ПРА ЛЁС АРХІВУ ГЕНЭРАЛА ЕЗАВІТАВА
Падчас Другое сусьветнае вайны Беларусь згубіла ня толькі мільёны сваіх грамадзянаў, але й незьлічоныя культурныя каштоўнасьці, у тым ліку і архівы. Каштоўны прыватны архіў і бібліятэку ў Рызе меў генэрал-маёр Кастусь Езавітаў.
Пакідаючы сталіцу Латвіі ў 1944-м годзе, калі Чырвоная Армія пачала да яе падыходзіць, Езавітаў ня змог забраць з сабою свайго архіву. Ім апекавалася гаспадыня ягонага дому. Апынуўшыся ў Бэрліне на пасадзе начальніка Галоўнага Кіраўніцтва Вайсковых Справаў Беларускай Цэнтральнай Рады (ГКВС БЦР), Кастусь Езавітаў пачаў рабіць захады, каб выратаваць свае зборы з Рыгі, якую яшчэ ўтрымлівалі нямецкія войскі. Гэтае адказнае і небясьпечнае заданьне напрыканцы 1944-га атрымалі два маладыя дэсантнікі беларускага спэцыяльнага батальёну "Дальвіц" Мікола Рулінскі й Філіп Давідчык. З рознымі прыгодамі, праз Шаўлі й Лібаву, яны здолелі дабрацца да Рыгі й з дапамогаю мясцовай настаўніцы, знаёмай Езавітава, знайсьці ягоны дом. Там яны два дні й дзьве ночы зьбіралі найбольш каштоўныя рэчы, дакумэнты, перапіску, кнігі ў тры вялікія, зьбітыя з дошак, скрыні. Іх яны й даставілі ў Бэрлін, праз Лібаву і Гданьск, хоць у вяртаньне дэсантнікаў, напэўна, ужо ніхто ня верыў… Мікола Рулінскі ўспамінае: "Езавітаў нас абняў. Мы прывезьлі ягоныя асабістыя рэчы: кашулі, патэфон з пласьцінкамі, сярод якіх была і пласьцінка "Мы выйдзем шчыльнымі радамі!". Ен вельмі задаволены быў, кажа: "Хлопцы, вы з таго сьвету зьявіліся!". Падзякаваў. Праз месяц пасьля таго далі мне мэдаль беларускі "За воінскую доблесьць" зь мячамі".
У пачатку 1945-га году Беларуская Цэнтральная Рада эвакуявалася зь Бэрліну ў Гёкстэр. Пераехала туды й Галоўнае Кіраўніцтва Вайсковых Спраў БЦР, разам з усімі архівамі. Генэрал-маёр Кастусь Езавітаў яшчэ на нейкі час затрымаўся ў Бэрліне ды падтрымліваў сувязь са сваімі супрацоўнікамі празь перапіску. Яна захавалася і зь яе мы можам даведацца пра лёс архіву Езавітава.
Надлейтэнант Віталь Кажан 22-га лютага 1945-га году пісаў з Гёкстэру ў Бэрлін Кастусю Езавітаву:
"Паважаны Спадар Палкоўнік!*
Вельмі Вас, Спадару Палкоўніку, перапрашаю, што да гэтага часу нічога Вам не напісаў. Прычына гэтаму - думаў, што Спадар Палкоўнік выехаў з Бэрліна. Усе нашыя акты БКА, і як і рэчы Спадара Палкоўніка давезены і ўпарадку перахоўваюцца на месцы нашага затрыманьня, значыць у Гохтэры над Вэзэрай...". (НАРБ, ф.383, в.1, спр.6, арк.339, рукапіс)
Больш падрабязна пра тое, як і дзе перахоўваўся архіў Езавітава ў той час яму напісаў начальнік канцылярыі ГКВС капітан Аляксей Васіленя. У рапартах ад 23-га лютага 1945-га году чытаем: "Кіраўнік філіі ГКВС у Вэстфаліі п.палк. Ружанцоў выехаў у Бэрлін, ндлт. Сангайла - Станевіч зусім не прыехаў у Гэкстэр, памешканьня для канцылярыі няма. У сувязі з гэтым, праца філіі ГКВС не вядзецца.
У адносінах да пэрсанальнага складу працаўнікоў філіі ГКВС у Вэстфаліі, - паўторна прашу пакінуць на працы ў філіі ндлт. Кажана Віталія…
Скрынкі з канцылярыяй філіі ГКВС і Вашым архівам, знаходзяцца пад маёй апекай і дапамога ндлт. Станевіча, у часе перагрузак і перавозаў, будзе вельмі слабай". (НАРБ, ф.383, в.1, спр.6, арк.341, машынапіс, арыгінал)
Гэкстэр, 23 лютага 1945 г
"Начальнік Канцылярыі .
Галоўнага Кіраўніцтва
Вайсковых Спраў БЦР
Кіраўніку Вайсковых Спраў БЦР
у Бэрліне
Р а п а р т На №2051
Даношу, што праца канцылярыі ГКВС зусім не вялася і цяпер не вядзецца дзеля таго, што часова затрымаліся мы ў памешканьні школы і ўсе рэчы ды канцылярыя зложаны ў асобным пакоі, а скрынкі з Вашым архівам стаяць у калідоры. Распакавацца і разлажыцца канцылярыі няма дзе. Справа з памешканьнем для нас і канцылярыяў філіі БЦР нечаму адцягваецца.
З мамэнту раскватараваньня - праца канцылярыі ГКВС распачнецца і будзе вясьціся паводле Вашых указаньняў.
/А. Васіленя Адм. капітан/
Начальнік Канцылярыі."
(НАРБ, ф.383, в.1, спр.6, арк.343, машынапіс)
Пройдуць яшчэ два месяцы і генэрал-маёр Кастусь Езавітаў будзе захоплены "Сьмершам". Бальшавікам дастанецца і частка ягонага архіву, якая ў 1990-ыя будзе перададзеная з архіву КДБ у Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Іншая частка архіву генэрала Езавітава была вывезеная на Захад. Эміграцыйны бюлетэнь "Вольнае слова" яшчэ ў красавіку 1949-га году пісаў, што частка архіўных збораў Езавітава яшчэ ў Гёкстары трапіла ў рукі Аляксея Сянькевіча і Анатоля Шкуткі. Людзей гэтых ужо няма ўжывых. У Аўстраліі памёр і Аляксей Васіленя. Але яшчэ застаюцца жывыя сьведкі тых падзеяў, якія маглі-б распавесьці нешта новае пра лёс архіўных збораў беларускага генэрала.

Сяргей ЕРШ
* Насамрэч, на гэты час Езавітаву ўжо была пацьверджана ранга генэрал-маёра, атрыманая ім яшчэ ад Ураду БНР.