Фэномэн беларускага пiсьменства
4-га верасьня ў Цэнтральнай навуковай бiблiятэцы iмя Я. Коласа Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi адбылася прэзэнтацыя каталёга "Рукапiсы беларускiх татараў канца XVII - пачатку XX ст. з калекцыi ЦНБ НАН Беларусi", была разгорнутая выстава кнiгаў з фонду аддзелу рэдкiх кнiгаў i рукапiсаў. Мерапрыемствы прымеркаваныя да IX Мiжнароднай навукова-практычнай канфэрэнцыi "Цюркскiя народы ў гiсторыi Беларусi", арганiзатарамi якое выступiлi ЦНБ НАН Беларусi, Цэнтар нацыянальных культур Мiнiстэрства культуры РБ, Беларускае грамадзкае аб'еднаньне татараў "Зiкр уль-Кiтаб", Мусульманскае рэлiгiйнае аб'еднаньне ў Рэспублiцы Беларусь.
Рукапiсныя кнiгi зьявiлiся ў Беларусi ў X-м стагодзьдзi й пражылi доўгi век: iснавалi да пачатку кнiгадрукаваньня i пазьней, паралельна зь iм. Нездарма кнiгапiсаньне ва ўсiх канфэсiях лiчылася пачэснаю справаю, а рукапiсныя рэлiгiйныя кнiгi - свяшчэннымi.
Полiэтнiчнасьць i полiканфэсыйнасьць жыхароў беларускiх зямель у XIV-XVIII стагодзьдзях абумовiлi выкарыстаньне для кнiгапiсаньня ня толькi розных моваў, але i розных альфабэтаў, прычым для беларускай мовы выкарыстоўвалiся тры алфабэты: кiрылiчны, лацiнскi й арабскi. Арабскiмi лiтарамi пiсалi свае рукапiсныя кнiгi беларускiя татары-мусульмане.
У Цэнтральнай навуковай бiблiятэцы iмя Я. Коласа Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi захоўваецца калекцыя рукапiсаў беларускiх татараў канца XVII - пачатку XX ст. Супрацоўнiкамi аддзелу рэдкiх кнiгаў i рукапiсаў бiблiятэкi падрыхтавана навуковае апiсаньне кнiгаў, складзены каталёг калекцыi. 4-га верасьня ўдзельнiкi IX Мiжнароднай навукова-практычнай канфэрэнцыi, госьцi й чытачы бiблiятэкi азнаёміліся з гэтымi рарытэтамi.
Старыя рукапiсныя кнiгi ажывілі некаторыя старонкi нашай гiсторыi. У другой палове XIII ст. Вялiкае Княства Лiтоўскае пачало хутка пашырацца, для далучэньня новых зямель i iх абароны патрэбнае было войска. Татары былi выдатнымi ваярамі. Вiтаўт (1350-1430), найвыдатнейшы й прадбачлiвы з усiх уладароў Вялiкага Княства, асаблiва спрыяў iх пасяленьню ў краiне. Ен дазволiў iм ня толькi браць жонак зь мясцовага насельнiцтва, але i выхоўваць дзяцей, народжаных у такiх шлюбах, у веры бацькi.
Сваяцкiя, блiзкiя сацыяльныя i эканамiчныя сувязi зь мясцовым насельнiцтвам садзейнiчалi таму, што татары, выхадцы з розных плямёнаў, хутка страцiлi сваю родную мову. Да сярэдзiны XVI стагодзьдзя бальшыня беларускiх татараў ня ведалi цюркскай мовы й паслугоўвалiся беларускаю i польскаю. Рэлiгiя (iслам) заставалася адзiнаю сфэраю, у якой захавалася адметнасьць тутэйшых татараў.
Каштоўнаю часткаю культурнай спадчыны беларускiх татараў стала лiтаратура на беларускай мове арабскiм пiсьмом. Творы такога роду ўяўляюць сабою рукапiсы, напiсаныя арабскаю вязьзю, якая чытаецца ў звычайнай для арабскага пiсьма манэры справа налева.
Лiтаратура татараў мае рэлiгiйны характар i цесна зьвязаная з мусульманскай вераю. Сярод твораў беларускiх татараў параўнальна мала арыгiнальных працаў, у асноўным гэта пераклады з розных усходнiх крынiцаў. Гэтыя творы можна падзялiць на некалькi групаў.
У першую чаргу гэта Кур'аны, свяшчэнныя кнiгi мусульманаў. Для Кур'анаў, створаных у Беларусi, уласьцiва наяўнасьць невялiкай прадмовы на мясцовай гаворцы, што знаёмiць з падрыхтоўкаю да чытаньня Сьвятога пiсаньня. На выставе прадстаўленыя 4 рукапiсныя Кур'аны XVII - XIX стагодзьдзяў.
Для беларускiх татараў асаблiвае значэньне мелi тэфсiры. Хоць арабскае слова "тэфсiр" звычайна азначае "камэнтар", беларускiя тэфсiры па сутнасьцi зьяўляюцца перакладамi Кур'ана зь некаторымi элемэнтамi камэнтара. Яны ўключаюць Кур'ан, напiсаны на арабскай мове, у якiм пад кожным гарызантальным радком арабскага тэксту наўскос запiсаны пераклад на польскую i беларускую мовы. У Цэнтральнай навуковай бiблiятэцы Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi захоўваецца тэфсiр 1686-га году, якi зьмяшчае старэйшую копiю (з тых, што захавалiся i ведамыя) перакладу Кур'ана на польскую мову. "Малодшы" тэфсiр з кнiгазбору бiблiятэкi быў напiсаны ў XIX стагодзьдзі.
Большасьць рукапiсаў беларускiх татараў, акрамя тэкстаў на беларускай, польскай мовах i на iх "сумесi", як i трэба было чакаць, зьмяшчаюць тэксты на арабскай i цюркскiх мовах. У складзе рукапiсаў сьпiсы з усходнiх тэкстаў, пераклады з усходнiх крынiцаў на беларускую i польскую мовы, арыгiнальныя тэксты на мясцовай гаворцы. Такiм чынам, гэтыя шматмоўныя лiтаратурныя помнiкi цiкавыя i для арыенталiстаў, i для славiстаў. У адрозьненьне ад кiрылiчных помнiкаў, мова беларускiх тэкстаў, напiсаных арабскiм пiсьмом, вельмi цесна зьвязаная з гутарковаю моваю. Для больш дакладнай перадачы мясцовага вымаўленьня ў арабскi алфабэт былi дададзеныя некалькi лiтараў, у тым лiку лiтары для абазначэньня гукаў "дз" i "ц", уласьцiвых беларускаму вымаўленьню ("дзеканьне" i "цеканьне").
Знаёмства з рукапiсамi беларускiх татараў канца XVII - пачатку XX стагодзьдзяў раскрые цiкавыя старонкi гiсторыi, дапоўнiць веды пра беларускую культуру. Сапраўды можна ганарыцца нашым пiсьменствам, у тым лiку i арабскаграфiчным.
Алена ЦIТАВЕЦ
"Зьвязда"