БЕЛАРУСЫ Ў ГІШПАНІІ

Беларуска-Ібэрыйскае Згуртаваньне
Аднымі з найлепшых успамінаў 2002-га году былі мае адведзіны беларускае грамады ў Гішпаніі. Усім ведама, што цяпер беларусаў у Гішпаніі шмат, але вось толькі да лістападу мінулага году мелі мы кантакты толькі з двума зь іх. Вырашыла зьвярнуцца да іх. На жаль, адзін зь іх, найстарэйшы, жыве 800 кілямэтраў ад гішпанскае сталіцы, і пасьля вельмі прыемнай тэлефоннай размовы зь ім вырашылі спаткацца ў наступным годзе. Другі, Андрэй Рубцоў, вельмі быў задаволены, даведаўшыся, што мы зможам пабачыцца.
Мае ўкраінскія сябры яшчэ з тых часоў, калі мы з мужам жылі ў Гішпаніі, паінфармавалі, што яны цяпер маюць свой уніацкі храм і цудоўнага маладога сьвятара, і што айцец Ігар дапаможа мне спаткацца зь беларусамі, якія да яго прыходзяць на Багаслужбы. Так яно і сталася. Сьвятар абвесьціў тры разы ў храме, што Старшыня Рады БНР адведае Мадрыд і хацела-б спаткацца з суродзічамі. З другога боку мае ўкраінскія сябры ведалі, што таксама ў Мадрыдзе праводзяцца праваслаўныя Багаслужбы, куды таксама ходзяць беларусы. Наступным крокам было спаткацца зь імі. Але найбольш зрабіў Андрэй, які, спаткаўшы мяне на лётнішчы, сказаў, што на спатканьне прыедуць землякі з Малагі й з Каталоніі.
Спатканьне адбылося ў залі храму, дзе адбываюцца ўкраінскія Багаслужбы, недалёка ад унівэрсытэцкага гарадку на вуліцы Прынцэса. Сабралася больш за дваццаць асобаў. Спаткаліся як старыя знаёмыя. Я расказала пра жыцьцё беларусаў у іншых краінах, пра часы, калі мы адныя жылі ў Мадрыдзе і вялі беларускія радыёперадачы; пра мой побыт пару дзён раней у Лёндане, куды езьдзіла на прыняцьце, зарганізаванае брытанскімі парлямэнтарыямі прыяцелямі Беларусі.
Удзельнікі сустрэчы таксама распавялі пра сваё жыцьцё перад і пасьля прыезду ў Гішпанію і спантанічна вырашылі, што існуе патрэба ў існаваньні згуртаваньня беларусаў у Гішпаніі. Назвалі яго аднак Беларуска-Ібэрыйскім Згуртаваньнем (Asociacion Bieloruso-Iberica), каб магчы ўлучыць у яго і сяброў з Партугаліі й тых, хто пражываюць у іншых некастыльскіх правінцыях.
Стварылі Арганізацыйны камітэт пад старшынствам Андрэя, якому даручылі прыгатаваць да наступнай сустрэчы статут арганізацыі. Прынялі нават трох ганаровых сяброў. Адсьвяткавалі дзен народзінаў адное з прысутных сябровак і падаравалі ёй цуцоўны букет чырвоных ружаў. Ужо ёсьць электронны адрас Беларуска-Ібэрыйскага Згуртаваньня (zhurtavannie@yahoo.es). Вельмі пажадана, каб беларускія выдавецтвы пачалі высылаць ім свае выданьні, а арганізацыі ў іншых краінах, дзе пражываюць нашыя суродзічы, іх прывіталі. Я ім паабяцала, што да іх завітаю на сьвяткаваньне 85-х угодкаў абвешчаньня незалежнасьці

Беларускае Народнае Рэспублікі.
Івонка СУРВІЛЛА
Старшыня Рады БНР