ПАРАФІЯЛЬНАЕ СЬВЯТА Ў ГАЙЛЕНД ПАРКУ
У нядзелю, 18-га траўня, у царкве Маці Божае Жыровіцкае ў Галенд Парку, Нью Джэрзі, адзначылі гадавое парафіяльнае сьвята. Яно прыпадала на іншы дзень, але ў Амэрыцы сьвяты пераносяць на наступную нядзелю, бо пасярод тыдня пераважная большасьць людзей занятая на працы.
Багаслужбу ачольваў Уладыка Мітрапаліт Ізяслаў у прысутнасьці сьвятарства, архімандрыта Карпа (Стара) і айца Вячаслава (Логіна). Хорам кіраваў рэгент Якуб Сапяжынскі. На царкоўнае сьвята сабраліся людзі зь Нью Ерку і, ведама, з розных ваколіцаў Нью Джэрзі.
У сваёй пропаведзі а. Вечаслаў падкрэсьліў вялікую пашану, якою карыстаецца ў беларускім народзе ікона Маці Божай Жыровіцкай. Пасьля Багаслужбы сьвятары й малельнікі выйшлі з пратэсамі (харугвамі) і іконаю свае апякункі ў крыжовы ход са сьпевам да Божай Маці Жыровіцкай "Хто патрабуе Твае дапамогі, Уладычыца" і да Сьвятых Зямлі Беларускай.
Пасьля крыжовага ходу ў царкве прапяялі для Мітрапаліта Ізяслава "Многая лета". Закончылася маленьне ў царкве малітваю "Магутны Божа".
Потым а. Вячаслаў запрасіў усіх малельнікаў у царкоўную залю на абед. Уладыка Ізяслаў дабраславіў ежу і пітво. Сп. Віктар Дубяга вітаў сьвятарства, парафіянаў і гасьцей з царкоўным сьвятам. Вернікаў таксама віншавалі Старшыня Галоўнай Управы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня сп. Антон Шукелайць і сп. Барыс Данілюк ад імя парафіі Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне.
Неспадзеваю для ўсіх быў дзень народзінаў шаноўнага а. Карпа, і яму прасьпявалі "Сто год". Паважаны сьвятар, дзякаваць Богу, мае ўжо дзевяноста гадоў, але яшчэ моцны й вясёлы. Няхай дасьць яму Божа даўжэйшага жыцьця на карысьць нашае БАПЦ.
На сьвяткаваньні прысутнічалі ведамыя беларускія дзеячы сп. сп. Зянон Пазьняк, Вітаўт Кіпель, Аляксандар Міцкевіч.
Абед быў разнастайны, багаты й вельмі смачны. Прыгатавалі яго спн. Спн. Ала Дубяга, Элен Сапяжынская, Тамара Януш. Сп-ва Сагановічаў далучылі да абеду страву з кураціны асаблівага прыгатаваньня. Сп. Валеры Дворнік прыгатаваў смачную рыбу. Усім кухарам належыць вялікая падзяка.
Была праведзеная таксама лятарэя, якую вёў сп. Віктар Дубяга.
Кастусь ВЕРАБЕЙ

На здымку: айцец Вячаслаў, Уладыка Ізяслаў, сп. Віктар Дубяга, архімандрыт Карп.

На здымку: будынак царквы ў Гайленд Парку.