"НАЙНІЖЭЙШЫ ГАТУНАК ПАЛІТЫКІ"
- сказаў амэрыканскі кангрэсмэн пра Менск.
Лукашэнкавы дыпляматы за мяжою пытаюцца ў прадстаўнікоў дыяспары, ці ня згодныя яны ўзяць удзел у "кангрэсе беларусаў сьвету". Беларускі ўрад мае намер правесьці "кангрэс" ў 2003-м годзе. Той, хто шукае адказу на пытаньне, ці падтрымваць такую ініцыятыву, хай паглядзіць, як абышлася лукашэнкаўская прапаганда з амэрыканскаю дэлегацыяй, якая наведала Менск на пачатку сьнежня летась.
У складзе дэлегацыі былі кангрэсмэны-рэспубліканцы, Курт Ўэлдан з Пэнсыльваніі й Роска Бартлет з Мэрыленду, сэнатар-рэспубліканец Конрад Бэрнс з Мантаны, адзін спэцыяліст вайсковых справаў ды тры бізнэсмэны. Паехалі яны ў Менск на прапанову маскоўскіх палітыкаў. Мэтаю іхнага візыту было паспрыяць "нармалізацыі" амэрыканска-беларускіх дачыненьняў. Ачольваў дэлегацыю кангрэсмэн Ўэлдан.
Дэлегатам наладзілі ў Менску 3-га сьнежня абед з прэзыдэнтам. Абед трываў чатыры гадзіны. На наступны дзень адбылася яшчэ гадзінная гутарка з Лукашэнкам. У часе гутарак амэрыканцы гаварылі пра даволі далёкасяжныя пляны супрацоўніцтва зь Беларусьсю, але таксама сказалі беларускаму лідэру, што пры цяперашнім стане рэчаў у Беларусі "Кангрэс ЗША ня мае намеру наладжваць сувязі зь нелегітымным /беларускім/ парлямэнтам". Яны зазначылі, што толькі правядзеньне свабодных парлямэнцкіх выбараў прывядзе да палепшаньня дачыненьняў паміж ЗША і РБ. Замежныя госьці сказалі таксама, што Менск павінен дазволіць нармальную дзейнасьць прадстаўніцтва Арганізацыі па Бясьпецы й Супрацоўніцтву ў Эўропе (АБСЭ), якое Лукашэнка выжыў поўнасьцю зь Беларусі пад канец мінулага году.
Зь якім-жа абурэньнем чыталі амэрыканцы наступнага дня камунікат беларускае прэсавае службы, у якім казалася: "Галава амэрыканскай дэлегацыі пацьвердзіў, што прэзыдэнт Беларусі быў абраны сумленным дэмакратычным шляхам і ачольвае новы дух у разьвіцьці краіны". ("The head of the U.S. congressional delegation confirmed that the president of Belarus was elected by honest and democratic means and is leading a new spirit of development in our country".)
Мала таго, беларускае тэлебачаньне падало, што замежныя наведнікі-заканадаўцы паабяцалі зьвярнуцца да амэрыканскага ўраду, каб той зьняў абмежаваньні на замежныя падарожжы Лукашэнкі й ягоных сілавых міністраў. Такія абмежаваньні налажылі на беларускае лідэрства заходняэўрапейскія дзяжавы й Злучаныя Штаты як санкцыю за пагвалтаваньне правоў чалвека й выгнаньне зь Беларусі прадстаўніцтва АБСЭ.

(Я.З.)