ДА ГІСТОРЫІ СУСТРЭЧАЎ
БЕЛАРУСАЎ ПАЎНОЧНАЙ АМЭРЫКІ
Сёлетняя 25-я Сустрэча Беларусаў Паўночнай Амэрыкі адзначае 50-я ўгодкі такіх Сустрэчаў. Пачаліся яны 5-6 ліпеня 1952-га году ў Канадзе над вадаспадам Ніягара. Гісторыя паўстаньня іх была такая: Вінцэнт Жук-Грышкевіч, што прыехаў у Канаду ў студзені 1950-га году, ведаў, што ў ЗША жыве шмат ягоных сяброў зь Вільні й Прагі ды ягоны дваюрадны брат інж. Часлаў Ханяўка. Нікога зь іх ён ад 30-га верасьня 1939-га году, калі бальшавікі яго арыштавалі й вывезьлі ў канцэнтрацыйныя лягеры Варкуты, ня бачыў. Прагнуў надта зь імі зноў сустрэцца. У лістох да іх прапанаваў наладзіць спатканьне. З гэтай мэтай ён зьвязаўся з Арганізацыяй Беларускай Моладзі (АБМ) ў ЗША, старшынём якое быў Міхась Тулейка. Дамовіліся, што ЗБК і АБМ зарганізуюць Сустрэчу Беларусаў у Канадзе.
Наступным заданьнем было знайсьці адпаведнае месца на Сустрэчу. Найляпей адпавядаў-бы на гэта, мяркаваў Вінцэнт Жук-Грышкевіч, нейкі летні рэзорт у цікавай і прыгожай мясцовасьці ды недалёка ад мяжы ЗША. (У 1952-м годзе мы яшчэ ня мелі свайго беларускага дому ў Канадзе.) У рэзорце была-б магчымасьць затрымацца ўдзельнікам Сустрэчы , ды было-б месца - заля ці пляц - на сход, імпрэзы. Запасіўшыся мапамі, якія любіў студыяваць, каб пазнаваць і арыентавацца ў ваколіцы, інфармацыямі пра летнія рэзорты ды аўтобуснымі раскладамі, выбраўся ён з аўтаркаю гэтых радкоў у падарожжа.
Аўтобусам пад'ехалі мы да пэўнага месца, а далей пехатою да заплянаванага загадзя аб'екту. Нахадзіўшыся да мленьня ног, мы знайшлі рэзорт з чыстымі катэджамі, вялікай плошчай пляцу для сходу, маляўніча паложаным над Вэлянд каналам, недалёка вадаспаду Ніягара і мяжы ЗША. Такіх падарожжаў Вінцуку давялося зрабіць некалькі, каб дасьледаваць не адзін аб'ект і выбраць найбольш адпаведны.
1-я Сустрэча Беларусаў Канады й ЗША адбылася 5-6-га ліпеня 1952-га году на канадыйскім баку вадаспада Ніягара над Вэлянд каналам. І гэтак запачаткавала яна добрую традыцыю.
1-я Сустрэча была прысьвечаная Янку Купалу - 70-м угодкам ад ягонага нараджэньня і 10-м ад трагічнае ягонае сьмерці. Ключавы даклад на тэму "Янка Купала як чалавек і грамадзкі дзеяч" меў Вінцэнт Жук-Грышкевіч, ініцыятар, адзін з галоўных арганізатараў 1-й Сустрэчы. Ягоная й была ідэя прысьвяціць Сустрэчу памяці Янкі Купалы. На Сустрэчы прысутнічалі такія выбітныя асобы, як прадстаўнік ураду БНР у ЗША сп. Ян Чарапук-Змагар, што жыў тады ў Чыкаго; паэтка Натальля Арсеньнева і ёйны муж генэрал Франьціш Кушаль, што жылі ў Нью Ёрку; сьпявачка зь Менску, што так хораша выконвала беларускія народныя песьні; др. Баляслаў Грабінскі - вілянчук; інж. Мікола Гарошка, калісь студэнт у Празе; старшыня АБМ Міхась Тулейка; Васіль Русак; праўнік Леанід Галяк - вілянчук; сям'я Ханяўкаў; Рамукі з Чыкага і шмат іншых. Паводле Камунікату Галоўнае Ўправы ЗБК ад 24-га студзеня 1953-га году ў Сустрэчы прыняло ўдзел па-над 120 беларусаў з абедзьвюх краінаў.
Уся багатая праграма Сустрэчы - даклады, прамовы, мастацкая частка, адведваньне вадаспаду Ніягара, увечары купальскае (хоць і ў ліпені) вогнішча над ракою зь песьнямі й вянкамі на вадзе - усё адбывалася пад адкрытым небам. А ліпеньскае канадыйскае неба было яснае, прыветлівае да беларускіх выгнанцаў зь іхняе "сінявокае Беларусі".
Другая Сустрэча Беларусаў Паўночнай Амэрыкі адбылася ў Таронта ў верасьні 1956-га году. Мы, Згуртаваньне Беларусаў Канады, ужо мелі свой беларускі дом на Дандас 1000 у Таронта, але галоўная частка Сустрэчы адбывалася на Цэнтральным востраве, што на возеры Антарыё каля Таронта. Ехалі мы туды параплавам. Там на вялікай плошчы ў цяні дрэваў айцец Міхась, пазьней Мітрапаліт БАПЦ Ўладыка Мікалай, адпраўляў урачыстую Божую службу. Пяяў вялікі, бо й сустрэча была надта людная, хор. Тады мы, канадыйскія беларусы, ды й уся канадыйская зямля першы раз чулі велічны, што ад сотні грудзей узносіўся да неба, беларускі гімн "Магутны Божа". Пяяла яго й прысутная на сустрэчы аўтарка Натальля Арсеньнева.
5-я Сустрэча адбылася ў Таронта ў 1962-м годзе. Тады мы ўжо мелі ад 1959-га году Беларускі рэлігійна-грамадзкі цэнтар (БРГЦ) на Сант Клярэнс у Таронта. У той час Саветы праводзілі вострую кампанію "за вяртаньне на Радзіму". Вінцэнт Жук-Грышевіч меў даклад на тэму "Мы ня вернемя пад савецкую акупацыю". У часе гэтае Сустрэчы было шмат дакладаў. Між імі памятаю даклад доктара Янкі Станкевіча. Трэба адзначыць, што ўсе Сустрэчы апрача першае арганізавала ЗБК і БАЗА.
Памятнаю і велічнаю была 10-я Сустрэча 2-4 верасьня 1972-га году ў Таронта, прысьвечаная 90-м угодкам ад нараджэньня Янкі Купалы й Якуба Коласа ды 450-м угодкам друку на беларускай зямлі. Адкрыцьцё Сустрэчы адбылося ў суботу а 3-й гадзіне папаўдні ў Беларускім рэлігійна-грамадзкім цэнтры. Цэнтрам дэкарацыі залі быў вялікі, з 90 белых і чырвоных гвазьдзікаў букет у гонар 90-х угодкаў Янкі Купал й Якуба Коласа. На сьценах залі была выстава абразоў Івонкі Сурвіллы. У часе адкрыцьця Сустрэчы былі прачытаныя даклады: "Ад Скарыны праз Купалу й Коласа да нашых дзён" праф. Антона Адамовіча, "450 год друку на беларускай зямлі" др. Вітаўта Тумаша, "Дзейнасьць клюбу "Пагоня" Кастуся Акулы, "Як арганізаваць Сустрэчы, каб усе былі задаволеныя" др. Вінцэнта Жук-Грышкевіча.
Увечары ў залі цэнтру была супольная вячэра, а потым Баль-Сустрэча. У нядзелю, 3-га верасьня, урачыстая Божая служба ў царкве Сьв. Кірылы Тураўскага БАПЦ і пасьля яе супольны абед у залі цэнтру. А 3.30 папаўдні ў вялікай аўдыторыі Цэнтральнае Тэхнічнае школы адбыўся ўрачысты сход Сустрэчы з дакладамі др. Ст. Станкевіча пра Янку Купалу і праф. А. Адамовіча пра Якуба Коласа; прывітальныя прамовы старшыняў: Згуртаваньня Беларусаў Канады др. Раісы Жук-Грышкевіч і БАЗА сп. Расьціслава Гарошкі. У канцы быў канцэрт.
У 8.30 вечара - сяброўская вечарына ў залі БРГЦ у Таронта. У панядзелак - сьнеданьне ў БРГЦ і разьвітаньне.
13-я Сустрэча, што адбылася на пачатку верасьня 1978-га году ў Таронта, Канада, прыпадала на 61-я ўгодкі Першага Беларускага Кангрэсу ды 60-я ўгодкі абвешчаньня дзяржаўнай незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Старшыня Рады БНР др. Вінцэнт Жук-Грышкевіч у сваёй прывітальнай прамове гаварыў аб цяжкім шляху, які мусіла прайсьці Рада і Ўрад БНР за 60 гадоў, аб патрэбе нашага безупыннага змаганьня за ўзнаўленьне незалежнасьці БНР. "Галоўнае наша заданьне наперадзе" - сказаў у канцы свае прамовы Старшыня Рады БНР.
18-я Сустрэча 3-5-га верасьня 1988-га году ў Таронта была важная тым, што на трэці яе дзень удзельнікі Сустрэчы зрабілі паломніцтва ў Прошчу паўночна-амэрыканскіх пакутнікаў, у Martyr's Shrine in Midland Ontario, дзе 5-га верасьня 1988-га году адбылося ўрачыстае асьвячэньне БЕЛАРУСКАГА ПАМЯТНАГА КРЫЖА, узьнесенага беларусамі замежжа пад кіраўніцтвам старшыні Рады БНР др. Вінцэнта Жук-Грышкевіча і Старшыні ЗБК др. Раісы Жук-Грышкевіч на 1000-годзьдзе хрысьціянства ў Беларусі. Урачыстасьць асьвячэньня крыжа праводзіў а. Аляксандар Надсон, апостальскі візытатар для беларусаў замежжа зь Лёндану, Ангельшчына.
21-я Сустрэча 3-5-га верасьня 1994-га году ў Таронта была адметная тым, што на ёй былі выдатныя госьці зь Беларусі: Старшыня ЗБС "Бацькаўшчына" праф. Радзім Гарэцкі, Старшыня Вялікай Рады ЗБС "Бацькаўшчына" Ганна Сурмач, фатограф Анатоль Кляшчук зь Менску ды шмат іншых. На трэці дзень Сустрэчы, 5-га верасьня, удзельнікі яе ўлучна з гасьцямі зь Беларусі зрабілі паломніцтва, ужо шостае з чаргі да БЕЛАРУСКАГА ПАМЯТНАГА КРЫЖА ў прошчы Martyr's Shrine in Midland Ontario. Пасьля ўрачыстасьцяў ля Памятнага Крыжа сп-ня Ганна Сурмач ахінула Крыж слуцкім поясам. Праф. Радзім Гарэцкі выказаў беларусам Канады прызнаньне: "Вы зрабілі вялікую справу!" Вялікую тым, што ўзьнесьлі ў прашчу Беларускі Памятны Крых з мэмарыяльнаю табліцаю з надпісам ў ангельскай і беларускай мовах ды тэкстам першае і апошняе строфкі гімну "Магутны Божа", зрабілі беларускія малітоўныя карткі для сьвятыні прошчы ды што арганізуем штогоднія паломніцтвы да Беларускага Крыжа. Робім усё магчымае, каб жыла БЕЛАРУШЧЫНА.

Раіса Жук-Грышкевіч