КАБ ЛЮДЗІ ПАЧУЛІ - ТРЭБА ІСЬЦІ ДА ІХ
Прамінулыя мясцовыя выбары былі першай кампаніяй барацьбы "за душы людзкія" ў, так-бы мовіць, палявых умовах, у якой Партыя БНФ удзельнічала ўпершыню за 8 гадоў. Натуральна, тое, што адбывалася, назваць нармальнымі выбарамі немагчыма. І тым ня меньш мы ўвязаліся ў бойку і не шкадуем.

Хада выбарчае кампаніі.
Фронт вызначыў для старту ў выбарчай кампаніі 207 чалавек. Гэта было нялёгка: ілюзыяў наконт перамогі ніхто ня меў, рызыка страціць працу ці месца ва ўнівэрсытэце відавочная, а значыць, пагадзіліся ўдзельнічаць самыя сьведамыя, самыя ахвярныя. Ня ўсім ім улады зарэгістравалі групы збору подпісаў, і да кандыдацкае рэгістрацыі дайшло менш. Яшчэ менш засталося ў выніку адмовы ў рэгістрацыі. Чаму? Падам два прыклады. Дырэктару Беларускага гуманітарнага ліцэю, старшыні Аргкамітэту Сходу беларускай інтэлігенцыі Ўладзімеру Коласу адмовілі, бо не падаў у падатковай дэклярацыі суму ў 600 рублёў ($0,35) - ганарар за выступ у пэдагагічным унівэрсытэце, дарэчы, не атрыманы. Казаць "сам вінаваты" не выпадае, бо ён не атрымаў гэтыя грошы, а значыць, не падпісваўся й ня меў іх як даходу.
Выкладчыка гімназіі, гісторыка Аўгена Калубовіча зьнялі за дзень (!) да выбараў, бо па ягонай акрузе былі раскіданыя ўлёткі з заклікам галасаваць за кандыдатаў ад Партыі БНФ (без імёнаў), а значыць, ён карыстаўся матэрыяльнаю падтрымкаю Фронту, што забаронена.
Падчас самых выбараў для фальсыфікацыі выкарыстоўваліся найперш г.зв. папярэдняе галасаваньне. Скрынкі для гэтага пяцідзённага галасаваньня ўначы кантраляваць немагчыма, і ўлады падмяняюць іхнае зьмесьціва ў ноч напярэдадні дня ўласна выбараў. У менскай акрузе №29 сутыкнуліся цяперашні старшыня Менскага гарадзкога савету Папкоўскі ды кандыдатка ад партыі БНФ Ілона Урбановіч-Саўка.
У дзень галасаваньня за Папкоўскага было 38,1%, за Саўку 31% галасоў, і меў-бы быць другі тур. Дарэчы, акруга для нас цяжкая, заселеная вайсковымі пэнсыянэрамі. Калі-ж паглядзець на вынікі папярэдняга галасаваньня, добра відаць, што бюлетэні за Папкоўскага абсалютова пераважаюць (79%) і толькі для прыліку пакінутыя сем галасоў (0.42%) за Ілону Саўку. Гэтую статыстыку маем дзякуючы сумленнасьці ўчастковай камісыі, што ў Менску было выняткам: у бальшыні яны адмаўляліся лічыць асобна вынікі папярэдняга галасаваньня.

Вынікі
Матэматычны вынік кампаніі для Фронту наступны: 20 дэпутацкіх мандатаў, яшчэ 10 чалавек выйшлі ў другі тур, але там ужо не перамагалі, і яшчэ 15 не далі перамагчы сваім "вертыкальным" супернікам (у такіх акругах павінны адбыцца паўторныя выбары). 45 з 151 зарэгістравана, г. зн. 30% - вынік, за які нам ня сорамна.
Але галоўны вынік - у іншым. Г. зв. незалежныя сацыёлягі (з тых, што сьцьвярджаюць, нібыта па-беларуску гавораць 3% беларусаў) запэўнівалі, што партыі наагул, і Фронт у прыватнасьці, падтрымлівае 2-4% грамадзтва. І нашыя актывісты нават пачыналі гэтаму верыць. Як-жа яны натхняліся, пераканаўшыся: людзі хочуць чуць Фронт, калі Фронт прыходзіць да іх!
Сапраўды, упершыню за некалькі апошніх гадоў мы ладзілі кампанію ня ў форме раскіду ўлётак (хаця й гэта было) ды ня ў кшталце мітынгаў. Мы пайшлі да людзей - ад дзьвярэй да дзьвярэй. Балазе нават лукашэнкаўскі закон дазваляе гэта рабіць падчас выбарчае кампаніі. Агулам фронтаўцы абышлі 50-100 тысячаў кватэраў. І натуральна, ня ўсюды была доўгая і вычарпальная размова. Часам людзі не хацелі гаварыць пра палітыку наагул; часам, пачуўшы, што мы з БНФ, казалі: мы й так за вас, схадзеце лепш да суседзяў. Вось гэтыя размовы з "суседзямі" і ёсьць галоўны вынік, які яшчэ прынясе свой плён.
Хто з фронтаўцаў перамог? У Горадні - Сяржук Антусевіч, малады лідэр Свабоднага прафэсыйнага зьвязу прадпрыемства "Азот"; у Наваполацку - таксама прафсаюзны лідэр з "Нафтану" Васіль Главацкіх; у Менскім раённым савеце ўтварылася фракцыя БНФ, і падменскія фронтаўцы ўжо пасьпелі "паказаць зубы", схіліўшы савет прагаласаваць супраць далучэньня выгодных земляў да Менску. Гэтыя дэпутаты набываюць ведамасьць і папулярнасьць як абаронцы інтарэсаў людзей, а зь імі разам такі імідж аднаўляе і Партыя БНФ. Тры фронтаўцы на чале са старшынём Менскай абласной арганізацыі Алесем Міхалевічам сфармавалі фракцыю ў Пухавіцкім райсавеце, спадзяюцца перавабіць і далучыць некалькі "незалежных". Маем дэпутатаў ў Барані, Бабруйску, Магілеве, Мастох, Слоніме, Полацкім, Вялейскім, Маларыцкім раёнах, у мястэчках Менскага раёну. (гл. дыяграму)
Каюся: паводле маіх прагнозаў, у саветы розных узроўняў ад БНФ маглі трапіць 2-5 чалавек, дый тое выпадкова, там, дзе былі канфлікты паміж групоўкамі намэнклятуры. Канчатовы вынік паказвае: улада ўжо ня мае рэсурсу трымаць кантроль над краінаю. Менск, яны, што праўда, баранілі як апошнюю фартэцыю; але ў рэгіёнах, відаць, не чакалі такое перавагі БНФ.
І яшчэ адна выснова. У малых мясцовасьцях, дзе ўсе ўсіх ведаюць, сябрам камісыяў было сорамна хлусіць. Пэўна, у іхных галовах быў выбар ці слухацца "вэртыкальнага" загаду й браць грэх на душу, ці застацца сумленнымі, бо хто ведае, як што неўзабаве складзецца. Вартыя павагі ўсе тыя фронтаўцы, хто вырашылі пайсьці на выбары. Яны ішлі дзеля ідэі, дзеля змаганьня, каб данесьці нашую праўду да тысячаў людзей. І не магу дакараць тых, хто адступіўся. Цяжка вінаваціць, прыкладам, кандыдатку, чыёй сястры на дзяржаўнай працы сказалі: "Калі яна не здымецца, звольнім цябе" (гэта было ў Менску).

Тэхналёгіі
Як спалучыць гутарку на мясцовыя тэмы - выбары-ж мясцовыя - і размову на сур'ёзныя палітычныя тэмы, перадусім пра лёс нашае незалежнасьці? Гэта было галоўнаю задачаю для нас, і , здаецца, мы выпрацавалі адпаведную тэхналёгію.
Нашым унівэрсальным споклічам было: "Партыя БНФ - эўрапейскі дабрыбыт і парадак". "Саюзная" дэмагогія Лукашэнкі вымагае прынцыповай альтэрнатывы. Адзіна магчымае "альтэрнатыўнае" выйсьце для Беларусі - гэта ўступ у Эўрапейскі Зьвяз (дарэчы, тут ужо самыя розныя сацыёлягі пагаджаюцца: ад 60% да 70% беларусаў віталі-б гэты ўступ, а сярод недзяржаўных элітаў - ажно 95%). Ясна, што ЭЗ - гэта процівага Расеі ў многіх пытаньнях: дабрабыт, заробкі, працавітасьць, уладкаваны побыт… Такой мы апісвалі незалежную эўрапейскую Беларусь, да якой імкнецца Партыя БНФ.

Які ў нас электарат?
Два канкрэтныя здарэньні, сьведкам і удзельнікам якіх быў я сам. У Бярозе фронтавец, інжынер Сяржук Русецкі пайшоў у два Саветы - раённы й абласны. На посьпех у апошнім ён не спадзяваўся: абласныя саветы моцна фільтруюцца, апроч таго, акругі надта вялікія, цяжка, ня маючы грошай і транспарту, аб'езьдзіць.
На сустрэчы з выбарнікамі ў Бярозе, дзе быў і я, нам зь Сяржуком задаваў шмат разумных пытаньняў - пра эканоміку, мясцовае самакіраваньне, дзяржаўны лад - нейкі чалавек. Пасьля сустрэчы высьветлілася, што ён - старшыня акруговае камісыі. Вельмі падзякаваў за адказы, а галоўнае - уразумеў, што мы ня маем дачыненьня да лістоў старшыням і сябрам выбарчых камісіяў, дзе ім пагражаюць - не за магчымыя фальсыфікацыі, што было-б лягічна, а за сам факт удзелу ў камісыях. Ім усім "у вобласьці" сказалі, што гэта БНФ такія лісты рассылае, і чалавек быў ўсьцешаны, што ня маем да лістоў дачыненьня.
Вынік быў праз колькі тыдняў. На бальшыні ўчасткаў гэтай акругі камісыі лічылі сумленна. Сяржук набраў каля 40%, гэтулькі сама - ягоная "вэртыкальная" суперніца, якая цяпер уваходзіць у г. зв. "савет рэспублікі" - верхнюю камору "Нацыянальга сходу". Значыць, выбары не адбыліся, "сэнатарка" не прайшла!
Падобны вынік - у вёсцы Малеч. Там на сустрэчу з кандыдатам ад БНФ, тутэйшым інжынэрам Анатолем Сахарушам прыйшло 12 чалавек, усіх іх старанна перапісалі супрацоўнікі ўправы мясцовага калгасу. Але яшчэ сотня вяскоўцаў стаяла наводдаль - і ўдзень выбараў яны паказалі, што пераадольваюць страх: Сахаруша ня даў перамагчы "вэртыкальнаму " канкурэнту.
Кампанія дала адказ на адно спрэчнае пытаньне (ці разьвеяла аблуду?). Дарадцы - сацыёлягі й ня толькі - пераконвалі, што толькі г. зв. незалежныя кандыдаты маюць шанцы, што народ ня верыць партыям. Вось-жа калі ў адной акрузе сутыкаліся кандыдат ад улады, сябра БНФ і г. зв. "незалежны", пры ўсіх фальсыфікацыях фронтавец альбо перамагаў, альбо займаў другое месца, апярэджваючы "незалежнага". Так было і ў Менску, і па ўсёй краіне. Яшчэ адна практычная лекцыя - вельмі станоўчае стаўленьне людзей да беларускае мовы вуснай агітацыі ды ўлётак. Аляксей Янукевіч, 27-гадовы эканаміст, старшыня камісыі партыйнага навучаньня БНФ, вёў кампанію вылучна па-беларуску (адрозна ад іншых партыяў) і ўзяў - пры ўсіх фальсыфікацыях - 30 %. Гэта максымум, які ў Менску атрымаў апанэнт улады.

Байкот ці ўдзел
Байкатавалі выбары ў г. зв. палату прадстаўнікоў у 2000-м годзе. Байкот тады рэальна адбыўся: у Менску, у бальшыні вялікіх і сярэдніх гарадоў на выбары прышло менш за палову; іншая рэч, што ўлады сфальсыфікавалі адсотак яўкі.
Галоўнаю мэтаю байкоту было не дапусьціць прызнаньне "палаты прадстаўнікоў", як і ўсяе канфігурацыі ўлады ўзору 1996-га году на міжнародным узроўні. Гэта ўдавалася да 2001-га году. На жаль, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў эўрапейскія й міжнародныя арганізацыі пачалі паціху прызнаваць de facto лукашэнкаўскія наватворы. Наш удзел ці няўдзел у мясцовых выбарах не мяняў нічога з гледзішча міжнароднай легітымнасьці цяперашняе ўлады. Таму пасьля доўгіх нутраных дыскусыяў мы вырашылі ўдзельнічаць.
Лягічнае пытаньне: калі мы ўдзельнічалі, ці вынікае з гэтага прызнаньне канстытуцыйнага перавароту 1996-га году? Аднак - не, не вынікае. Сябры БНФ, якія сталі дэпутатамі мясцовых саветаў, легітымныя двойчы, калі ня тройчы. Іх ня проста выбралі людзі. Яны прарваліся празь некалькі бар'ераў і фільтраў, якія перад імі ставіла ўлада: адмова ў рэгістрацыі, інфармацыйная блякада, паклёп, уціск на працы, урэшце, фальсыфікацыі падчас галасаваньня. А саветы, створаныя ў бальшыні гарадоў, мы ня можам лічыць сфармаванымі на падставе свабодных, справядлівых, роўных і празрыстых выбараў.
Гэтаксама не зьмянілася нашае стаўленьне да "палаты прадстаўнікоў": яна ня ёсьць парлямантам і не мае права ратыфікаваць жыцьцёва важныя для Беларусі міжнародныя пагадненьні. Было-б добра, каб хоць хто з чальцоў “палаты” падтрымліваў дэмакратыю і незалежнасьць. На жаль, гэтага няма.
Ясна, што пры захаваньні цяперашняга выбарчага заканадаўства й антыдэмакратычнае практыкі выбары "палаты" будуць татальным фарсам. Таму трэба змагацца за яго зьмену. Рыхтаваць грамадзтва да пратэстнае абароны сапраўдных вынікаў. Працаваць зь сябрамі камісыяў: ня ўсе зь іх безаглядна служаць рэжыму. Прадумваць "экстрымальнае" назіраньне за выбарамі, якое істотна абмяжуе фальсыфікацыю. Як у Наваполацку, калі фронтаўцы праседзелі перадвыбарчую ноч у машыне ля будынку, дзе былі выбарчыя ўчасткі.
Тактычная перспэктыва пасьля выбараў для нас відавочная. Фронтаўцы, натхнёныя посьпехам, а галоўнае - людзкім разуменьнем, прагнуць змагацца за "душы людзкія" далей. Таму будзем рыхтавацца да "палатных" выбараў 2004-га году. Трэба, каб нашыя кандыдаты былі на слыху ўжо цяпер, каб рабілі карыснае для сваёй мясцовасьці, каб апраўдвалі ведамую ў краіне пагалоску "бээнэфаўцы не баяцца начальства". Аднымі мітынгамі тут не абыдзешься. Трэба ўмець змабілізаваць людзей на абарону іхных надзённых інтарэсаў: удзел працаўнікоў у прыватызацыі буйных заводаў, змаганьне з карупцыяй мясцовага начальства і падобнае.
Галоўная небясьпека - рэфэрэндум пра "канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы" й трэці тэрмін прэзыдэнцтва для Лукашэнкі, які могуць правесьці сёлета ўзімку. Цяпер я бачу адзінай зброяй супраць гэтага незаконнага замаху на нашу дзяржаву і свабоду - байкот. Але спадзяюся, што Пуціну да сваіх выбараў можа быць ня гэтак патрэбны чарговы імпэрскі трыюмф: ён пераможа й безь яго.
А вось на наступны тэрмін прэзыдэнцтва яму можа спатрэбіцца "новая дзяржава". Гэтаксама "ўзаконены" трэці тэрмін для Лукашэнкі Маскве ня надта патрэбны, бо абмяжоўвае магчымасьці цалкам Лукашэнкам кіраваць. Але калі ўсё-ж да рэфэрэндуму дойдзе, нам вельмі спатрэбіцца дзейсны мэханізм доступу да кожнага чалавека. Такім наладжаным мэханізмам у выніку мясцовае кампаніі становіцца Партыя БНФ.
Наагул, гэта кампанія - пачатак вялікае стратэгічнае працы Фронту дзеля вяртаньня людзкога даверу. Бо калі народ будзе давяраць канкрэтным фронтаўцам, будзе да іх прыслухоўвацца, - пачуе галоўную фронтаўскую ідэю: безь незалежнасьці ня будзе ані дабрабыту, ані самой будучыні.

Вінцук ВЯЧОРКА
Менск, турма на вул. Акрэсьціна,
камэра №18*

*падчас напісаньня гэтага артыкулу сп. Вячорка адбываў пакараньне за арганізацыю акцыі на 25-га Сакавіка.