НАША МОЦ - У ЯДНАНЬНІ
Пра ўдзел беларусаў у выставах і канцэртах у аэрапортах Чыкага
"Месячнік яднаньня" - так назвалі гэтую незвычайную ініцыятыву ў нашым горадзе Чыкагскі дэпартамэнт авіяцыі й Цэнтар узаемаабмену пры Чыкагскім Філд-музэі. Пачалася гэтая падзея сёлета адразу пасьля 11-га верасьня, пасьля сумнай першай гадавіны ад дня страшэннага тэрарыстычнага акту на нашай амэрыканскай зямлі. Арганізатары мерапрыемства імкнуліся падкрэсьліць неабходнасьць узмацніць у наш час духоўнасьць, адзінства людзей самых розных нацыянальнасьцяў і рэлігіяў, і перш за ўсё - людзей творчых, прадстаўнікоў мастацтва. Таму для ўдзелу ў "Месячніку яднаньня" былі запрошаныя творцы з розных краінаў сьвету і прадстаўнікі некаторых этнічных групаў горада Чыкага.
Вялікія залі й прасторныя пераходы ў чыкагскіх аэрапортах "О'Хара" і "Мідвэй" сталі на гэты час мастацкімі галерэямі й канцэтнымі пляцоўкамі. Экспанаваліся працы многіх мастакоў розных жанраў і майстраў мастацкай фатаграфіі. Сярод гэтых твораў вылучаліся карціны прадстаўніка нашых мясцовых беларусаў мастака Дзімітрыя Башка, сьвятара Беларускай праваслаўнай царквы Сьвятога Юр'я. Зь ягонаю мастакоўскаю творчасьцю многія аматары жывапісу ў нашым горадзе пазнаёміліся падчас леташняй выставы "Зямля пад белымі крыламі", дзе экспанаваліся працы аўтараў, якія паходзяць зь Беларусі. У сваіх новых вельмі цікавых палотнах, напісаных акрылавымі фарбамі, - "Папараць-кветка", "Пегас", "Музыка начы", "Ноч. Месяц. Бура", "З музыкай", "Беларускія дзяўчаты", "Усяночная ў Княгіна" - Дзімітры Башко працягвае свае традыцыйныя жывапісныя матывы з пошукамі новых формаў кампазіцыйнай і колернай выразнасьці.
Па спэцыяльных раскладах у аэрапортах "О'Хара" і "Мідвэй" у вялікіх залях ішлі канцэрты, падчас якіх выступалі музычныя і танцавальныя ансамблі й гурты з Аўстрыі, Швэцыі, Японіі, Кітаю, Люксэмбургу, Швэйцарыі, Ірляндыі, Калюмбіі, Уругваю ды іншых краінаў. Але два асобныя дні ў аэрапорце "Мідвэй" былі прадугледжаныя для канцэртаў беларускага танцавальна-музычнага моладзёвага ансамблю "Лянок", створанага пры Беларускай праваслаўнай царкве Сьвятога Юр'я. Абодва выступленьні ансмблю "Лянок" прайшлі зь велізарнейшым посьпехам. Дзеля гэтых канцэртаў амаль цалкам была абноўленая праграма; выконваліся традыцыйныя беларускія танцы, гучалі народныя песьні. Шматлікія гледачы вельмі цёпла віталі маладых удзельнікаў групы Аліну Ступакевіч, Марыю Башко, Кацярыну і Ірыну Камаровых, Ірыну Севасьцьянаву, Ганну Васіленка, а таксама кіраўнікоў гэтага вельмі адметнага і яскравага калектыву Алену Ступакевіч і Ірыну Башко.
"У адзінстве - наша моц", "Станем сапраўднымі сябрамі", "Наш горад - горад добрых суседзяў" - гэтыя заклікі часта гучалі ў размовах на выставах, са сцэнаў і ў залях канцэртаў у аэрапортах Чыкага. Гучалі як выраз імкненьня ўсіх людзей і ў Амэрыцы, і ў іншых краінах жыць у дружбе, сяброўстве, у міры, не дапускаючы духоўнай канфрантацыі, што асабліва неабходна зараз, пасьля трагічнага дня 11-га верасьня.

Ванкарэм НІКІФАРОВІЧ

Беларускі танцавальна-музычны маладзёвы ансамбаль "Лянок" з Чыкага.

На здымках: карціны а. Дзімітрыя Бажка: "З музыкай", "Пегас", "Папараць-кветка".