ГНУСЯ, АЛЕ ДА ПАРЫ
Беларускага жыцьця ў Амэрыцы значна больш, чым на Бацькаўшчыне. Да такой горкай высновы прыйшоў, калі прачытаў апошні выпуск "Беларуса". Дзякуй Богу, газэта адраджаецца і дае падставы меркаваць, што будзе зь цягам часу станавіцца ўсе лепей і лепей, збіраючы на сваіх старонках і вакол сябе людзей, якія думаюць па-беларуску. А горка і сумна ад таго, што адбываецца зь беларускімі літаратурнымі часапісамі й газэтамі ў Менску. Іх душаць фінансава і арганізацыйна. Вялікія цяжкасьці ў газэты "Наша Слова". Аб гэтым напісаў мне зь Менску яе галоўны рэдактар пісьменьнік Эрнэст Ялугін. І амаль усе допісы, што прыходзяць зь Беларусі ад маіх сяброў - пісьменьнікаў і журналістаў, заканчваюцца рытарычным пытаньнем: як цяпер жыць?
Усе, хто думае па-беларуску і ня хоча быць халуем рэжыму, практычна ня мае права на працу. А ў людзей ёсць дзеці, якіх патрэбна гадаваць… Мара аб тым, што "вечна мы будзем вольныя людзі жыць на шчаслівай і вольнай зямлі", аказалася толькі марай. Марнай.
Так склалася жыцьцё, што з маленства мне пасшчасьціла расьці ў пісьменьніцка-журналіскім атачэньні, бачыць і размаўляць зь Якубам Коласам, Аркадзем Куляшовым, Міхасем Лыньковым, вучыцца беларускай мовы ў паэта і настаўніка Станіслава Шушкевіча - бацькі першага Старшыні Вярхоўнага Савету несавецкай Беларусі Станіслава Шушкевіча, зь якім мы разам навучаліся ў 13-й менскай школе. Гэта былі людзі неардынарныя - сапраўдныя беларускія інтэлігенты. Зараз такіх ў Беларусі няма і ня хутка зьявяцца. Рэшткі беларускае інтэлігенцыі неяк боўтаюцца ў брудных хвалях калгаснага бальшавізму і нешта робяць, каб ня быць мярзотнымі самым сабе, падстаўляючы плечы пад лукашэнкаўскія дубіны. Затое тут, на эміграцыі, ёсць яшчэ нязьніклая душа народу, якая выдае беларускія кнігі, выпускае зь вялікімі цяжкасьцямі газэту "Беларус". Беларусь павінна быць удзячная Вітаўту Кіпелю, яго памочніку Лявону Юрэвічу, Янку Запрудніку за тое, што беларускую мову й культуру захавалі яны для нашчадкаў. А маладая францужанка Аляксандра Гужон дасьледуе сёньняшнюю гісторыю Беларусі грунтоўна і з захапленьнем. Гэта-ж шчасьце вялікае ведаць, што есць такія людзі. Бяда Беларусі у тым, што яе мову і культуру душылі й знішчалі ўсе, каму яна карцела - ад польскіх каралеў, расейскіх цароў да бальшавікоў і калгаснага "прэзыдэнта". Пры бальшавіках гэта рабілася найбольш цынічна. Далі падрасьці беларускай інтэлігенцыі, а потым зрэзалі як літаўкай-касой пад корань, пакінуўшы на развод колькі верных вырошчвальнікаў "мясцовай культуры" - "нацыянальнай па форме, сацыялістычнай па зьместу". А пры лукашызму як абышліся з Саюзам пісьменьнікаў? Прынялі ў яго аж 500 чалавек - чыноўнікаў, былых партыйных і камсамольскіх функцыянераў - размылі асноўны носьбіт нацыянальнае культуры паслухмяна-чыноўным брудам. Зь 500 сяброў Саюзу пісьменнікаў 300 паэтаў. Ці сапрауды ёсць такая колькасць творцаў? Як пісаў бацька Колас у "Новай зямлі", "сядзяць пісцы, як гною кучкі". Не, гэта ваколлітаратурнае сьмецьце. Затое сапраўдныя пісьменьнікі дзе? Васіль Быкаў ў Нямеччыне, Сьвятлана Алексіевіч у Італіі, Уладзімер Някляеў у Фінляндыі, Міхась Шульман і Марат Баскін у Нью-Ерку. Колькі носьбітаў роднае мовы разьбегліся ад Лукашэнкі як ад чумы! Зараз загадваць літаратурным працэсам будзе апантаная Ніна Чайка - славутая тым, што Беларускае радыё зрабіла рупарам шызоіднага лукашызму.
Цяжка й брыдка пра ўсе гэта думаць. Кепска на душы. І ўсе-ж ёсць надзея, што кольвечы будзе пачутая і спраўдзіцца слова песьняра:
Я мужык, а гонар маю,
гнуся, але да пары.
Я маўчу, маўчу, трываю,
але скора загукаю:
стрэльбу, хлопчыкі, бяры!
Для гэтага трэба, каб народ наш адчуў у душы сваёй беларускасьць. Патрэбен час.
Давайце часцей думаць пра нашу Радзіму. Дзяліцца думкамі аб ёй. Вось выходзіць на чужыне нашая газэта - танюсенькая, але дарагая сэрцу. Гэта вам ня "Новое русское слово", у якім няма нічога новага, няма і слова шчырага, бо гэтае выданьне друкуе размовы з Лукашэнкам і зь яго амбасадарам Лінгам, яна, наколькі мне вядома, заўжды працавала пад кантролем маскоўскіх чэкістаў.
"Беларус" - гэта нашае выданьне. Давайце зь ім сябраваць! Ня толькі чытаць, але і супрацоўнічаць.

Уладзімер Левін