ГАДЫ ІШЛІ...
26-га красавіка споўніцца 16 гадоў ад дня, калі выбухнуў Чарнобыль.
Як учора памятаю тую раніцу, калі з мужам пачула вестку аб выбуху ядзернай электрастанцыі ў Савецкім Саюзе.
Я падумала:"Мой Божа, хаця-ж каб не ў Беларусі!"
Цяжка апісаць крыўду, якую мы адчулі, калі зразумелі, што Беларусь была забруджаная, бо "ядзерную хмару вецер пагнаў з Украіны на поўнач". Здавалася, што ўсё, што дасюль рабілася, страціла сэнс. Дарэмнымі былі ўсе нашыя высілкі на працягу паўстагодзьдзя, каб памагчы Беларусі стацца незалежнай дзяржавай.
Праўда, па пэўным часе мы паспакайнелі. У ядзерным аддзеле Міністэрства Здароў'я Канады нам сказалі, што няма чым праймацца. Маўляў, "весткі з Савецкага Саюза добрыя, нічога катастрафічнага ня сталася."
Зь Беларусі таксама не было вестак аб катастрофе. Ды так хацелася верыць, што сапраўды, як тут кажуць:"Калі няма вестак, гэта значыць, што ўсё ў парадку"...
Толькі тры гады пазьней мы зразумелі, што нам хлусілі. У 1989-м годзе беларускія газэты пачалі пісаць аб перапоўненых шпіталях, пачалі друкаваць здымкі хворых дзетак, пачалі прасіць людзей добрай волі ўсяго сьвету, каб памаглі. Памятаю, у нашай хаце тады мы толькі аб гэтым і думалі, і гаварылі. Хутка паўстала думка падзяліцца з Канадаю нашым няшчасьцем, пачаць зьбіраць сродкі, каб купляць ды высылаць у Беларусь лекі ды усё іншае, чаго там не хапала. Даведалася, што а. Надсан у Англіі ўжо пачаў гэта рабіць. Думалі, што мо далучымся да яго.
Першы, хто падумаў аб патрэбе стварыць у Канадзе афіцыйную зарэгістраваную дабрачынную арганізвцыю, быў мой муж Янка. Гэта была ягоная ўмова, каб браць адказнасьць за грошы. Бо-ж да зарэгістраванай арганізацыі, пад поўным кантролем канадыйскай адміністрацыі, ніхто ня зможа прычапіцца... Зіна Гімпелевіч далучылася да нас, як толькі мы падзяліліся зь ёю нашымі намерамі. Трэйцяю асобаю, якая нам спатрэбілася, каб зарэгістраваць Канадыйскі Фонд Дапамогі Ахвярам Чарнобыля ў Беларусі, згадзілася быць нашая сяброўка Паліна Пашкевіч, народжаная ў Канадзе, але бацькі якой паходзілі з Палесься. Зь Янкам узяліся за працу ў верасьні 1989-га году. Трэба было даказаць уладам што, чаму і як, і хто... Памагаў нам, на шчасьце, добры адвакат. Дазвол на існаваньне Фонду атрымалі 20-га лістапада 1989-га году, а статус грамадзкай дабрачыннай арганізацыі ў чэрвені 1990-га году.
У міжчасе, паводле канадыйскага права, трэба было стварыць управу. Мы меркавалі, што мусілі ўвайсьці ў яе старшыні галоўных беларускіх арганізацыяў у Канадзе. І праўда, усё гэта зрабілі да чацьвёртых угодкаў чарнобыльскага няшчасьця. Першая управа Фонду складалася з наступных асобаў: Івонка Сурвілла - старшыня, Зіна Гімпелевіч - скарбнік, Паўліна Пашкевіч - сакратар, Уладыка Мікалай, др. Раіса Жук-Грышкевіч, Мікола Ганько, Барыс Рагуля і другія сябры.
Першым заданьнем новастворанага Фонду было паінфармаваць як мага болей людзей аб чарнобыльскай катастрофе і яе наступствах у Беларусі.
Ня ведалі мы тады, колькі гэта будзе каштаваць нам высілкаў. Па-першае, для ўсяго сьвету катастрофа здарылася на Ўкраіне. Дык пры чым тут Беларусь? Украінцы, між іншым, вельмі спрытна выкарыстоўвалі гэтую акалічнасьць, і ў сваіх намаганьнях памагчы Ўкраіне ня толькі поўнасьцю замоўчвалі наступствы Чарнобыля ў Беларусі, але й выкарыстоўвалі здымкі й інфармацыю зь Беларусі для свае прапаганды. Калі я зьвярнулася да Чырвонага Крыжа, мяне запрасілі празь ведлівасьць на даклад іхняга украінскага супрацоўніка, адказнага за ўсю пацярпелую тэрыторыю. Але калі я пасьля дакладу папрасіла яго расказаць штосьці аб наступствах Чарнобыля ў Беларусі, ён адказаў, што Беларусь шмат не пацярпела, і што Чырвоны Крыж ужо выслаў туды мабільны лячэбны дыспансар.
Прэса са свайго боку ўважала, што Чарнобыль ужо не навіна. Катастрофа здарылася чатыры гады таму, пра Беларусь ніхто ня чуў, гэта значыць, што тэма ня будзе цікавіць чытачоў... Праўда, пасьля некалькіх тэлефонных званкоў, у тым ліку і да галоўнага рэдактара, атаўская газэта "Атава Сітызэн" прыслала свайго рэпартэра. Але 26-га красавіка зьмясьціла замест артыкула пра Беларусь артыкул журналісткі з Масквы, дзе Чарнобыль быў прадстаўлены з тамтэйшага пункту гледжаньня. Толькі нашыя прыяцелі заўважылі маленькую зацемку пра мае стараньні й прыслалі на Фонд некалькі чэкаў. Гэта дазволіла нам выслаць з дапамогаю доктара Рагулі пачку шпрыцаў (на 1600 кан. даляраў) Беларускаму Дабрачыннаму Фонду Дзецям Чарнобыля.
У першы год існаваньня Канадыйскага Фонду Дапамогі Ахвярам Чарнобыля ў Беларусі, ня гледзячы на тое, што ня было такой магчымасьці, якую мы ня выкарысталі, каб інфармаваць людзей пра нядолю нашага народу, мы сабралі толькі каля пяці тысяч канадыйскіх даляраў. І гэта з дапамогаю групы журналістаў з Альбэрты, якія, правёўшы два тыдні ў Беларусі, вярнуліся з намерам нам дапамогчы. Яны, як і мы, былі пэўныя, што калі людзі ў Канадзе даведаюцца праўду, то не адмовяць свае помачы.
У міжчасе на Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амэрыкі я спаткала Генадзя Грушавога і была захопленая працаю, якую ён рабіў у Беларусі дапамагаючы дзеткам, пацярпелым ад радыяцыі. Падчас банкету сабрала паміж прысутнымі каля чатырох тысячаў даляраў, якія там і перадала старшыні Беларускага Дабрачыннага Фонду Дзецям Чарнобыля. Калі Генадзь Грушавы прыехаў на запрашэньне Барыса Рагулі ў Канаду ў 1991-м годзе, мы з мужам зарганізавалі яму шэраг спатканьняў у Атаве: у Міністэрстве Здароў'я, у Чырвоным Крыжы, у Канадыйскай Асацыяцыі Лекараў і г. д. Найважнейшым спатканьнем аднак аказалася інтэрв'ю, якое ён даў газэце "Атава Сітызэн". Падчас гэтага інтэрв'ю мы й вырашылі прывезьці групу беларускіх дзетак на адпачынак у Атаву. У газэце быў цудоўны артыкул, і я перадала Грушавому запрашэньне на 15 малышоў. Дзесятак дзён пазьней мы ўжо мелі семдзесят сем'яў, гатовых прыняць у сябе чарнобыльскае дзіця.
Цяжка апісаць энтузыязм нашых супрацоўнікаў і нашае шчасьце ў гэты першы год, калі мы змаглі прывезьці 69 дзетак зь Беларусі на аздараўленьне й летні адпачынак (адно дзіця ў апошні момант захварэла). Працавалі мы, праўда, даслоўна дзень і ноч. Раптоўна прэса і тэлебачаньне пачалі цікавіцца нашымі высілкамі. За лета я дала больш пяцідзесяці інтэрв'ю. Была паўстала праблема, калі зь Менску паведамілі ў апошні момант, што 24 дзетак ня змогуць прыехаць з-за адсутнасьці сродкаў. Прыйшлося тады знайсьці за тыдзень часу 12 000 канадыйскіх даляраў на квіткі. Узялі пазыку. Тады "мора было па калені", як казаў Янка. У сапраўднасьці-ж я моцна веру, што Бог быў разам з намі. Прайшло лета як у казцы. Каб ня здымкі, дык здавалася-б, што сьнілася. Між іншым, у тым першым годзе мы паслалі разам зь дзеткамі ў Беларусь сорак чатыры каляскі (крэслы на колах, як кажуць тут) для беларускіх інвалідаў. Гэтую праграму ажыцьцявілі дзякуючы сьляпой супрацоўніцы - яна зьбірала каляскі ў людзей, якім яны не былі патрэбныя - і двум спэцыялістам, мужу з жонкаю, якія іх аднаўлялі. Пакавалі каляскі талакой цэлы дзень. Успамін яшчэ цяпер цешыць.
У 1992-м годзе мы здолелі самыя аплаціць падарожжа дзетак, бо пасьля кожнага інтэрв'ю людзі слалі дапамогу. Прывезьлі іх 110. У 1993-м годзе ўжо трэба было самім зьбіраць грошы на падарожжа. Кожны год прыяжджала ўсё болей маленькіх ахвяраў Чарнобыля. У 1997-м годзе прыехала болей за 600.
Да 1994-га году некалькі асобаў рабілі ўсю працу вечарамі. Толькі, каб паквітаваць атрыманыя грошы ды падзякаваць кожнаму дабрачынцу, займала паўгоду маіх вечароў (бо-ж днём працавала). Другога паўгаду трэба было, каб арганізаваць прыезд дзетак, што таксама займала кожную вольную хвілінку. Людзі пачалі хварэць ад утомленасьці. У 1995-м годзе вымушаныя былі наняць першага платнага супрацоўніка. Фонд стаўся вялікай арганізацыяй. Пасылалі лекі ў Беларусь, прывозілі лекараў на стажыроўкі ў канадыйскіх шпіталях, завезьлі кампутары ў Чавускую школу. У красавіку 1992-га году на нашую просьбу канадыйскае Міністэрства Замежных Справаў выслала ў Беларусь на мільён даляраў лекаў, у 1993-м годзе ахвяравала паўмільёна даляраў, каб правесьці ў Беларусі кампанію вакцынацыі. Без нашай інтэрвэнцыі ўсё гэта пайшло-б у Маскву.
За гэтыя гады тысячы дзетак былі ў Канадзе на адпачынку. Завязалася сяброўства між шматлікімі беларускімі й канадыйскімі сем'ямі. Сотні канадыйцаў адведалі Беларусь, уключна з журналістамі. У газэтах друкавалі шматлікія артыкулы пра Беларусь. Адна сэрыя артыкулаў журналіста Дэйвіда Эванса была апублікаваная пад загалоўкам "Беларусь зь любоўю". І гэта, магчыма, найболей напаўняла сэрца шчасьцем. Нарэшце Канада даведалася пра Беларусь. На апошнім гадавым зьезьдзе Фонду мы зь Нінай Гімпелевіч са сьлязьмі на вачах слухалі выказваньні нашых супрацоўнікаў, канадыйцаў, якія так моцна палюбілі наш народ і так моцна жадаюць яму памагчы.
Цяпер Фонд налічвае тысячы сяброў ад акіяну да акіяну. Канадыйскія сем'і ўвесь год зьбіраюць грошы, каб аплаціць выдаткі, зьвязаныя з прыездам дзіцяці (квіток на самалёт, візы, аўтобусы, страхоўку падчас побыту дзіцяці ў Канадзе, выдаткі, зьвязаныя з прыездам перакладчыка-апекуна). Стварылася сэрыя другіх арганізацыяў, якія таксама дапамагаюць Беларусі, высылаюць лекі, рознае абсталяваньне для шпіталяў. Наш лёнданскі (Лёндан у Канадзе) аддзел, які арганізаваў Др. Рагуля, пераняў праграму лекарскіх стажаў і прывозіць на практыку ў Канаду кожны год па некалькі лекараў. Прывозім шмат дзетак зь дзіцячых дамоў, якія вязуць, вяртаючыся, дапамогу сваім сябрам і сяброўкам у доме, дзе жывуць. Іх бяруць сем'і на дванаццаць тыдняў. (Найкарацейшы побыт дзіцяці ў Канадзе - шэсьць тыдняў).
Я была старшынём Фонду да верасьня 1997-га году. Цяпер старшыня спадарыня Лёры Лёўс, цудоўная жанчына-настаўніца, якая адначасна вядзе сірочую праграму. Яна з мужам адаптавала маленькага беларуса Пецю. Выканаўчай дырэктаркай ёсьць Магі Макляўд. У гэтым годзе Лёры й Магі будуць прысутнічаць на канфэрэнцыі "Сьвет пасьля Чарнобылю" ў Менску. Управа налічвае васемнаццаць асобаў з усяе Канады. Трэба зазначыць, што ўсе гэтыя людзі, за выняткам аднае асобы, працуюць у Фоньдзе без аніякое аплаты.
Нядаўна выйшаў з друку раман "Wishing Star Summer", на які Зіна Гімпелевіч напісала рэцэнзію ў Belarusian Review. У гэтым рамане пісьменьніца Бэрыль Ёнг апісвае дасьведчаньне сям'і свайго сына, якая прыймала ў сябе некалькі разоў дзяўчынку з Чавусаў. Кніга мела шмат посьпеху ў Канадзе ды пазнаёміла яшчэ больш канадыйцаў з тым, што ёсьць такая краіна Беларусь, і што яе людзі моцна патрабуюць дапамогі, каб перажыць вялікую бяду, якую пакінуў ім у спадчыну Савецкі Саюз.
Івонка Сурвілла

На здымку: Разьвітаньне з групай беларускіх дзетак у 1994-м годзе