Гадавіна паўстаньня
Па ініцыятыве Горадзенскага аддзелу Фундацыі імя Льва Сапегі 26-га кастрычніка ўжо сёмы год адзначалася гадавіна паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Сёлета на сьвяткаваньне былі запрошаныя прадстаўнікі Таварыства Беларускай Культуры зь Летувы, якія ахвотна запрашэньне прынялі, каб разам ушанаваць памяць паўстанцаў 1863-га году.
Удзельнікі сьвяткаваньня пад бел-чырвона-белымі сьцягамі прайшлі па Сьвіслачы да магілы старэйшага брата Кастуся Віктара Каліноўскага. Затым накіраваліся да помніка Кастусю Каліноўскаму, устаноўленых беларусамі-патрыётамі. Сябры Таварыства братоў Каліноўскіх выступілі з прамовамі. Цікава распавяла пра сям'ю Каліноўскіх праўнучка Віктара Каліноўскага, 16-гадовы ўнук якой жыве ў расейскім горадзе Чэбаксары, завецца ён Кастусь Каліноўскі, валодае беларускаю моваю і характарам падобны на свайго продка.
Са Сьвіслачы ўдзельнікі накіраваліся ў былы фальварак Каліноўскіх. Тут на падмурках іхняга дому пастаўлены 6-мэтровы мэталёвы крыж і камень-валун з памятным надпісам. Тут выступілі старшыня фонду імя Льва Сапегі Ўладзімер Хільмановіч, Хведар Нюнька ды іншыя ўдзельнікі фэсту.
Пасьля афіцыйнай часткі ў Белавескай пушчы гасьцей чакаў пачастунак пры вогнішчы й выступленьне барда зь Менску Зьміцера Сідаровіча.
З прыемнымі ўражаньнямі вярталіся дадому госьці зь Летувы - ад добрай патрыятычнай імпрэзы, ад сустрэчы з старышынём Таварыства братоў Каліноўскіх Анатолем Валюком, рэдактарам часапіса "Свой лад" Віктарам Сазонавым, краязнаўцам-энтузыястам Алесем Талерчыкам, журналістам Паўлам Мажэйкам, мастаком Алесем Пушкіным ды іншымі.
Хведар НЮНЬКА
Старшыня ТБК у Летуве