КААЛІЦЫЯ Ў АБАРОНУ ДЭМАКРАТЫІ Й ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ
9 River Road,
Highland Park, NJ 08904
Tel.: (732) 254-6527; Fax: (732) 254-8951
T-mail: a.silwano@verizon.net
Прэс-рэліз, 9 верасьня 2002 г.
На 9-га верасьня сёлета прыпадае сумная гадавіна сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, празь якія Аляксандар Лукашэнка працягнуў сваё дыктатарскае кіраваньне яшчэ на пяць гадоў. Мінулы год паказаў, што сытуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца. Справы аб зьнікненьні палітычных апанэнтаў рэжыму так і засталіся нераскрытымі. Грамадзкім групам ставяцца перашкоды ў іхнай дзейнасьці. Арышты й зьняволеньне мірных пратэстуючых грамадзянаў адбываліся амаль штодзённа. Незалежныя сродкі масавай інфармацыі цэлы час перасьледаваліся або прымусова зачыняліся. Усе гэтыя адмоўныя зьявы адбываліся не зважаючы на вострую крытыку дзеяньняў Лукашэнкі ў вольным сьвеце, як афіцыйную, гэтак і неафіцыйную, і асабліва з боку Злучаных Штатаў Амэрыкі.
Між тым паказальна, што аніводнага слова неўхваленьня дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі ня выйшла з боку ўраду Расеі. Выглядае на тое, што Крэмаль у сваёй палітыцы ў дачыненьні да Беларусі кіруецца прынцыпам: "чым горш, тым лепш". І сапраўды, брутальныя мэтады Лукашэнкі й ягонае занядбаньне беларускай эканомікі як найлепей служаць мэтам Масквы - узмоцніць у Беларусі ймкненьне да яднаньня з "рэфармаванай і дэмакратычнай" Расеяй. Гэтая стратэгія зрабілася асабліва відавочнай 14-га жніўня 2002-га году, калі прэзідэнт Расеі Пуцін выступіў з прапановамі пра ўваходжаньне Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Ці ня ёсьць гэта нішто іншае, як зладзейская дамова начальніка ад КГБ у Крамлі са сваімі агентамі ў атачэньні Лукашэнкі, каб зьліквідаваць незалежнасьць Беларусі?
З увагі на ўсё тое, што адбылося ў Беларусі з часу, як Аляксандар Лукашэнка пераабраў сам сябе на другі тэрмін прэзідэнцтва, мы заклікаем Урад ЗША працягваць свой ціск на афіцыйныя колы Менску ў абарону дэмакратычных свабодаў сувярэннай і незалежнай Беларусі. Мы моцна ўхваляем праект закону, высунуты кангрэсмэнам Крыстафэрам Сьмітам у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. І мы заяўляем аб сваім намеры надалей працягваць свае высілкі дзеля таго, каб беларускі народ заняў свой належны пасад сярод іншых вольных народаў усяго сьвету.