Да чытачоў і ахвярадаўцаў
Беларускі чытач павінен мець кніжку на роднай мове, якую будзе чытаць, вобразна кажучы, і сьлесар, і кесар. Нажаль, імкненьне даць чытачу гэтакі твор вельмі слабое ў коле прафэсыйных літаратараў. Модна лічыць, быццам беларуская літаратура загнаная ў кут, і ёй засталася адно роля элітарнага чытва для звышадукаваных снобаў (якія для адпачынку і баўленьня часу ўсё адно бяруць у рукі расейскамоўны баявік, дэтэктыў, гістарычны раман, прыгодніцкую аповесьць, кідаючы гэтым яшчэ адную грудку на магілу роднага пісьменства). Мы ня можам пагадзіцца з гэткім меркаваньнем і з гэткім станам рэчаў.
Прадстаўляючы аповесьць невядомага пакуль чытачам Аркадзя Ліцьвіна маем спадзяваньне парушыць традыцыю грэбаваньня "лёгкімі" жанрамі й пакласьці новую - ісьці насустрач густам чытача, які штодня па ўсім свеце з захапленнем чытае кнігі, поўныя прыгодаў, інтрыгаў, таямніцаў.
"Галс" мае свае перавагі перад гісторыямі пра францускіх мушкецёраў або амэрыканскіх індзейцаў. Тут чытач знойдзе ня толькі прыгоды - ён пабачыць Беларусь, цудоўную краіну сваіх прадзедаў, палітычныя закалоты васемнаццатага стагодзьдзя і, магчыма, па-іншаму гляне на зямлю дзе жыве, на свой народ і сваю краіну.
Але каб твор сустрэўся з чытачамі, ён павінен увасобіцца ў кнігу. Вы, шаноўныя чытачы "Беларуса", можаце паспрыяць гэтаму, ахвяраваўшы грошы на друк гэтай кнігі. Кожны ахвярадаўца, што ахвяруе $20 і больш атрымае асобнік з аўтографам аўтара.
Чэкі, калі ласка, выпісвайце на імя Roman Kordonsky і дасылайце на наступны адрас: Roman Kordonsky 79 Sylvester Ave. Winchester, MA 01890. Тэлефон для кантактаў: 781-369-1410. Адрас электроннай пошты: kordonsky@attbi.com .
Прапануем Вашай увазе невялікі ўрывак з аповесьці, у якім атрад канфэдэратаў ратуецца ад войскаў князя Міхала Радзівіла, ратуючы, між іншым, самога князя ад замаху.
Даніла Жукоўскі , Раман Кардонскі
Аповесьць з 1734 году (урывак)
Гародня 2003
Аркадзь ЛІЦЬВІН
ГАЛС
альбо незвычайныя прыгоды ў краіне замкаў
Невялікі атрад каманданта Алеся блукаў па лясных дарогах, шукаючы ратунку. На пачатку ліпеня ў складзе трох тысяч сканфэдэраванай шляхты выправіліся на дапамогу абложанаму расейцамі Гданьску, дзе знайшоў прытулак і абарону кароль Станіслаў. Ужо ў дарозе засьпела іх вестка пра капітуляцыю гораду. Дзівіцца альбо наракаць ня было падстаў. Горад пратрымаўся чатыры месяцы перад шматкроць большымі, чым ягонае, войскамі пад абстрэлам цяжкой артылерыі, давезенай з Расеі менавіта з-за адсутнасьці посьпехаў у штурме. Каб ня быць прычынай большых няшчасьцяў, кароль пакінуў горад і схаваўся ў Прусіі.
Ліцьвінскія канфэдэраты складаць зброю ня зьбіраліся. Раман выбраў шлях, здавалася-б, адпаведны, але неўзабаве ар'ергард заўважыў пагоню. Гэта былі аддзелы войскаў канюшага літоўскага князя Міхала Радзівіла і расейскага палкоўніка Лунёва. Перасьледнікі настойліва адціскалі канфэдэратаў ад пушчы да Нёману.
Можа і пашэнціла-б згубіцца на незьлічоных лясных дарогах, сьцежках і дуктах, калі-б не варожы праваднік. Той сабачым пачуцьцём пазнаваў, куды яны павернуць, дзе зладзяць нанач свой няўтульны бівак, да якога двара памкнуцца за ежай ці фуражом. Прыдадзеныя "польскому православному" казакі слухаліся яго амаль як камандзіра, хоць сталася так не адразу.
Спачатку на правадніка глядзелі з падазрэньнем і не заўсёды лічыліся зь ягонымі парадамі, спадзяючыся на сваё маладзецтва. Пералом у думках замацаваўся пасьля таго, як насуперак яго меркаваньню, сунуліся, куды ня раіў, і прывезьлі палову свайго разьезду ўпоперак сёдлаў.
Нявядома было, што рухае гэтым чалавекам. Азарт паляўнічага, нянавісьць да свавольнай шляхты, што ў світцы ды апорках, а бяз хвігі ні да носу? Можа сьмяртэльная абраза альбо крыўда? Ці тое, што да размовы зь ім паніжаліся сам яснавяльможны і маскаль-палкоўнік? Нельга было здагадацца пра што ён думае, калі, сьціскаючы шапку й пазіраючы ўбок, нетаропка адказваў на пытаньні афіцэраў, альбо выказваў свае заўжды дарэчныя парады. Вось і зараз ён прыглядаўся, як афіцэры князя і палкоўніка Лунёва, тыцкаючы пальцамі ў самаробную мапу, намаляваную зь ягоных словаў, зацята спрачаюцца, што рабіць далей.
Дазоры нідзе не натыкнуліся на канфэдэратаў. Па ўсім выглядала, што яны нарэшце трапілі ў мех. Дно й бакі мяха - нёманскае русла. Гарлавіну - некалькі вёрстаў зарасьнікаў, старыкоў і балотцаў надзейна перакрылі жаўнеры князя і хаўрусьнікі (калі не гаспадары) - салдаты й казакі генэрала Ізмайлава, галоўнага над маскоўскімі войскамі ў Княстве.
Але афіцэрам цяжка было дайсьці да паразуменьня. Калі ў галовах расейцаў падрабязнасьці апэрацыі па зьнішчэньню "шайки злоумышленников" укладаліся даволі ясна, то сам князь, не кажучы пра ягоных афіцэраў, не адчуваў вялікай прагі змаганьня на сьмерць.
Ці-ж можа маскаль зразумець, што такое канфэдэрацыя! Ці-ж нехта можа прысягнуць, што не давядзецца самому апынуцца ў якой-небудзь? Канфэдэрацыя - выказ вольнасьці выбару тых, хто да яе далучаецца. Вядома, ў барацьбе за яе мэты можа дайсьці да вялікай зацятасьці, як некалі пад Монтвамі альбо Алькенікамі, дзе паляглі тысячы, але-ж звычайна лютасьці не бывае, бо па абодва бакі свае людзі, паны-браты, а то і сваякі. Разагнаць слабейшых па засьценках ды дварах і квіта! Ну, можа прыхапіць з тых двароў што-кольвечы.
Камэндант канфэдэратаў таксама не квапіўся да бітвы. З такой перавагай рэгулярнага войска не пазьбегнуць поўнага разгрому. Таму, большую частку атраду скіраваў самым берагам ракі, дзе няпрыкметнымі грэблямі цераз балота яшчэ можна было высьлізнуць з пасткі, пакуль нехта адцягне ўвагу непрыяцеля. Камандзір зь невялічкай купкай таварышаў манэўраваў на той прасторы, што яму засталася, удаючы пошук слабога месца ў ланцугу аблогі, каб прарвацца. Залежала на тым, каб перасьледнікі лічылі, што перад імі ўвесь атрад, ды марнавалі час на падрыхтоўку бітвы. Для сваёй купы спадзяваўся якой-небудзь памылкі ворага ды кавалка шчасьця, на які лічыць кожны, хто ідзе на вайну. Заўсёды застанецца шанец пераплысьці Нёман з коньмі, хоць рака тут шырокая, а брады, як на гора, вышэй і ніжэй месца, дзе давядзецца мець апошні рубеж абароны.
Гэтыя не надта вясёлыя думкі Рамана перапыніў выведнік:
- Пане каманданьце, там на рацэ плыты, ладная гонка!
- Што ты кажаш! Ля нашага берагу?
- Проста пад абрывам, за намі. Відаць, толькі зачаліліся.
Раман скочыў на ногі, аглядаючыся за сваімі хлопцамі.
- Янак, - гукнуў, - бяры чатырох бліжэйшых і захапі плыты. Не дай, каб уцяклі! Гэта наш ратунак.
- Зараз зробім!
У голасе Янака прагучала ўжо знаёмая Раману вера ў камандзірава шчасьце, што цьвёрда замацавалася ў атрадзе амаль ад першага дня.
Зарослымі яркамі канфэдэраты сыйшлі да самай вады й подбегам апынуліся ля плытоў, перш чым плытагоны ўцямілі, што сьвеціць.
- Дзядзькі, ані руху! - закамандаваў Янак. - Плыты нашы!
- Як гэта - вашы? - не зразумеў адзін, відаць старэйшы над плытнікамі. - Плыты панскія, бо зь яго лесу. Але-ж вашмосьць не наш пан!
Янак бестурботна засьмяяўся:
- Гэта праўда, пане рэтман, хоць-бы таму, што не маю гэтулькі лесу. Таму плыты толькі пазычым. Пакатацца!
Ён паставіў сваіх па канцах зьвязкі й штурхнуў аднаго да камэнданта. Стары плытагон, задаволены тытулам "пана рэтмана" быў нясхільны да жартаў ды яшчэ з боку маладзёна.
- Як гэта пазычым! Плыты-ж грошы каштуюць!
- Пазычым разам з плытагонамі, - зарагатаў хлопец, цешачыся зь непаразуменьня. - Зараз нашы кампіліёны пад'едуць, заладуемся і паплывем разам, пакуль не надакучыць. Дык не марнуйце часу, рыхтуйцеся.
- То іншая справа, - нешта зразумеўшы, адзначыў рэтман. - У каго зброя, той і загадвае. Абы рабунку ня было.
Ен кінуўся падганяць сваіх плытагонаў, бо канфэдэраты ўжо сыходзілі даволі зручным, хоць і крутым, ярам, што наўскос уразаўся ў круты бераг, сыходзячы да вузкага жвірыстага прыплёску. На абрыве застаўся камандант з трыма таварышамі. Хлопцы пачалі асьцярожна ўзводзіць коней на плыты, мосьцячы пад ногі гальлё, дробнае ламачча, каб, барані Бог, капыты не сасьлізнулі між бярвеньняў. Коні трывожна паводзілі вачыма, ступалі па хісткаму насьцілу як адранцьвелымі нагамі, нібы разумелі, што зламаная нага азначае сьмерць. Але абыйшлося.
Чацьвёра на абрыве крыліся за вялізнымі камянямі, якіх там хапала. Пільна выглядалі: ці не пакажацца не ў часе варожы разьезд, альбо што значнейшае.
- Сьцеражыцеся, хлопцы! - папярэджваў камандант. - Нам параненыя зараз вельмі недарэчы.
Вершнікі паказаліся ў зарасьніках, калі апошні конь ступаў на плыт. Раман знакам насьцярожыў засаду і пачакаў, каб не спудзіць каня ў цяжкую для таго хвіліну. Яшчэ раз азірнуўся і крыкнуў:
- Агонь!!!
Чатыры мушкеты плюнулі агнём і дымам. Дазор ірвануў пад аслону лістоты. Атрымаў каторы ці не, невядома, ды й неістотна.
- Уніз, хлопцы! Зараз уся зграя тут будзе.
Кулём скаціліся на бераг і ў момант былі на плыце. Канфэдэраты, не занятыя пры конях, разабраўшы шасты, стаялі ўздоўж плытоў, гатовыя адпіхнуць увесь воз ад берагу. Цяжкія шрыгі - завостраныя бярвеньні, што, утыркаючыся ў дно, трымаюць доўгі ланцуг павязаных між сабою плытоў-лавак, былі ўжо выцягнуты. Ля вялізных вёслаў сьпераду і на канцавым плыце стаялі стырнавыя. Гонка трымалася толькі барбаркай, тоўстым канатам, за дрэўцы на беразе.
- Аддай! - прагучала з гонкі і двое хлапцоў на беразе спрытна выбілі калкі зь петляў барбаркі. Падхапіўшы канат, скочылі на плыты. Усе наляглі на шасты, і гонка пачала адсоўвацца ад берагу. Варухнулася магутная апачына, стырнавое вясло на пярэдняй лаве, і паласа вады між берагам і плытамі пашырэла. Плынь падхапіла гонку і пакуль яшчэ павольна панесла ўніз.
- Рушылі, - з палёгкай выдыхнуў камандзір і ўсьміхнуўся рэтману.
Павярнуўся да абрыва, ці не паказаліся перасьледнікі. Даў бы Бог далей ад берагу ды шпарчэй уніз па плыні. Вада паглыбела і шасты ўжо не дапамагалі, уся надзея на раку.
- А ці нельга далей на сярэдзіну? - запытаўся ў рэтмана камандзір.
- Нельга, пане. Я разумею ваш клопат. Нам таксама кулі - не жалуды. Але так, як ідзем - найлепей. Калі да таго берага падацца, якраз на рапу вынесе. А тады нас, як качак, можна перастраляць.
Усе, і канфэдэраты, і плытагоны, хіба апроч засяроджаных важнай працай стырнавых, неадрыўна ўглядаліся ў пакінуты бераг. Пагоня выскачыла ня там, дзе спадзяваліся. Магчыма ніжэй па плыні знайшоўся лепшы даезд. Пакуль зьявіліся толькі афіцэры. Двое стаялі крыху зводдаль. Усе махалі рукамі, паказвалі адзін аднаму на раку, гарцавалі па беразе. Ніжэйшы з двух, напэўна галоўных, нешта крыкнуў да афіцэраў. Адзін з іх крутануў каня і пагнаў галопам.
- Паслаў падагнаць жаўнераў, - сказаў Янак. - Чакаць будуць.
Ён паказаў на голы кавалак берагу, адкуль плыты будуць дасягальныя для мушкетнага стрэлу. Туды ўжо паскакалі афіцэры, а за імі двое старэйшых.
- Але-ж калі яны нас, то і мы іх дастанем! - крыкнуў нехта з канфэдэратаў, уладкоўваючы мушкет на сядле. Іншыя пайшлі за яго прыкладам.
- Паскубем трохі тых паўлінаў!
Плыт набліжаўся да небясьпечнай рысы павольна але няўхільна. Стары рэтман трымаўся на дзіва спакойна, хоць выдатна разумеў, да чаго рыхтуюцца людзі на беразе. Відаць, звычка да небясьпекі на рацэ выпрацавала ў простага селяніна ці не галоўную рысу верхавода: здольнасьць крыцца з уласнымі трывогамі. Ен чамусьці ўглядаўся ня столькі ў тых на беразе, колькі ў раку наперадзе. Нешта вырашыўшы ці згледзеўшы, павярнуўся да Рамана, ведаў ужо, хто галава ў гэтых адчайных панічоў.
- Ня трывожцеся, пане, пашыюцца яны ў дурні, - стары кіўнуў галавою на бераг. - Не пойдзем мы стрыжнем, як ім здаецца.
Раман зірнуў наперад, але нічога там не ўбачыў.
- Не разумею, - прызнаўся ён.
- Вось і яны не разумеюць, - задаволена рагатнуў рэтман.
Клікнуў аднаго са сваіх і нешта прыцішана патлумачыў. Плытагон, спрытна прабягаючы паклёсамі, доўгімі бярвеннямі, што злучаюць між сабою плыты ў гонку, засьпяшаўся да канцавой лавы. Рэтман кінуў нейкія каманды пярэднім і толькі тады палічыў патрэбным даць тлумачэньні.
- Там далей выспа і пратока. Хто ня ведае, то адсюль і не заўважыць. Па такой вадзе, то там прайсьці цяжкавата, але як мусіш… - стары памаўчаў і загадаў Раману: - Скажыце, пане, хлопцам пакласьці стрэльбы ды ўзяцца за шасты.
Раман не марудзіў ані хвілі. Другі раз на дзень Бог пасылае шанец. Хоць і зьдзіўленыя, але хлопцы падпарадкаваліся: раманава школа вайсковых парадкаў давала плён.
Раптам рэтман гучна пракрычэў:
- Увага пры шастах! Дапамагайце плыту, каб ня лёг на водмель.
Раман не чакаў ад старога такога голасу. Плыт якраз набліжаўся да берага, дзе чакаў непрыяцель. Драгуны расейскай царыцы ўжо рассыпаліся ўздоўж берагу гатовыя да паляваньня. Яшчэ колькі хвілінаў і гонка расьцягнецца пад прыцэлам іх мушкетаў. А пакуль што плыты ішлі па стрыжню пад ярыстым берагам, на шчасьце нязручным для засады. Раман разумеў, што рэтману замінаць не павінен, і сачыў за тымі на беразе. Што атрад не ўсьцераглі, ім ўжо ясна. Ня выключана, разаслалі людзей на пошукі, таму і драгунаў малавата і радзівілавых ня бачна. Хоць на нашай жменьцы папомсьціцца і то радасьць!
- А хто-ж гэта там? - зьдзіўлена прамовіў Раман.
- Дзе? - адгукнуўся Янак.
Раман выдзеліў з двух начальнікаў нечым знаёмую постаць. Пазнаў. Сам яснавяльможны! Гонар - мець такога супарата!
Але маючы на думцы тытул, а не ваярскія здольнасьці. Іншыя былі ў Міхала Радзівіла схільнасьці: ласкі каралёў, бляск Нясьвіжа, веліч роду, сямейныя клопаты. Змушаны палітычнымі меркаваньнямі клану Радзівілаў, цесна пераплеценымі з маёмаснымі справамі, ганяўся пры шаблі за канфэдэратамі па ўсяму Княству ўжо каторы месяц. А тыя, ня маючы сілы на адкрытую бітву, рассыпаліся, як гарох, па лясох ды пушчах і не даюць спакою. Хоць-бы, ліха на іх, каралі неяк дамовіліся. Радзівілы паладзяць з кожным, як і каралі з Радзівіламі. Бо няма магчымасьці згрэбсьці той гарох у нейкія жорны ды перамалоць, каб мець нарэшце спакой. Вось і гэты клапатлівы атрадзік ужо, здавалася, у невадзе, а высьлізнуў, нібы ўюн, і дзе яго шукаць? Шэльма-камэндант, які хутчэй за ўсё на плытах, зноў іх зьбярэ і пачне джаліць, як той сьляпень.
Наяўнасьць маскоўскіх хаўрусьнікаў давала ўпэўненасьць на выпадак бою, але не прыспарала прыхільнасьці шляхты й не забясьпечвала посьпеху ў перасьледах. Салдафонская самаўпэўненасьць, што саступала хіба толькі прускай, рабіла маскоўцаў непрыемным і клапатлівым дадаткам амаль у кожным двары й вёсцы. Выбрыкі жаўнераў Пятра Першага, малахольнага цара, яшчэ моцна сядзелі ў памяці.
Хапае, вядома, і такіх, што кідаюцца ў абдымкі, спадзяючыся нешта мець за сваё халуйства. Князь ставіў сябе па-над гэтай хеўрай, бо лічыў наяўныя і чаканыя прывілеі неад'емнаю часткаю побыту Радзівілаў. Лісьлівасьць князёў ня больш як даніна этыкету, і то да асоб каранаваных.
Ліха на яе, гэту падвойную элекцыю, але-ж і выйсьця не было! Сядзеў-бы зараз у Нясьвіжы, да Міра паехаў, альбо ў Альбу. Сям'я ўвагі патрабуе! Далёкі думкамі ад вайсковай будзёнасьці князь ня чуў, што яму бубніў палкоўнік. З-за ўпартасьці гэтага гусака страцілі некалькі гадзін, чым канфэдэраты й пакарысталіся. А можа яно і да лепшага, аніводнага забітага ці параненага. Раптам у вушы князю Міхалу ўдарыў гучны вокліч: "ГАЛС!"
Перш чым з кустоўя ляснуў адзінокі стрэл, князь пляснуўся на грыву свайго каня, абхапіўшы яго шыю рукамі. Палкоўнік Лунёў ускрыкнуў і схапіўся за плячук. Стрэл узбаламуціў ад'ютантаў. Афіцэры сыпанулі з пісталетаў па кустах, над якімі яшчэ віўся дымок. Кінуліся зь сёдлаў, але непралазныя зарасьнікі шыпшыны і звалы каменьня стлумілі іх імпэт. Пакуль пралезьлі, замаховец зьнік і сьледу не пакінуў. Не знайшлі нічога апроч патаптанай травы ды папяровага пыжа. Толькі тут успомнілі пра плыты.
Раман таксама схамянуўся. Ну, крыкнуў таму Радзівілу, сам ня ведаючы чаму, але ёсьць і важнейшае. Гонкі якраз адыходзілі на сярэдзіну ракі й звычайным шляхам павінны былі прайсьці проста пад драгунскія стрэлы. Між іх ужо пачаўся рух: выбіралі зручнейшую паставу, улаштоўвалі мушкеты на фаркетах, падпорках з рагулькамі, альбо прымяраліся да якога каменя. Але здарылася нечаканае. Заварушыліся стырнавыя, забегалі хлопцы з шастамі, нешта пакрыкваў стары, хутка пераходзячы ад краю да краю плыта. Увесь вялізны воз бярвеньня пачаў збочваць з ранейшага напрамку й нібы ўцягвацца ў супрацьлеглы бераг. Так, прынамсі, здавалася драгунам, але й Раман са зьдзіўленьнем разглядаў няшырокую пратоку, што ўбірала ў сябе плыт за плытам, хаваючы іх за густым дробналесьсем і кустамі, дзякуючы якім і была зусім незаўважнай. Усьлед прагучалі запозьненыя й дарэмныя стрэлы.
* * *
Калі князь дзівіўся, чаму яго ўратавалі, то й сам ратавальнік гэтага не разумеў. Раман стаяў на апошняй гонцы й глядзеў назад. Чаму ён крыкнуў? Ня мог спакойна назіраць скрытнага забойства, як ні кажы, знаёмага чалавека. Замаховец мерыўся ў Радзівіла, бо палкоўнік быў за ім.
- Увага, хлопцы! Прывальваем! - гукнуў на сваіх рэтман.
Канфэдэраты прывычна схапіліся за шасты, не чакаючы асобнай каманды. Плытагоны моцнымі рухамі стырнавых вёслаў зганялі воз да берагу.
- Міхась, дзыгай на барбарку!
Рухавы хлапец скочыў на бераг, цягнучы тоўстую вужаку барбаркі. Другі сьпяшаўся ўсьлед з дубовым гартолем, моцным вострым калом. Нацягнулася прыбітая да зямлі барбарка, вастрыё гартоля, трыманага дужымі рукамі хлапцоў, арала мяккі дзірван, але гонка запавольвала рух і прылягала да берагу.
- Кідай шрыгі!
Плюхнулі вастрыём у ваду цяжкія бярвеньні. Спачатку канцавое, за ім пярэдняе, заглыбіліся ў пясчыстае дно. Некалькі хвілін хапіла, каб плыт прылёг да берагу, нібы тут і стаяў. Раман з захапленьнем назіраў за спраўнай працай сплыўшчыкаў.
- Ну, пане каманданце, вось і даехалі. Хтосьці з вашых хацеў пакатацца, то ці задаволены? - засьмяяўся рэтман.
- Задаволены, дзядзька, - адгукнуўся Янак, - тым больш, што без страляніны.
Канфэдэраты пачалі выводзіць коней з плытоў. Раман звярнуўся да плытагонаў:
- Дзякуй вам, людзі, выратавалі нас! Калі што, кажыце, што прымусілі. Мы лепш хочам для ўсіх, для вас таксама.
- Не нашага розуму справа, пане. Бог усё рассудзіць, - адказаў рэтман. - Абыйдзі вас бяда. Дрэнна, калі чужынцы па нашых людзях на нашай рацэ страляюць.
- Вось вам да нашай падзякі, - Раман усыпаў старому ў руку жменьку манет.
- Тут з паўсотні асмакаў на пачастунак. Бывайце!
- Дзякуем, пане, - паважна пакланіўся рэтман.
Плытагоны неадкладна заняліся сваім знарадзьдзем. Раманавы хлопцы зь берагу дапамаглі шастамі, затым шпурнулі іх на плыты й пайшлі да коней. Скочылі ў сёдлы, памахалі ўсьлед возу шапкамі й рушылі ў прыбярэжны лес. Выспа ўсё яшчэ хавала іх ад вока непрыяцеля.
Калі спадае напружаньне, людзі робяцца гаваркімі. Вось і зараз разгарэліся спрэчкі.
- А шкода, што князь прыгнуўся. Хай-бы і ссадзіў яго той стралец!
- Але няблага, што і маскаль атрымаў!
- Разумна баеш, - важна азваўся Янак. - З князя жаўнер марны й рэгімэнтар нікчэмны. Хай лепш ён за намі ганяецца, чым хто здальнейшы.
Ня мог Янак ведаць, што напрыканцы наступнага года зьдзейсьніцца мара князя, і ён стане польным гетманам літоўскім. Не таму, што пераможа канфэдэратаў, бо гэта зробіць хто іншы праз год, і не ў Вялікім Княстве, дзе канфэдэраты суцішацца толькі пасьля Пацыфікацыйнага Сойму і амністыі ў 1736 годзе. Міласьцівы Кароль ведаў, што Міхал Радзівіл не Януш і не Багуслаў, але памятаў як грудзьмі стаў за яго абраньне. Стаў, бо баяўся рабунку сваіх маёнткаў расейскімі хаўрусьнікамі саксонскага прэтэндэнта. Трэба сказаць, што пашэньціла ня толькі князю з пасадай, але й войску, бо не дасьведчыла на сабе яго сьціплых ваяцкіх здольнасьцяў. Але менавіта ён упершыню распрацаваў і ўвёў у войску Вялікага Княства мундыры.
Не сьпяшаючыся, ехалі раманавы хлопцы па вузкай лясной дарозе, пакрысе даходзячы да ладу-спакою.
- А што гэта вы крыкнулі такое, пане каманданце, што той наверсе да каня прыпаў? - ня вытрымаў нехта з маладых але спасьцярожлівых.
- Скеміў, бачу, - ухвальна сказаў Раман. - Каманду такую крыкнуў, якой мы некалі разам вучыліся.
- Дык гэта ён па каманьдзе нашага камэнданта такі артыкул выкінуў! - разрагаталася грамада. - Мусіў, каб кулю не атрымаць! Няўжо гэта сам князь?
- То вы з Радзівіламі знаецеся? - не паверыў пачутаму Янак.
- Толькі з адным, - засьмяяўся Раман. - Менавіта з гэтым, але даўно і далёка, а вось сёньня лёс зьвёў.
Выбіліся на лепшую дарогу. Раман прыпыніў каня.
- Вядзі, Янак, хлопцаў і чакай там астатніх. Адпачніце ня менш як дні тры. Вярнуся, раскажу пра князя.
КНІГА, ЯКУЮ ЧАКАЮЦЬ
Добрая літаратура як наркотык. Замяняе сяброў і дае вялікаю асалоду. Дазваляе забыцца пра праблемы гэтага складанага сьвету, пра адсутнасьць грошай і каханага чалавека побач. Час ад часу ёсьць патрэба, як ў дзяцінстве, забіцца з кніжкаю ў куток і чытаць, з галавою акунуўшыся ў атмасфэру прыгодаў і інтрыгаў нашай сівой даўніны.
На працягу апошніх пятнаццаці-дваццаці гадоў нас напаткала багата стратаў сярод пісьменьнікаў і гісторыкаў, кожная зь якіх рабіла беларусаў яшчэ больш далёкімі й непазнавальнымі для сьвету.
Не хачу быць занадта пессымістычным, але сытуацыя за мінулыя дзесяць гадоў на беларускім літаратурным рынку амаль не зьмянілася. Не дапамаглі ні надзвычай жорсткая крытыка, ні выданьне новых літаратурных часапісаў. Зьяўленьне вартых чытаньня твораў, не кажу ўжо пра тыя, якія вытрымаюць выпрабаваньне часам, па-ранейшаму вынятак, а не правіла. Шчыра сказаць, яно і павінна так быць, але са скрухаю мушу зазначыць, наколькі іх ў нас мала. Творы прыгодніцкага жанру, якія зьявіліся апошнім часам, і якія, думаю, будуць чытаць і ў ХХІІ-м стагодзьдзі, можна пералічыць на пальцах аднае рукі. Толькі тры рэчы здаліся мне вартымі чытаньня, аповесьць В. Адамчыка "Падарожжа на Буцафале", п'еса А. Петрашкевіча "Крыж Еўфрасіньні" і расейскамоўны раман У. Бутрамеева "Карона Вялікага Княства". Першая кніжка Аркадзя Шайбака (Ліцьвіна) "Галс" з гэтага шэрагу. Большасьць-жа новых кніжак напісаныя на ўзроўні, што па рынкавых законах не павінны былі зьявіцца ўвогуле.
Зьяўленьне новага імя ня можа ня радаваць. Шчыра вітаю Аркадзя Шайбака, які ўжо першым сваім раманам, дасягнуў значнай вышыні. І самае галоўнае "Галс", ні чым ня горш, чым Бутрамеева "Карона". Але плюс вялікі за тое, што напісаны сакавітаю беларускаю моваю. Дыялёгі цудоўныя. Гэтым прыёмам аўтар валодае на выдатна. Яшчэ адзін плюс за старыя беларускія напаўзабытыя словы, якія аўтар вяртае ва ўжытак.
Таксама вялікі плюс, што раман шматплянавы, ёсьць некалькі сюжэтных лініяў. У гэтым сэнсе ў нас было вельмі забеднена зь сюжэтамі, апроч, зразумела, Караткевіча. Паспаліты чытач даўно сумуе ў чаканьні прыгодаў, сапраўдных герояў, якімі можна ганарыцца, якіх можна браць за прыклад, на якіх ня сорамна гледзіць на экране. У гэтым сэнсе чытач рэцэнзуемай кніжкі павінен быць задаволены. Найбольш захапляльна чытаюцца сцэны з пагоняю на плытах, бойка на пачатку рамана ў лесе, уцёкі Галса са школы мушкецёраў, пагоня жытнёвым полем. Усё гэта цудоўна. Але чытач дасьведчаны й адукаваны патрабуе вытанчаннасьці й дасканаласьці ад любога аўтара.
Таму пытаньне: дзе каханьне, дзе пачуцьці? Слабаватай выглядае гэтая лінія, пачынаючы са сцэны сустрэчы паміж Галсам і Агатаю. Яна павінна быць значна шчырэйшаю і праўдзівейшаю.
Не надта добра чытаецца, бо ламае рытм апавяданьня і ня мае інтрыгі, аповед пра ўдзел французскай эскадры ў абароне Гданьску. У гэтым выпадку словамі Данілы Жукоўскага можна сказаць: "Гістарычна-тлумачальных адступленьняў - дзе зашмат, а дзе - замала. Трэба багата прыкласьці намаганьняў, каб спрасьціць гэтыя адступленьні, якія часам нагадваюць дрэнны пераклад з польскае".
Досыць камічным, нават дуркаватым, выглядае расейскі палкоўнік Лунёў, тут адразу заўвага на адрас аўтара - мова расейскага афіцэра сярэдзіны ХVІІІ-га стагодзьдзя была іншаю, ня мовай дасьведчаных дваранаў з звычайна французскай адукацыяй пачатку - сярэдзіны ХІХ стагодзьдзяў. Гэта заўвага аднолькава тычыцца ўсіх расейскамоўных дыялёгаў.
Наогул-жа раман чытаецца на адным дыханьні. Для прыгодніцкага твору гэта вельмі важна. Па-добраму насьмяшыў аўтар ў сцэнах з пераапрананьнямі - раман набывае добры гумарыстычны запал.
Раман пра Галса распачынае новую бачыну ў беларускай забаўляльнай літаратуры. Гэта сур'ёзьнейшы крок наперад, перамога над сваімі комплексамі, падручнік для выхаваньня сьведамых грамадзянаў незалежнай краіны, прыклад павагі да ўласнай гісторыі й павагі да сваіх продкаў.
Аркадзю Шайбаку ёсць чым ганарыцца. Мне застаецца толькі пажадаць яму ўсяго найлепшага, найперш посьпеха ў справе прасоўваньня рамана на літаратурны рынак Беларусі. Я разумею таксама, што гэта толькі пачатак, павінна быць і другая кніжка, і трэцяя. Інакш нельга. Інакш навошта ўсе гэтыя інтрыгі?
Раман чытаў
Лявон ДРОЗД-БЫКОЎСКІ