Газэты Ангельшчыны аб Беларусі
У Англіі выходзіць штодзённая польская газэта "Dziennik Polski", у суботу яна ўжо называецца "Tydzien Polski". У газэце часта пішацца пра Беларусь, аб ведамых людзях польскага паходжаньня, якія там нарадзіліся, аб гарадох, касьцёлах і г. д. Зьмест артыкулаў за малым выняткам ёсьць аб'ектыўным.
07.06.03 у суботнім нумары быў надрукаваны артыкул "Што там, пане, на Беларусі?", які складаецца з шасьці частак. У першай частцы апісваецца цяперашні беларускі герб, які, паводле аўтара артыкулу Адама Ф. Вайцяхоўскага, нагадвае даўні герб БССР з малымі зьменамі. У доме гарвыканкаму ў Баранавічах ёсьць цяперашні сьцяг і герб, а вось на блізкім будынку раённых уладаў ёсьць герб з серпам і молатам. Калі журналіст запытаў дзяжурнага афіцэра аб гэтым, той адказаў, што такімі дробязямі тут ніхто не цікавіцца. Варта дадаць, што вывешваньне савецкіх сымбаляў лічыцца дробязьзю, але бел-чырвонага-белага сьцягу і Пагоні... крымінальным злачынствам.
У другой частцы артыкулу сп. Вайцяхоўскі апісвае адносіны беларусаў да цяперашняга дзяржаўнага сьцягу. У будынку баранавіцкага шпіталю той сьцяг таксама замянілі былым БССРаўскім з-за недахопу фінансаў, каб набыць сёняшні.
"Мова ёсьць, бадай, найважнейшым элемэнтам нацыянальнай тоеснасьці", сьцвярджае сп. Вайцяхоўскі. Але ў Беларусі беларуская мова ў няласцы. Усюды чуецца расейшчына. У школах дзеці спачатку вучацца чытаць і пісаць па-расейску, і толькі потым па-беларуску. Вышэйшую адукацыю можна здабыць толькі на расейскай мове. Прыкра, балюча і сорамна чытаць гэтую частку артыкула.
Чацьвёртую частку аўтар пачынае словамі, што "беларуская нацыянальнасьць у стане адраджэньня". Важнаю датаю ёсьць дзень 17-га верасьня, дзень, калі Чырвоная Армія прыйшла ў Заходнюю Беларусь. Вуліцы 17-га верасьня можна знайсьці ва ўсіх буйнейшых населеных пунктах.
Помнікам Леніну і Дзяржынскаму ў Беларусі нічога не пагражае. Паводле сп. Вайцяхоўскага, Адама Міцкевіча паважаюць у Беларусі. У Наваградку і Завосьсі ёсьць ягоныя музэі.
У пятай частцы апісваецца жыцьцё палякаў у Беларусі. Аўтар называе іх беларусамі польскага паходжаньня, але ня раіць ужываць такую назву ў іх асяродзьдзі. Палякі ў Беларусі ўважаюць сябе "палякамі, якія жывуць па-за межамі краю". Маладое пакаленьне палякаў у Баранавічах ня хоча, каб Польшча ўступала ў Эўразьвяз, бо гэта ўскладаніць кантакты зь ёю.
Апошні разьдзел ёсьць падсумаваньнем. На думку сп. Вайцяхоўскага, палякі павінны імкнуцца да таго, каб беларусы пачалі глядзець у бок Бруксэлю, а не Масквы. Ён дае вельмі добрую параду, што навучаньне беларусаў моцнае нацыянальнае сьведамасьці будзе важным і вырашальным чыньнікам у будучым краіны.
У дадатку да суботняй газэты "The Daily Telegraph" ад 14.06.03 быў доўгі артыкул з фатаграфіямі аб беларускіх тэнісістах. Узгадваецца падаючая вялікія надзеі 13-гадовая Вікторыя (Віка) Азаранка, 7-гадовая Віялета Шаталава, 16-гадовая Даша Кустова ды іншыя. Аўтар артыкулу Пітэр Фостэр лічыць, што ў бліжэйшыя дзесяць гадоў тэнісісты з Усходняе Эўропы будуць адыгрываць вядучую ролю ў сусьветным тэнісе. З артыкулу вынікае, што маладыя спартоўкі не займаюцца спортам дзеля спорту, альбо для асабістай славы ці славы Бацькаўшчыны. Мэтаю ёсьць дабіцца лепшага матар'яльнага жыцьця. Зрэшты, так было амаль заўсёды ў цэлым сьвеце, ёсьць цяпер і будзе ў будучым.
У канцы майго агляду трохі асабістых заўвагаў. У Англіі часта бываюць беларускія спартоўцы, яны дабіваюцца перамогаў, якімі мы цешымся і ганарымся, але гэтыя людзі ніколі не цікавяцца жыцьцём беларускай дыяспары ў Англіі. Ведаю, што польскія спартоўцы адведваюць польскія асяродкі ў Лёндане. У нас заўсёды інакш...
22-га чэрвеня перастала біцца сэрца вялікага беларускага патрыёта, пісьменьніка і гуманіста Васіля Быкава. 30.06.03 у газэце "The Times" быў доўгі некралёг аб ім зь біяграфіяй і апісаньнем творчасьці. Некралёг напісаны вельмі добра, дэталёва, аўтар дакладна абазнаны з жыцьцём В. Быкава, ягонымі творамі й перажываньнямі за сваю родную Бацькаўшчыну-Беларусь.
Міхась ШВЭДЗЮК