтна (з прывядзеньнем прыкладаў і фактаў) перад кожнай беларускай партыяй, арганізацыяй і афіцыйнай установай пытаньне аб адносінах да этнацыду беларусаў. Прасіць абавязковага адказу на гэтае пытаньне. Дзеля гэтае працы стварыць грамадзкую Камісію ў складзе няменш трох асобаў;
- сумесна з моладзьдзю арганізаваць негвалтоўнае супраціўленьне этнацыду. Зьдзек над беларусамі й адкрытае вынішчэньне ўсяго беларускага ня мусяць заставацца беспакараным;
Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Беларускага Народнага
Фронту "Адраджэньне"