Акцыі пратэсту ў Заходняй Эўропе
З блаславеньня сьвятара беларускай вуніяцкай царквы г. Антвэрпану айца Яна 4-га лістапада 2003-га году ў Францыі, Бэльгіі, Галяндыі ды Чэхіі беларускімі арганізацыямі палітычных уцекачоў праведзены шэраг пікетаў супраць дыктатарскага рэжыму А. Лукашэнкі.
Першымі акцыю пачалі прадстаўнікі Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня (БЭЗ). У Парыжы а 9-й гадзіне раніцы яны правялі пікет ля будынка, дзе ў гэты час праходзіла паседжаньне адмысловай камісіі па справах зьніклых палітыкаў. 10 чалавек, якія адмыслова прыехалі з Бэльгіі, сталі каля галоўнага ўваходу, трымаючы плякаты ды нацыянальныя сьцягі.
Акцыя выклікала вялікую зацікаўленасьць дэпутатаў. Да пікетчыкаў выйшаў прадстаўнік камісіі Богдан Кліх. Зь ім адбылася 15-хвілінная размова.
Працягам стаў пікет Беларускага Цэнтру ў Бэльгіі, на якім прысутнічала больш за 20 чалавек. Пікет адбыўся а 11-й гадзіне каля беларускай амбасады ў Бруксэлі.
Зьвяз Беларусаў Галяндыі пікетаваў беларускі кансулят у Гаазе. У пікеце ўдзельнічалі больш за 10 чалавек.
У Празе акцыю правялі сябры Зьвязу Беларусаў Замежжа.
Асаблівую падзяку хочам выказаць нашым актыўным удзельнікам Гурскаму, Хівуку, Залатару, Грыню, Прадуха, Трубчак, Жук, Войтка, Самусевіч, Навіцкаму, Саевіч.
Прэс-сакратар БЭЗ
Аркадзь ВАСІЛЕЎСКІ
Удзельнікі пікету ў Бэльгіі.
Сп. Багдан КЛІХ размаўляе з пікетоўцамі ў Парыжы.
Беларускія пікетоўшчыкі ў Гаазе (Галяндія).