Гісторыя газэты "БЕЛАРУС"
Грамадзкую газэту не маглі не закрануць, натуральна, праблемы, што тое грамадзтва хвалявалі, разьядноўвалі, і пра іх далей будзе весьціся гаворка. Зараз-жа хочацца зьвярнуць увагу на факт канфэсыйнай талерантнасьці на старонках "Беларуса", калі, незалежна ад веравызнаньня і паглядаў галоўнага рэдактара, друкаваліся матар'ялы Праваслаўнай Царквы, Каталіцкай, Грэка-Каталіцкай, зьмяшчалі свае словы пратэстанты, прадстаўнікі іншых Цэркваў. Ідэю, якою кіравалася і па-сёньня кіруецца рэдакцыйная калегія газэты, выклаў 15-га красавіка 1972-га году тагачасны рэдактар "Беларуса" Ст. Станкевіч у лісьце да Ўладыкі Мікалая:

"Яго Высокапраасьвяшчэнству Япіскапу БАПЦарквы Ўладыку Мікалаю ў Таронта, Канада.
Высокадастойны Ўладыка,
У гэтым лісьце хацелася-б шырэй выясьніць асноўныя прынцыпы, якімі кіруецца газэта "Беларус", а таксама беспасярэднія прычыны, дзеля якіх ня можа быць надрукаваны ў ёй прысланы нам артыкул Грыбка "Ізноў ілжуць". Гэтыя прычыны наступныя.
Першае. Артыкул на вылучна царкоўную тэму, канкрэтна ён палемізуе й зьняпраўджвае яўную хлусьню, зьмешчаную ў царкоўным часапісе а. І. Лапіцкага "Царкоўны Сьветач", а таму найбольш адпаведнае яму месца ў царкоўным часапісе БАПЦ "Голас Царквы". Даволі дзіўна: рэдактар "Голасу Царквы" сп. М.Міцкевіч усьцяж жаліцца, што ня мае даволі матар'ялаў для друкаваньня, а тымчасам матар'ялы, цалкам адпаведныя для "Голасу Царквы", прысылаюцца ў сьвецкую газэту "Беларус". Мы ахвотна друкуем у "Беларусе" матар'ялы, навет і абшырныя, зь бягучага беларускага царкоўнага жыцьця, як, прыкладам, справаздачу з наведваньня Архіяпіскапам Андрэем Ангельшчыны, тады гэткую-ж справаздачы з наведваньня Япіскапам Мікалаем Аўстраліі й падобн. Затое матар'ялы царкоўна-гістарычныя, дагматычнага характару, асабліва-ж палемічнага характару, якім ёсьць артыкул Грыбка "Ізноў ілжуць", для "Беларуса" як органа сьвецкага зусім не падыходзяць. Не апошняе важнасьці й чыста практычныя меркаваньні: у "Беларусе" заўсёды вельмі цесна з друкаванаю плошчаю, каб зьмяшчаць у ім матар'ялы хоць і важныя ў вагульным сэньсе, але нясугучныя профілю нашае газэты, затое ў "Голасе Царквы", профіль якога ня супярэчыць артыкулу "Ізноў ілжуць", друкаванай плошчы, як нам ведама, даволі.
Другое. Ад колькіх год газэта "Беларус", ідучы напярэймы грамадзкай апініі, пастанавіла не ўваходзіць у палеміку зь людзьмі й прэсавымі органамі, што сьвядома кіруюцца ілжой, паклёпніцтвам, інсынуацыямі й дэмагогіяй ў змаганьні за свае групавыя ды асабістыя, нярэдка інсьпіраваныя яўна варожымі нам сіламі, інтарэсы й мэты. У прынцыпе мы не адмаўляемся ад аб'ектыўнае палемікі, але зь людзьмі, што, паводля нашага перакананьня, мыляюцца, не разумеюць некаторых справаў або хвальшыва паінфармаваныя, але якім нельга закінуць злой волі й сьведамага намеру шкоджаньня нашай нацыянальнай справе. А таму, што "Царкоўны Сьветач" у сваёй ілжы й паклёпніцтве супраць БАПЦ кіруецца якраз злой воляй і сьведамым шкоджаньнем, ён проста недастойны нашае ўвагі. З гэтае прычыны мы спынілі ўсякую палеміку з хмараўскім "Беларускім Голасам", навет не ўважаем за патрэбнае бараніць саміх сябе перад ягонымі паклёпамі, бо хлусьня хмараўскіх пашквіляў нагэтулькі відавочная, што не дастойная якой-небудзь увагі.
Праўда, той-сёй можа сказаць, што хмараўскай хлусьні, а таксама й падобнай да яе хлусьні а. Лапіцкага ды а. Каўша некаторыя могуць паверыць, калі гэтая хлусьня ня будзе публічна зьняпраўджаная. На нашую думку, разумны й сумленны чалавек гэнай хлусьні ня паверыць, а могуць паверыць адно людзі або бязмежна дурныя й недаразьвітыя, або тыя, што маральна ды ідэйна самі стаяць ані ня вышэй за аўтараў гэнае хлусьні. А вучыць дурных або пераўзгадоўваць людзей амаральных - лішняя трата дарагога часу, якога й так не стае для справаў куды важнейшых.
У свой час мы зьмясьцілі ў "Беларусе" колькі палемічных артыкулаў Грыбка супраць а. Лапіцкага, як "Куды вядзеш?", "Данос" і інш. Як пазьней пераканаліся, сярод паважных нашых людзей артыкулы гэныя мелі рэзананс ня зусім карысны для нашае газэты.
Тарнаваная газэтай "Беларус" тактыка апраўдала сябе поўнасьцяй. Пра гэта найлепш сьведчыць той факт, што ад часу спыняньня ўсякае палемікі з тымі, якія недастойныя, каб зь імі палемізаваць, хто заміж фактаў і аргумэнтаў сьвядома паслугоўваецца ілжой і правакацыяй, хто пры ўсім гэтым кіруецца злой воляй і жаданьнем шкоджаньня нацыянальнай справе, - павага і аўтарытэт "Беларуса" сярод грамадзтва падняліся вельмі высока. Адпаведна з гэтым павялічылася грашовая дапамога для газэты. А гэта для нас таксама аргумэнт не апошняй вартасьці, бо газэта выдаецца вылучна за грамадзкія ахвяры. У другой палавіне сакавіка сёлета па лініі газэты я наведаў беларускія асяродкі ў Кліўлендзе, Чыкага й Дэтройце. І ўсюды нашыя прыхільнікі, чытачы і ўспамагальнікі із задавальненьнем апрабавалі цяпершнюю тактыку газэты. Гэтая тактыка заўсёды апрабоўвалася й рэкамэндавалася й на Кангрэсах БАЗА, і на розных грамадзкіх зборках ды нарадах, і ў шматлікіх лістох у рэдакцыю. Гэткая вось грамадзкая рэакцыя і ацэна нашае дзейнасьці ўскладае на нас абавязак цьвёрда трымацца ўзятай апошнімі гадамі газэтай "Беларус" лініі.
Др. Ст. Станкевіч, старшыня рэдакцыйнае калегіі газэты "Беларус" і галоўны рэдактар".
Рубрыку вядзе Лявон ЮРЭВІЧ

На здымку: рэдактар газэты "Беларус" Станіслаў Станкевіч.