Беларускія калядныя ялінкі

Нью Брансўік.
На працягу 15-ці гадоў у часе калядна-навагодняга сэзону беларуская ялінка стаіць разам зь ялінкамі іншых этнічных групаў у музэі Амэрыканска-Вэнгерскай Фундацыі ў гор. Нью-Брансўіку, штат Нью-Джэрзі. Удзел беларусаў у паказе ялінак быў запачаткаваны й выконваны на працягу гадоў сьв. пам. Галінай і Васілём Русакамі. Апошнім часам традыцыю працягваюць сужэнцы Серж Трыгубовіч і Кацярына Рэзьнікава. На беларускай ялінцы наведнікаў захапляюць прыгожа зробленыя цацкі з саломкі. Выстаўка этнічных ялінак кожны раз апісваецца ў мясцовым друку.
Я. З.

Серж Трыгубовіч каля беларускай ялінкі.

Чыкага
Напярэдадні Калядаў і Новага году галоўны офіс найвялікшай ў штаце Ілінойс акругі Кук, у якую ўваходзіць горад Чыкага са сваімі ваколіцамі, наладзіў урачыстае прыняцьце, куды былі запрошаныя прадстаўнікі ўсіх этнічных групаў, што пражываюць тут. У будынку ў самым цэнтры Чыкага, у вялікай зале была наладжаная незвычайная выстава - ялінкі, упрыгожаныя ў адпаведнасьці з нацыянальнымі асаблівасьцямі й звычаямі ўсіх такіх групаў. Каардынатарам імпрэзы была спн. Пат Міхальскі, асыстэнтка скарбніка акругі Кук па этнічных справах і прэсе, якая скантактавалася зь беларускай арганізацыяй. Сярод 51 ялінкі ўсёй экспазыцыі найбольш вылучалася свайю адмысловаю прыгажосьцю і мастацкім афармленьнем нашая, беларуская.
Спн. Вера Рамук, адказная за ўдзел Беларускага Каардынацыйнага Камітэту ў Чыкага, прыбрала самыя характэрныя аздобы, зробленыя калісь сьв. пам. Людвікаю Бяленіс, і якія выкарыстоўвалі на ялінцы, выстаўленай колькі гадоў запар у беларускай каталіцкай царкве Хрыста Збаўцы. Усе арнамэнты зробленыя самаручна з саломкі ў вясёлкавых калерах, у розных гэамэтрычных фігурах, прыкладам, жырандоляк, зорачак, падвойных трыкутнікаў і розных шматгранных дызайнаў.
"Шчыра вітаю ўсіх прадстаўнікоў беларускай дыяспары, - сказала, зьвяртаючыся да гасьцей, скарбнік акругі Марыя Паппас. - Як супольнасьць людзей нашая акруга Кук адрозьніваецца ад многіх у Амэрыцы. Гэтыя бліскуча ўпрыгожаныя ялінкі добра адлюстроўваюць нашую асаблівасьць: мы этнічна багатыя і шматнацыянальныя. Бачыце: у гэтых ялінках столькі прыгажосьці, сапраўднай дабрыні, яны - сымбаль міру на зямлі й сапраўднай дружбы. Жадаю ўсім, хто родам зь Беларусі, усяго самага найлепшага ў сувязі з каляднымі сьвятамі! Шчасьця і дабрабыту!"
Беларуская калядная ялінка, упрыгожаная з дапамогаю актывістаў-прыхаджанаў царквы Сьвятога Юр'я, экспануецца таксама на традыцыйнай выставе ў Чыкагскім музэі Навукі й Індустрыі.
Ванкарэм НІКІФАРОВІЧ

На здымку: каля беларускай ялінкі ў офісе акругі Кук зьлева направа: Вітаўт Рамук, Марыя Паппас, Раіса Братків, Вера Рамук.

Беларуская калядка ў амэрыканскай школе
Сужэнцы Крыс Гернат і Натальля Русак жывуць у гарадку Ляфает у штаце Нью-Джэрзі ў маляўнічай гарыстай мясцовасьці. Ната, дачка Васіля і Галіны Русакоў, разам зь сястрою Людаю змалку перанялі ад дзядоў і бацькоў родную мову ды перадалі яе сваім дзецям (у кожнай па трое). Натальлін муж, роджаны, як і яна, у Амэрыцы ў сям'і славацкага паходжаньня, спрыяе англа-беларускаму двумоўю. Падтрымліваньне шматкультур'я ў сям'і - зьява вельмі ўласьцівая амэрыканскай традыцыі. Шматкультур'е культывуецца і ў адукацыйнай сыстэме. Гэтак, прыкладам, Націна сястра Люда, калі працавала настаўніцай, давала лекцыі беларускай мовы сваім вучням у пазаўрочны час. У школе, куды ходзяць трое Крысавых і Націных дзяцей, настаўнікі таксама выкарыстоўваюць розныя нагоды, каб азнаямляць навучэнцаў зь іншымі культурамі.
Малодшыя Гернаты, Кіпрыян і Настасія, наведваюць другую клясу, але займаюцца ў розных групах. Пэдагогі абедзьвюх групаў, калі надыходзяць Каляды, вучаць дзяцей сьпяваць хорам калядкі на мовах іншых народаў. Летась сьпявалі калядку па-італьянску. Сёлета-ж Ната, якая актыўна супрацоўнічае з настаўнікамі, запрапанавала прасьпяваць калядку па-беларуску. Параіўшыся, выбралі ведамую "Ціхую ноч", прыгожы пераклад якое зрабіла некалі Натальля Арсеньнева. Мэлёдыя знаёмая. Засталося толькі вывучыць словы. Ната зрабіла фанэтычны транскрыпт тэксту. Другаклясьнікі, усіх каля 40, пачалі праводзіць сьпеўкі, практыкуючыся ў беларускім вымаўленьні. Ната змабілізавала ўсе свае выканальніцкія здольнасьці, каб памагчы харыстам зь беларускаю моваю. Гэтак маленькія калядоўшчыкі ня толькі навучыліся сьпяваць на іншай мове, але і даведаліся пра далёкую краіну Беларусь, адкуль перабраліся некалі ў Амэрыку прадзеды й дзяды Кіпрыяна і Анастасіі.
Школьны канцэрт прайшоў удала. Калі меркаваць па відэазапісе, які зрабіла Натальля, беларускае вымаўленьне школьнікі апанавалі даволі добра. Аўдыторыя, якая складалася з бацькоў дзяцей, была задаволеная выкананьнем калядкі "Ціхая ноч" ды пашырэньнем праз гэта ведаў геаграфіі ў іхных дзяцей.
Я. З.