БЕЛАРУСКІ ФЭСТЫВАЛЬ
У залі Катэдральнага Сабору Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне (401 Атлянтык Эвэню) 20-га кастрычніка адбыўся Беларускі Фэстываль. Адкрыў і вёў яго сп. Юрка Васілеўскі, які прывітаў прысутных ад імя парафіяльнай рады й выказаў спадзеў, што беларускія імпрэзы будуць прыцягваць больш і больш нашых суродзічаў. Затым з прывітальным словам выступіў Старшыня Галоўнай Управы БАЗА сп. Антон Шукелойць, які распавёў прысутным пра гісторыю набыцьця будынку Сабору, пра ягонага першага настаяцеля а. Хведара Данілюка і падзяліўся ўспамінамі пра беларускае жыцьцё ў Брукліне ў 1950-я гады.
Затым адбыўся канцэрт сьпевакоў і музыкаў Ліды Кано, Тацьцяны Дзямешчык, Рымы Пракопчык. Прысутныя з задавальненьнем паслухалі папулярныя беларускія песьні й мэлёдыі.
У залі можна было пакаштаваць беларускія нацыянальныя стравы - дранікі, калдуны, мачанку ды інш., падрыхтаваныя стараньнем сп-ва Зоі й Міколы Вашкевічаў.
Экспанавалася выстава працаў фотамастака Алеся Крыштаповіча, выстава рэпрадукцыяў беларускіх краявідаў Напалеона Орды, архітэктурных помнікаў Беларусі й фотаздымкаў з гісторыі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, падрыхтаваная сп. Сяргеем Капыткам. Прысутныя маглі таксама агледзець калекцыі беларускіх паштовых марак сп. сп. Юркі Касьцюкевіча і Кастуся Вераб'я, а таксама калекцыю беларускай керамікі сп. Ю. Касьцюкевіча.
Напрыканцы імпрэзы быў прасьпяваны беларускі рэлігійны гімн "Магутны Божа".

Віталь ЗАЙКА