ЯК МЫ ВЯСНУ ЗАГУКАЛІ
сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці Беларусі ў Канадзе
Рэпартажы пісаць ня ўмею. З часоў
свайго камсамольскага юнацтва я
маю трывалую алергію да справаздачаў, дакладаў, рэфэратаў, фанфараў і
заклікаў "даёш..!" Таму аматарам "выконваць
і перавыконваць", "даганяць і пераганяць"
параю адкласьці маю пісаніну
бок: пісаць буду толькі пра свае асабістыя
ўражаньні. Не чакайце ад мяне пераліку дакладчыкаў з цытаваньнем урыўкаў з рэфэратаў. Не судзіце і за сумбурнасьць
маіх нататкаў: усё запісана "па гарачых сьлядох". Сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці БНР праходзілі ў Канадзе тры
тыдні запар: у Мантрэалі - 23-га сакавіка,
Таронта - 30-га, у Атаве - 6-га красавіка.
Мая галоўная ідэя простая, як жыцьцё,
- мы сьвяткавалі дзень нараджэньня нашай,
собскай дзяржавы, імя якой Беларусь!
Мы - гэта новае пакаленьне эмігрантаў, дзеці драконаўскай дзяржавы,
якая ўсе намаганьні прыклала, каб парасьціць з нас манкуртаў, - мы ўсё-ж перанялі эстафэту ў старэйшага пакаленьня,
якое захавала і данесла да нас
яе - нашую БНР. І мы проста радаваліся і весяліліся, хоць і стараліся
трымацца ўзьнёсла-ўрачыста - ну, як
усе дзеці, што сьвяткуюць свой дзень
нараджэньня. А гэты сьвяточны трохтыднёвы маратон - Мантрэаль - Таронта
- Атава - кружыў нас у коле падзеяў
і ўражаньняў.
Праўда, самая тэма вымушае да
сур'ёзных развагаў. Я, як і многія мае
равесьнікі, прыехала ў Канаду, так і не
разумеючы: чаму 25-га Сакавіка? У падру
чніках майго дзяцінства такой даты
не было... Аднойчы мой сын, студэнт
high school, атрымаў заданьне зрабіць
"проджэкт" аб якой-небудзь падзеі (на
выбар) з часоў Першай Сусьветнай
вайны. Я параіла яму: а напішы пра Беларусь.
Як раз пра тое, як дзьве імпэры
і біліся міжсобку да на тэрыторыі
трэцяй краіны - на нашай зямлі. Пра
Брэсцкую мірную дамову, якая падзял
іла яе на дзьве часткі. Напэўна-ж,
думала, канадыйскія настаўнікі не акцэнтуюць
на гэтым ўвагі. Хаця я і сама
ня ведала пра гэты факт падрабязна.
Сын, сапраўды, не знайшоў інфармацы
і на ангельскай мове. Ужо не на жартачкі зацікаўленая, я палезла ў нашую
царкоўную бібліятэку. Айцец Вячаслаў
(наш жывы даведнік) пакрысе знайшоў
для мяне ўсю патрэбную інфармацыю:
мэмуары, гістарычныя нарысы, энцыкляпэдыі... Ідэя прыйшла сама сабою: "А
напішы, сынку! Напішы гэтым канадыйцам,
як сярод пажараў і разрухі галодны,
змучаны вайною мірны народ сабраўся і
абвесьціў сябе незалежнаю дзяржаваю -
Народнай Рэспублікай! ...І як два ненажэрныя
драпежнікі, што ваявалі між сабою,
сустрэліся на тэрыторыі гэтае дзяржавы
й вырашалі яе лёс, нават не запрас
іўшы яе прадстаўнікоў на перамовы,
- разадралі яе на дзьве часткі! А потым
самая "доблесная" Чырвоная Армія задушыла
яе канчаткова." (...А я-ж усё жыцьцё расказвала сваім сябрам-небеларусам,
які спакойны й лагодны наш народ: нават
рэвалюцыя прайшла ў нас мірна - прыйшоў у Менск бранецягнік, якраз на плошчу Мясьнікова, і ўсе былі шчасьлівыя і
кідалі ў паветра шапкі.) "Ведаеш, сын, а
ўсё-ж не задушылі. БНР жыве. Яна жыве
за мяжою. Там, дзе мы с табою цяпер. І
цяпер гэта нашая справа - берагчы яе і не
даць ёй згаснуць, як эстафэтнаму агню."
Кожны год, на кожнае сьвяткаваньне
прыходзяць новыя беларусы - нашыя новапрыбылыя
суайчыньнікі. І кожны раз
прыходзіцца тлумачыць, якую падзею мы
тут сьвяткуем. Таму прысутнасьць часткі
дакладаў як асьветніцкай працы на нашых
нашых
сьвяткаваньнях усё-ж апраўданая. І
калі я чую з прамоваў маіх равесьнікаў
такія-ж самыя думкі й пачуцьці пераасэнсаваньня
тых падзеяў, я разумею, што
гэта - наш агульны лёс, які нас яднае.
Спн. Івонка Сурвілла прывезла ў Таронта
аўдыакасэту з прамоваю Васіля
Быкава. Жывы голас нашага вялікага суай
чыньніка - гэта хвалюе і таксама дае
пачуцьцё еднасьці з Радзімаю і з усімі,
хто па-за яе межамі.
Але душою нашых сёлетніх сустрэчаў
стала, ведама, нашая госьця - пісьменьні-
ца Вольга Іпатава. Чалавек вялікай душы,
неардынарны, з адметным талентам і лёсам, яна ператварала свае выступы ў літаратурныя
вечарыны. Цікавыя аповеды,
развагі, вершы - мы даўно засумавалі па
такім імпрэзам. Людзі віталі яе стоячы.
Адметнай падзеяй сталася і выстава
працаў нашых дзяцей-мастакоў Яўгеніі
Шаўчэнка, Антона Вараб'я, Ганны й
Аляксандры Русецкіх.
Мой асабісты ўдзел у гэтым сьвяточ-
ным маратоне быў зьвязаны з гуртам
"Яваровы людзі", выступ якога ад пачатку
меркаваўся як "цьвік праграмы". Менавіта яго жадалі бачыць і чуць нашыя
сябры ў Атаве і Мантрэалі. (У апошнім,
дарэчы, яшчэ ні разу не былі, так што гастролі абяцалі быць хвалюючымі.) Я,
праўда, у гурце не сьпяваю (толькі "ноты
гартаю"), таму мая вандроўка была пад
сумненьнем: бракавала месцаў у аўтах.
Але літаральна ў апошні тыдзень
кіраўнічку гурта (маю сяброўку) Віялету
Кавалёву азарыла новая ідэя. Рэч у тым,
што гурт рыхтаваў цыкль песьняў з абраду
"Загуканьне вясны", і ёй зьявілася цудоўная думка: зрабіць з гэтага нешта накшталт
спэктаклю зь вядучым-казачнікам,
які будзе тлумачыць сэнс кожнае песьні.
За тры дні да паездкі яна давярае мне
ўвасобіць яе мару, і мой першы маршкідок да Мантрэалю ператвараецца ў
блуканьне па нэрвах: хаця тэкст і напісала
за адзін дзень, але да выступу цалкам
негатовая. Праўда, усе мае дэбютанцкія
хваляваньні заштрыхоўваюцца колерамі
майго "шчасьлівага квітка": мне паш-
часьціла ехаць у адным аўта з Вольгаю
Іпатавай! Што я магу сказаць - сяброўства з такім чалавекам, размовы аб
гісторыі, літаратуры, філязофіі - я пакуль
ня ў стане апісаць усе свае ўражаньні...
Мантрэаль сустрэў нас хмурымі аблокамі й праліўным дажджом. Упэўненая,
што менавіта яны спрычыніліся да таго,
што мы раптам апынуліся ў порце.
Выявілася, ня так лёгка адтуль выбрацца,
не дапамагала і мапа, дарам што напісаная
ня нашаю (не ангельскаю) моваю.
Скончыўся дождж, і, урэшце, мы выбраліся ў цэнтар. Усе непрыемнасьці,
зьвязаныя з дажджом і блуканьнем, нам
цалкам кампэнсавала наведваньне сабору
Нотр-Дам. Прагуляліся і па вуліцах. Цудоўны горад, зусім не падобны на ўжо
прывычны й родны Таронта. Раптоўнае
пачуцьцё: вуліцы Мантрэлю чамусьці нагадал
і Менск і невеялі крыху суму.
На зьмярканьні накіраваліся да дому,
дзе меліся начаваць, - і апынуліся ў порце.
...Каюся: я засталася ўбаку ад агульных
пошукаў выйсьця з гэтай загадкавай
плямы на мантрэальськай мапе - уся мая
творчая энергія была накіраваная на
стрыманьне майго нястрымнага языка,
які раптам атрымаў такую нагоду патачыць сваю вастрыню. Тым часам, я не сумавала.
Як стары спартовец-валацуга, я
захавала любоў да вандровак, і любое
знаходжаньне на колах прыносіць мне
асалоду. Тым больш, кампанія добрых сяброў пераважвае ўсе складанасьці дарогі... Сп-ва Крыстыны й Анатоля Хрэноўскіх дачакалася нас дома ўжо ўзацемку.
Ведаеце, гэтыя нашыя беларускія хаты...
Шчырыя гаспадары, гасьцінны прыём, вячэра з прымyсам. А яшчэ - клапатлівыя ўмелыя рукі нашай гаспадыні -
спадарыні Крыстыны: прыемна ўразілі
ня толькі смачныя стравы, а і цэлая калекцыя
цудоўных вышываных кашуляў і
блюзак. І ўсё гэтае - размовы дапазна,
апошняя рэпэтыцыя ў бэйсманце, агульны
начлег са сьмехам да паўночы (што
дзеці, далібог!) - я-бы прыдумала сьвяты,
калі-б іх не было, адно дзеля такіх сустрэчаў і прыгодаў.
Самая імпрэза была ўрачыстаю і ў тойжа
час камэрнаю і цёплаю. Бальшыня
мантрэальскіх беларусаў прыйшлі ў вышыванках
(напэўна-ж, зробленымі рукам
і майстрыхі Крыстыны). Я сама вельмі
зацікаўленая вышыўкаю і беларускімі
сымбалямі й думаю, гэтаму нашаму адметнаму
старажытнаму рамяству яшчэ
зарана адыходзіць у нябыт, яму цалкам
можа знайсьціся месца ў сучасным
выяўленчым і прыкладным мастацтве.
Цёплы сяброўскі прыём, новыя знаёмствы,
сустрэчы - зноў прыходзіць думка,
што сьвяты - добрая нагода, каб зьбірацца
разам, пабачыцца, пагутарыць... Здаецца,
паўтараюся. Ну, што-ж, як той казаў: будзем сябраваць гарадамі.
Ужо на разьвітаньне пачула: "А вы
прыязжайце да нас яшчэ. Летам! Ведаеце,
у нас тут цудоўны порт - наша
любімае месца летам..." - "М-так, - адказала
я, - ваш порт - цудоўнае, чароўнае
месца. Мару пабываць там яшчэ ўлетку."
...Спадзяюся, нястрымнасьць майго языка
нікога на зачапіла.
Якою-бы глыбокаю ні была традыцыя
загуканьня вясны, але ў Канадзе сьнег і
мароз у першы тыдзень красавіка пасьля
па-вясноваму цёплага надвор'я ў сакавіку
- традыцыя яшчэ больш трывалая!
Напярэдадні нашае вандроўкі ў Атаву
раптам пахаладала, пайшоў мокры сьнег,
які тут-жа і замярзаў. Усё навакольле пакрылася
ледзяною коркаю. Гэта, можа, добрая
нагода для фатографаў, каб нарабіць
дзівосных здымкаў, але не для падарожнікаў! Такі безупынны двухдзённы
мокра-мёрзлы сьнегапад вызваў халадок
сумненьняў у нашых душах, але
Атава чакала нас.
Суботні вечар ператварыў хату спадароў Пятра і Натальлі Мурзёнкаў у
сапраўдны "востраў чаканьня" сярод
засьнежанай і туманнай Атавы. Мы
выяжджалі з Таронта чатырма аўтамі
ў розны час, і толькі прыбыўшы да
Мурзёнкаў бальшыня з нас, асабліва
жанчынаў, прызнаваліся, што, сапраўды, баяліся, але дарогаю маўчалі й
толькі ў душы маліліся за нашых
кіроўцаў. Хата нашых сяброў вытрывала
"нашэсьце" нашай неспакойнай
разнастайнай кампаніі ў складзе 22
чалавек і нагадвала ў той вечар нешта
сярэдняе паміж пчаліным вульлем і
тавэрнаю: на кухні вячэрае чарговая
"зьмена", нехта п'е сваю гарачую каву
ў гасьцёўні на падлозе, бо за столікамі
ідзе апошняя падрыхтоўка строяў, нешта
перашываецца, прасуецца; у бэйсманце
(ужо традыцыйна) ідзе рэпэтыцыя;
грукацяць ад ног лесьвічкі; ляскаюць
уваходныя дзьверы, прымаючы
ўсё новых вандроўнікаў, якіх ужо чакае
смачная, гарачая вячэра і цёплая
бяседа. Пятро, наш гаспадар, аказалася,
ня толькі добры прамоўца на
афіцыйных імпрэзах, але й цудоўны тамада:
"Я дзякую Богу, што мы ўсе сабраліся разам. Я ўдзячны Яму за гэтую
магчымасьць зьбірацца разам, дзяліцца
думкамі, разумець адзін аднаго, падтрымліваць адзін аднаго. Я спадзяюся, і
надалей гэтак будзе."
Сьнегапад да раніцы скончыўся, але
мароз трываў. Нядзеля выдалася па-зімоваму
марознаю і сонечнаю. Хаця надвор'е
ўжо ня мела для нас паважнага
значэньня. Мы рабілі тое, што меліся
зрабіць: нашаю галоўнаю мэтаю ў Атаве
было пікетаваньне расейскае амбасады.
Разам зь сябрамі - беларусамі з Атавы й
Мантрэаля - мы выйшлі зь бел-чырвонабелым
і сьцягамі й плякатамі на вуліцу
насупраць будынку расейскай амбасады,
каб выказаць свой пратэст супраць пляна
ў расейскіх уладаў па анэксыі Беларусі.
Мы скандавалі разам: "Жыве Беларусь!",
"Пуцін, ганьба!", "Independent Belarus!",
"Hands off Belarus!" (апошнія два, праўда,
былі больш дзеля канадыйскіх паліцыянтаў, што двума аўтамі ахоўвалі нас). Мы
нават, нягледзячы на мароз, прасьпявалі
гімн "Мы выйдзем шчыльнымі радамі"
(дарам што артысты!).
А імпрэза сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці прашла ў City Hall.
Пасьля афіцыйнае часткі, прайшой
канцэрт дуэту "Простыя рэчы" з удзелам
Міхася Рыкава (гітара) і Ўлады
Шамецька (скрыпка). Іх папуры
зь беларускіх песьняў кранула
слухачоў да сьлёз.
Наш гурт ужо другі раз з гонарам
і задавальненьнем выступае
ў атаўскім City Hall: выступы
праходзяць проста ў файе, а там,
па-першае, цудоўная акустыка
(якраз для загукальных песьняў), па-другое, да нас далучаюцца мінакі й, такім
чынам, мы маем магчымасьць
рэпрэзэнтаваць нашую
нацыянальную спадчыну
іншым канадыйцам. Дарэчы,
я колькі разоў размаўляла з
канадыйцамі, якія ўпершыню
слухалі беларускую музыку і
сьпевы: яны атрымоўваюць
лёгкі шок, для іх гэта, сапраўды, экзотыка, але якая чаруе,
ўражвае, вабіць. Кажуць,
што гэта нешта абсалютова
адметнае.
Нашая новая праграма прайшла
на біс. Малайчыны й
дзяўчаты, і хлопцы. Маёй сяброўцы Віялеце ёсьць чым
ганарыцца. Вельмі радуе, што
цяпер у гурце бальшыня - моладзь.
Тое, зь якім імпэтам і
адданасьцю яны ўсё больш
захапляюцца ўдзелам у гурце.
Для іх гэта і забава, і
агульная справа, і пачуцьцё
абуджэньня нечага дарагога і
сьвятога. Магічныя нашыя
старажытныя песьні: аднойчы іх пачуўшы, тым больш засьпяваўшы - ужо не забудзеш і не
пакінеш.
І я, пахвалюся, таксама атрымала
пэрсанальныя падзякі (зна-
чыць, не падвяла!). Словы, сказаныя
перад першым выступам
Вольгай Іпатавай, якая ўжо апякавалася
мною: “А ты думай,
што нясеш людзям радасьць," -
надалі ўпэўненасьці й спакою:
сапраўды, усе тут свае, і ўсе мы
разам. Гэта ўсё нашае агульнае.
А закончыць свае хуткія нататк
і хачу словамі з майго выступленьня:
"Мы бачым вельмі сымбалічным, што сьвята незалежнасьці нашае Радзімы прыпадае
менавіта на вясну - пару
адраджэньня ўсяго жывога. А
таму хочам паказаць вам частку
песьняў з абраду загуканьня вясны.
Гэтая традыцыя мела асабліва важнае значэньне. Справа ў
тым, што нашыя продкі шчыра
верылі, што вясну трэба абавязкава
загукаць, інакш яна так і ня
прыйдзе. Яны гэтую справу на
самацёк не папускалі. А для гэтага
карысталіся цэлым арсэналам
магічных сродкаў. Перш-наперш,
трэба ўзяць ключы й замкнуць
зіму, а вясну адамкнуць.
Такім ключом ёсць
гучная песьня - зь якою
зьвяртаюцца да старэйшага
родапачынальніка як да вышэйшай
сілы прыроды. Таму
што ўсе нашыя дзеяньні маюць
быць багаслаўленыя нашам
і продкамі.
...Скажыце каму зіма не
абрыдла? ... І ўсе глядзім прагноз
па тэлевізары: чакаем,
хто калі нам вясну прынясе.
А вось нашыя продкі дакладна
ведалі, што рабіць.
А трэба сабрацца ўсім гуртам
на самай высокай гары й
сьпяваць без упынку і так
гучна, каб чуваць было ў суседняй
вёсцы - на наступным
"зборным пункце". Каб песьні чароўныя пераклікаліся,
не спыняліся, луналі ад аднаго
гурта да другога, ад Полацку
да Берасьця, ад Мантрэалю
да Атавы, ад Атавы да
Таронта. Каб далёка ў
паўднёвых краінах пачулі яе
нашыя птушкі, што выбраліся
ўжо ў дарогу. Каб ляцелі яны на
гэтыя песьні, як на маякі, і не
згубілі дарогу дамоў. А чаму гэта
так важна? А таму, што менавіта яны нясуць ў дзюбах
ключы ад вясны..."
Мы - заходнія і ўсходнія, праваслаўныя і каталікі, тутэйшыя і
савецкія, старыя і новыя (на каго
яшчэ там нас дзялілі ў гісторыі?..) - а ўсё беларусы, - давайце
выйдзем усе разам на самую
высокую гару і... загукайма!
Ірына ВАРАБЕЙ, Таронта
Гурт "Яваровы людзі": першы рад (сядзяць) злева направа - Яўген Малашчанка, Воля
Яноўская, Маша Краўцова, Іна Сянько. Другі рад - Ірына Варабей, Саша Манькоўская,
Піліп Тананка, Аліна Ржуцкая, Маша Цьвяткова, Алёша Манькоўскі, Лешэк Сянькевіч,
Вялянціна Шаўчэнка, Ірына Шарамет, Віялета Кавалёва (мастацкая кіраўнічка).
Вольга Іпатава віншуе суайчыньнікаў з 25-м Сакавіка.