АНГЕЛЬСКІЯ ГАЗЭТЫ АБ БЕЛАРУСІ
Нам, колішнім спэцперасяленцам і палітычным эмігрантам, чытаньне ангельскіх газэтных артыкулаў аб Беларусі не прыносіць духовае асалоды. Амаль усе артыкулы крытычныя. Крытыкуюць у іх адсутнасьць дэмакратыі ў Беларусі, зьнікненьне палітычных апанэнтаў, зьнішчэньне апазыцыйных выданьняў, арышты журналістаў, недэмакратычныя выбары, дзяржаўную манаполію на мас-мэдыі й г. д. Аднак варта сачыць за тым, што пішуць у Брытаніі аб Беларусі.
Паважаная газэта "The Daily Telegraph" ад 21.09.02 зьмясьціла артыкул пад назваю "Беларускі дыктатар трымае жывою нэндзу савецкіх часоў". У падзагалоўку пішацца: "Бэн Арыс меў рэдкую аўдыенцыю зь неўстойлівым і аўтарытарным прэзыдэнтам, які зрабіў сваю дзяржаву парыйнаю*". Ужо сам загаловак і падзагаловак падказваюць, што ў артыкуле ня будзе нічога суцяшальнага аб сытуацыі ў Беларусі. На жаль, такія навіны не вынятак, а звычайная зьява.
Артыкул пачынаецца словамі А. Лукашэнкі аб тым, што ён ёсьць самым "найчасьнейшым прэзыдэнтам на сьвеце". Гэтыя словы выклікалі воплескі "мясцовых рабалепных журналістаў". Паколькі прэсавая канфэрэнцыя была добра зарганізаваная, то нават на дварэ група старанна падабраных прыхільнікаў давала прэзыдэнту пытаньні й просьбы.
Празь дзьве з гакам гадзіны А. Лукашэнка даваў павучэньні аб шкодзе курэньня і аб тым, што Беларусь не патрабуе дапамогі з-за мяжы, бо яна абрала "свой шлях да дабрабыту".
Артыкул узгадвае Міхаіла Чыгіра, былога прэм'ер-міністра, які скардзіўся, што лепшыя і наймудрэйшыя людзі ўжо пакінулі Беларусь. Паводле словаў сп. Чыгіра "з такім прэзыдэнтам Беларусь ня мае будучыні". Успамінаецца і сын Чыгіра, які асуджаны на сем гадоў зьняволеньня.
На канфэрэнцыі А. Лукашэнка заявіў, што ён магчыма выставіць сваю кандыдатуру на прэзыдэнцкіх выбарах 2006-га году. Але дзеля таго, што беларуская канстытуцыя не дазваляе быць прэзыдэнтам тры тэрміны, дык прыйдзецца рабіць... рэфэрэндум у гэтай справе. Аўтар артыкула сп. Бэн Арыс сьцьвярджае, што "... пры поўным кантролі мас-мэдыяў галасаваньне "за" ёсьць амаль гарантаваным..."
На жаль, у сягоньняшняй Рэспубліцы Беларусь, у адрозьненьне ад агульнапрынятых дэмакратычных нормаў, рэфэрэндумы адбываюцца не дзяля таго, каб народ выявіў сваю апінію аб важных падзеях, а дзеля таго, каб адобрыў дзіўныя і антынародныя асабістыя амбіцыі адное асобы. Так было зь дзьвухмоў'ем, сьцягам, гербам, Канстытуцыяй... А цяпер ужо ёсьць задума аб "трэцяй кадэнцыі". Чаму аб трэцяй, а ня вечнай?
Артыкул успамінае, што А. Лукашэнка крытыкаваў расейскага прэзыдэнта У. Пуціна з нагоды саюзу Беларусі й Расеі. Аналітыкі ў Беларусі лічаць, што А. Лукашэнка хоча аб'яднаць краіны толькі для таго, каб мець магчымасьць браць удзел у выбарах прэзыдэнта Расеі. Адзін палітык гэта акрэсьліў, як "ядзерна-запраўляючы, кашмарны сцэнар для ўсяго сьвету".
Ня ўсё у артыкуле крытыка. Аўтар не заплюшчвае вачэй і на добрыя бакі жыцьця ў Беларусі. Вуліцы й будынкі ў Менску чыстыя, трава скошаная. І сярэдні заробак у краіне прыблізна 75 фунтаў стэрлінгаў на месяц, пэнсіі выплочваюцца сваечасова і зьяўляюцца яны аднымі з найвышэйшых у СНД.
Бэн Арыс успамінае аднаго незалежнага журналіста, які меў адвагу задаць А. Лукашэнку пытаньне. Якое яно было - не ўспамінаецца. Але адное тое пытаньне было нагодаю слоўнага нападу на журналіста. А. Лукашэнка, грозна махаючы пальцам, выдаў "шаблонную савецкую крытыку дысыдэнтаў". "Няма сумніву, хто ўстанаўляе законы ў Беларусі", - сьцявярджае. Вось такая сёньня рэчаіснасьць у Беларусі.
Яшчэ адная сур'ёзная ангельская газэта "The Times" ад 14.11.02 зьмясьціла артыкул пад загалоўкам "Беларусь пагражае Эўрапейскаму Зьвязу з нагоды саміту". Аўтар артыкулу Робін Шэпхэрд піша з Масквы. Напярэдадні саміту НАТО ў Празе Чэскай, на якім абмяркоўвалася, між іншых, справа пашырэньня гэтае арганізацыі, улучаючы Летуву, Латвію, Эстонію, А. Лукашэнку было забаронена прыяжджаць туды. Менавіта гэта сталася нагодаю для злосных і пагрозьлівых выказваньняў беларускага кіраўніка, які пагражаў затапіць Эўразьвяз нелегальнымі эмігрантамі, якіх у Беларусі ёсьць 150 000.
Выказваньні А. Лукашэнкі выявілі таксама, што Эўразьвяз не прадбачыў усіх праблемаў, якія могуць паўстаць пасьля прыняцьця Летувы, Латвіі, Эстоніі й Польшчы ў свой склад. Усе гэтыя дзяржавы, акрамя Эстоніі, мяжуюць зь Беларусьсю.
Артыкул успамінае аб напружаных стасунках паміж А Лукашэнкам і Заходняю Эўропаю, аб прадстаўніцтве АБСЭ, якому загадалі пакінуць Беларусь пасьля таго, як ягоныя супрацоўнікі скрытыкавалі прэзыдэнцкія "перавыбары" ў Беларусі ў 2001-м годзе.
Але ня толькі беларускага кіраўніка не хацелі бачыць у Празе. Урадоўцы НАТО выказваліся прыватна, што лепш было-б, каб і прэзыдэнт Украіны Кучма не прыяжджаў туды, бо яго падазравалі ў нелегальным продажы зброі Іраку.
Трэба дадаць, што Беларусь і Украіна тэарытычна мелі права браць удзел у паседжаньні ў Празе паводле варункаў Эўра-Атлянтычнай Удзельнай Рады.
Калі чытаем такія артыкулы, дык прыходзім да высноваў, што карэспандэнты ангельскіх газэтаў добра абазнаныя зь беларускімі справамі.
P. S. Сп. А. Лукашэнка не прыехаў на саміт у Прагу, а сп. Кучма прыехаў.

Апрацаваў Міхась ШВЭДЗЮК