Гісторыя газэты "БЕЛАРУС"
Беларускія грамадзкія арганізацыі Канады заўсёды былі бліжэй да амэрыканскіх за ўсе іншыя. Тут, верагодна, адыгралі ролю і гэаграфічная бліжыня, фактычная адсутнасьць межаў, і актыўнасьць канадыйскіх беларусаў.
Напачатку 60-х гадоў у Канадзе склалася прыкрая сытуацыя зь беларускаю прэсаю: выданьне "Беларускага Эмігранта" было спыненае (як тады казалі, у сувязі з набыцьцём будынку), "Бацькаўшчына" пачала выходзіць значна радзей, а хмараўскі "Беларускі Голас", натуральна, ня мог прэтэндаваць на агульнаграмадзкае кансалідацыйнае выданьне.
У зьвязку з гэтым старшыня Галоўнай Управы БАЗА Ст. Станкевіч даслаў Галоўнай Управе Згуртаваньня Беларусаў Канады (ЗБК) ліст (20 чэрвеня 1963 г.), дзе ў прыватнасьці пісаў наступнае: "Новая Галоўная Ўправа БАЗА, выбраная на 10-м Кангрэсе БАЗА 1-га й 2-га чэрвеня сёлета, аднэй з галоўных сваіх мэтаў пастанавіла зрабіць усе магчымыя натугі, каб выдаваць сталы друкаваны прэсавы ворган Беларусаў у Амэрыцы". Сябрам ЗБК было прапанавана далучыцца да гэтай акцыі з тым, каб "Беларус" выходзіў або двойчы на месяц, або ў павялічаным памеры, ды быў бы агульным ворганам на ўсю Паўночную Амэрыку.
Згода была атрыманая, паразуменьне дасягнутае, рэдактарамі канадыйскай старонкі былі прызначаныя Кастусь Акула з Антонам Маркевічам, сфармаваная новая рэдакцыйная калегія ў Нью Ёрку (рэдактар В. Тумаш, сябры - Н. Арсеньнева, Я. Запруднік, В. Кіпель, А. Шукелойц). Назоў газэты пакідаўся той самы, а для канадыйскай бачыны прыдумалі загаловак "Весткі з Канады", які намаляваў М. Рачыцкі. Былі праблемы з пошукамі друкарні: толькі дзьве з усіх маглі браць на машыну адразу чатыры бачыны кірылічнага тэксту - расейская "Новое Русское Слово" ды ўкраінская "Свабода". Але свае газэты ў іх друкаваліся штодзённа і таму замоў збоку ня бралі. Нарэшце знайшлі яшчэ адную ўкраінскую друкарню, Э. Сарахмана "East Side Press", на Першай Аве., якая згадзілася друкаваць газэту павялічаным фарматам (шэсьць бачынаў) накладам 1000 асобнікаў за 280 даляраў. 250 асобнікаў прызначалася для разсылкі ў Канаду, рэшта - Амэрыка, Аўстралія, Эўропа, СССР. Згодна дамоўленасьці з друкарняю, палова рукапісаў мусіла быць дасланаю за 14 дзён перад выхадам нумару, чацьвёртая частка за 8 дзён, апошняя частка за 4 дні перад выхадам нумару.
Трэба сказаць, што праблемы з канадыйскаю рэдакцыяй пачаліся бадай зь першых выпускаў, спрацавалі й асабістыя амбіцыі, і неаднолькавы ўзровень падрыхтаванасьці да рэдакцыйнай працы. Прэтэнзіі К. Акулам у лістах да Ст. Станкевіча выказваліся розныя: "Бачу, ізноў маеце прэтэнзіі, што пішам аб навасельлях ці аб ахвярах на помач некаму. Нам незразумела, чаму гэта мае абніжаць вартасьць газэты. Маса людзей нашых цікавіцца гэткімі новасьцямі ня менш, чым выстаўкамі аб Скарыне" (9.12.1963), "Цяпер-жа я рашчараваны.. Перш мае быць, як пішаце, гутарка з дырэктарам Бэлэр-Менску, пасьля зь нейкім кубінскім рэвалюцыянэрам.. Выходзячы з вышэйсказанага "Гутарку зь пісьменьнікам К. Акулам" прашу не зьмяшчаць у "Беларусе" наагул. Будзьце ласкавы адаслаць мне яе назад, а фатаграфію, як не жадаеце трымаць, то таксама адашліце. У кожным выпадку забараняю яе зьмяшчаць у прэсе. Што да мовы, то буду трымацца такой мовы, якой карыстаўся раней" (24.12.1963).
Газэта жыла нялёгкім жыцьцём. Грошаў на выданьне не ставала: спадзяваньне на дапамогу канадыйскіх падпішчыкаў не апраўдалася. Управа БАЗА мусіла выдаць адмысловы зварот: "Вельмі паважаны Спадар/Спадарыня! Нам цяжка паверыць, што Вы ня хочаце атрымліваць адзінай беларускай газэты ў Амэрыцы "Беларуса", якая стала інфармуе Вас аб беларускім жыцьці ў вольным сьвеце і ў паняволенай Бацькаўшчыне, а таксама насьвятляе палітычнае палажэньне ў цэлым сьвеце. Нам таксама ня верыцца, што Вы шкадуеце сумы 4 даляраў у год на падпіску за газэту тады, калі невялікая група ахвярных суродзічаў сваімі месячнымі ды адмысловымі складкамі фінансава ўтрымліваюць "Беларуса". У траўні 1964 году Вітаўт Тумаш адмовіўся ад рэдактарства, матывуючы адмову занятасьцю на працы й хваробаю жонкі. Яго замяніў Ст. Станкевіч.
Адбыліся зьмены ў канадыйскай рэдакцыі таксама: да К. Акулы з А. Маркевічам дадаўся Барыс Рагуля, які ўзначаліў рэдкалегію. Праўда, на гэта Акула зазначыў Станкевічу ў лісьце: "Прашу ў усіх справах, зьвязаных зь "Весткамі", кантактавацца са мной. Калі будзеце пісаць да Рагулі ці навет да Маркевіча, дык гэта адно страта часу... Хачу папрасіць, каб перасталі цэнзураваць мой матар'ял" (4.06.1964).
Трэба адцеміць, што няпросты, ваяўнічы характар Кастуся Акулы напоўніцу выяўляўся ня толькі ў прыватным ліставаньні. Пісьменьнік лічыў, што беларускай літаратуры не стае жанру фэльетону, таму ўласным "Запіскам Яўхіма Крайняга", напісаным у традыцыях А. Мрыя ды Л. Крывічаніна, надаваў асаблівую ўвагу. Яго надта абыходзіла цэнзура, асабліва калі рабілася тое не ў мастацкіх мэтах. У сваіх фэльетонах Акула апісваў жыцьцё і характары беларускай грамады ў Канадзе, не шкадуючы "тараканаў у саладусе", "кірпачоў", крытыкуючы бязьдзейснасьць, "нацыянальнае мяшчанства", робячы характары ня проста сьмешнымі - пазнавальнымі.
Зразумела, багата каму ў Таронта тое не спадабалася. Пасьля неаднаразовых, але безвыніковых спробаў націснуць на аўтара ды на рэдактара, 27 чэрвеня 1965 году Галоўная Ўправа ЗБК за подпісам старшыні ЗБК А. Грыцука і сакратара Р. Жук-Грышкевіч вынесла наступную пастанову: "Дзеля таго, што Галоўная Ўправа ЗБК лічыць газэту "Весткі з Канады", а часткова й газэту "Беларус" у іх зьмесьце дэструкцыйнымі, і дзеля таго, што рэдкалегія "Вестак з Канады" ігнаруе пастановы Галоўнай Управы ЗБК і паступае самавольна - Галоўная Ўправа пастанавіла: зь днём 27 чэрвеня завесіць выдаваньне "Вестак з Канады"; завесіць рэдкалегію "Вестак з Канады" у яе чыннасьцях; зьняць з ЗБК усякую адказнасьць - маральную й матар'яльную за газэту "Беларус".
Нягледзячы на пастанову, бачынка з навінамі з Канады ў газэце працягвала існаваць, толькі Кастусь Акула пісаў у "Беларус" ужо не як "адміністратыўная адзінка", а як незалежны пісьменьнік і сваёй пазыцыі не мяняў.. Падобная сытуацыя, напэўна, дратавала Ўправу ЗБК, што вылілася ў востры ліст А. Грыцука: "Вельмі паважаны сп-р Акула. Дзякую Вам за ліст і інфармацыю. Наагул у нашай рэдакцыі завяліся вялікія непаладкі. Ня ведаю, ці ўдасца ўтрымаць канадыйскае выданьне "Беларуса". Калі хтось сядзіць у балоце, то ён часта ня бачыць, што робіцца кругом. Таксама й з Вамі й Ст. Станкевічам. Больш паўгода таму я пісаў Ст.Станкевічу, што пры гэткай пастаноўцы рэдакцыйнай справы газэта "Беларус" праваліцца. Бязумоўна, ён нашмат разумнейшы й навет на гэта нічога не сказаў і не зрэагаваў... Я Вам таксама мінут 15 даказваў аднойчы, што такім рэдагаваньнем канадыйскае старонкі Вы заваліце газэту. Вы стаіце на памылковых ідэалягічных асновах. Гэта мала толькі быць "незалежнікам". Да гэтага трэба мець ідэалягічныя правідловыя асновы будучай Беларусі. У Вас паняцьце вольнай Беларусі вельмі й вельмі розьніцца ад іншых, а ўжо стратэгія вызваленчай барацьбы фатальная. Напрыклад, выкінуўшы 5-10 сказаў або адпаведна зьмяніўшы іх, "Гараватку" можна сьмела пасылаць да друку ў Менск... Калі Вам залежыць на канадыйскую старонку "Беларуса", то пастарайцеся спаткацца са мною ў нядзелю. Каб ратаваць нешта, я буду патрабаваць ад Вас і Ст.Станкевіча мець кантролю ўсяго матар'ялу пра канадыйскія справы на канадыйскай бачыне й не на канадыйскай".
Натуральна, ані Акула, ані Станкевіч на тое не пайшлі. Замест афіцыйных "Вестак з Канады" як воргана ЗБК пачалі выдавацца прыватна ў "Беларусе" "Канадыйскія Навіны".
А 16 сьнежня 1968 году рэдкалегія газэты атрымала пастанову Галоўнай Управы ЗБК (М. Ганько, старшыня, і Р. Жук-Грышкевіч, сакратар), дзе паведамлялася, што на паседжаньні Ўправы ЗБК было вырашана ад студзеня 1969 г. "перастаць быць супольнікам і спаўвыдаўцом газэты "Беларус".
Гэтак беларуская грамада была пазбаўленая свайго голасу - фактычна да самага нядаўняга часу, калі высілкамі маладой эміграцыі была заснаваная новая газэта беларусаў Канады.
Рубрыку вядзе Лявон ЮРЭВІЧ