ЯШЧЭ ТРОХІ АБ ЯНАВЕ
У маім кароткім артыкуле аб Моталі ("Беларус" №476) было ўспамнена Янава, цяпер Іванава. Гэты гарадок і некаторыя вёскі заслугоўваюць на асобнае апісаньне.
Янава ляжыць у паўднёвай частцы Палесься, каля чыгункі паміж Пінскам і Драгічынам, акружаны лясамі й палямі, зьяўляецца раённым цэнтрам. У савецкія часы ў раёне было 22 калгасы і адзін саўгас. Семнаццаць калгасаў мелі дзіўныя камуністычныя назовы, якія ня мелі нічога супольнага зь вёскамі, Палесьсем, беларусамі ці Беларусяй. Дзеля прыкладу прывяду некалькі назоваў тых калгасаў: "Бальшавік", "Зара камунізма", "40 гадоў Кастрычніка", "Шлях Леніна", "Шлях да камунізма", "22-гі Партзьезд" і т. п. Два калгасы, імя М. Горкага і "Расія", мелі назовы павязаныя з Расеяй. Толькі тры калгасы мелі назовы, якія можна назваць мясцовымі ці беларускімі. Гэта "Беларусь", "Праца", "Маладова".
Янава, старое мястэчка, яму найменш 600 гадоў. Да Другой Сусьветнай вайны жыло там шмат гэбраяў. Паміж беларусамі й гэбраямі не было моўных, нацыянальных ці рэлігійных канфліктаў. Гэбраі гутарылі між сабою на сваім ідыш, і гэта нікому не перашкаджала, не дражніла. Гэбраі мелі свае крамы, але займаліся таксама кравецтвам, сталярствам ды іншымі рамёствамі.
У Янаве былі частыя і вялікія кірмашы, на якія зьяжджаліся вясковыя людзі са сваімі прадуктамі й вырабамі, каб іх прадаць і штосьці купіць.
Як ведама, пасьля Царкоўнай Уніі ў Берасьце ў 1596-м годзе ў Беларусі й Украіне пачаліся канфлікты паміж праваслаўнымі, грэка-каталікамі й рыма-каталікамі. На вялікі жаль, канфлікты гэтыя канчаліся часта трагедыямі, якія не мінулі й Янава.
Так, у 1657-м годзе казакі замучылі на сьмерць у мясцовай бойні езуіцкага сьвятара Андрэя Баболю. У 1854-м годзе ён быў узьведзены ў пачот блажэнных, а ў 1938-м годзе ў пачот сьвятых. Каталікі глыбока шануюць Сьв. Андрэя Баболю, і поломнікі ёдуць да Янава, месца яго мучаніцкай сьмерці.
У Янаўскім раёне нарадзіўся ведамы мастак Напалеон Орда, які зрабіў малюнкі шмат якіх помнікаў архітэктуры ў Беларусі, Летуве і Ўкраіне. Многія з тых палацаў і касьцёлаў ужо даўно не існуюць, і толькі дзякуючы Н. Орду мы ведаем, як яны выглядалі ў 19-м стагодзьдзі. Бальшыня ягоных малюнкаў захоўваецца ў Польшчы.
Варта тут таксама ўспомніць так называных "янаўскіх лабараў". Гэты назоў адносіцца да мясцовых людзей, якія займаліся зьбіраньнем грошай на будаўніцтва цэркваў. Слова "лабор" паходзіць, праўдападобна, ад лацінскага "labor", што значыць праца.
У Янаўскім раёне ёсьць шмат цікавых і гістарычных вёсак. Успомнім тут некаторыя зь іх.
У 15 км на паўночны ўсход ад Янава ляжыць вёска Дастоева. У 1508-м годзе гэтая вёска была падараваная Вялікім Князем Літоўскім Данілу Рцішчаву за ягоныя подзьвігі. Дзеці Данілы пачалі называць сябе Дастоеўскімі. Менавіта з гэтага шляхецкага роду паходзіў славуты расейскі пісьменьнік Хведар Дастоеўскі, які добра ведаў пра сваё "літоўскае" (беларускае) паходжаньне. Між іншым род Дастоеўскіх не перайшоў ні ў рыма-каталіцтва, ні ў грэка-каталіцтва. Можна было-б спадзявацца, што ў савецкія часы мясцовыя ўлады ў Янаве ці сельсавет у Дастоеве назавуць мясцовы калгас імём свайго славутага земляка. Ды дзе там! Калгас назвалі "Чырвоная зорка".
У тым-жа Янаўскім раёне, у блізкай вёсцы Ляскавічы калгас назвалі імём М. Горкага. Ня ёсьць сакрэтам, што Максім Горкі ня меў нічога супольнага з Ляскавічамі. Дзе тут лёгіка?
На поўдзень ад Янава ёсьць вёска Рудкаўка, у якой жывуць людзі расейскага паходжаньня. Яны тут пасяліліся, ці іх перасялілі з Расеі некалькі стагодзьдзяў таму назад. З цягам часу яны, будучы праваслаўнымі, зьмяшаліся зь мясцовым беларускім насельніцтвам, страцілі сваю мову. Ад іхняй "рускасьці" засталіся цяпер толькі расейскія прозьвішчы.
Таксама на поўдзень ад Янава ёсьць вёска Пешкава, каля якой некалі пасяліліся мазуры з Польшчы. Жылі яны ў спакоі зь мясцовым насельніцтвам. Адрозьніваліся ад беларусаў яны толькі сваёю каталіцкаю рэлігіяй і імёнамі, як Зыгмунд, Зьбігнеў, Зьдзіслаў і т. п. Пасьля вайны гэтыя мазуры выехалі ў Польшчу, пабаяліся жыць у "сталінскім раі".
Па праваму баку ракі Піны, паміж вёскамі Патаповічы й Семяховічы, раскінуліся вялікія лясы, якія да вайны належалі графу Пуслоўскаму. Сядзіба ягоных уладаньняў была ў Завішчы, маляўніча разьмешчаным сярод лясоў каля рыбнага і ракавага возера.На Завішчы быў прыгожы палац, мэблю зь якога вывезьлі ў Маскву ў Дзяржаўны Гістарычны музэй. Падчас вайны палац той быў зьнішчаны.
Каля балотаў непадалёку завішчанскага маёнтка можна было спаткаць чарапахаў. У сьвеце, як ведама, ёсьць стэпавыя і марскія чарапахі. Відаць, на Палесьсі яны эвалюцыйна перамяніліся з марскіх у балотныя, бо там калісь таксама было мора. І называлі яго "Герадотавым морам", ад грэцкага гісторыка Герадота (нар. у 484-м. годзе да н. э.)
У Янаўскім раёне часам знаходзіцца і бурштын.

Міхась ШВЭДЗЮК, Ангельшчына

У артыкуле "Моталь, Янава...", зьмешчаным у № 476 "Беларуса", узгадваўся луцкі япіскап. Ягонае прозьвішча павінна быць Ласовіч, а не Пасовіч, як было памылкова надрукавана.