ІІІ КАНФЭРЭНЦЫЯ БЕЛАРУСАЎ БАЛТЫІ Ў ВІЛЬНІ
Канфэрэнцыі Беларусаў Балтыі заўсёды вартыя ўвагі, бо адбываюцца яны ў краінах, якія могуць мець вялікі ўплыў на разьвіцьцё падзеяў ў Беларусі - да лепшага ці да горшага.
Канфэрэнцыя, якая адбылася ў Вільні 13-14-га ліпеня сёлета, была тым болей важнай, што абмяркоўваліся на ёй у прысутнасьці беларускіх і летувіскіх палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў пытаньне захадаў, якія робяць краіны Балтыі, каб уступіць у Эўразьвяз і наступстваў, якія гэтае ўступленьне будзе мець для Беларусі. У залежнасьці ад замежнай палітыкі, якую балты будуць праводзіць дзеля вымаганьняў Эўразьвязу або, па-просту, дзеля сваіх уласных інтарэсаў, Беларусь можа або наблізіцца да дэмакратычнага поля Эўропы, або, наадварот, быць ад яго аддаленай да той ступені, што будзе ўважаць патрэбным паглыбляць далей свае сувязі з усходнім суседам. Небясьпека гэтага апошняга сцэнару для незалежнай беларускай дзяржавы відавочная.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла прыпомніла пра нядаўняе супольнае змаганьне ў Канадзе за "нашу і вашу волю і незалежнасьць народаў Балтыі, беларусаў ды іншых паняволеных народаў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы й прыцягнула ўвагу да магчымых наступстваў новага "бэрлінскага муру" між Эўропай і Беларусьсю ня толькі для Беларусі, але і для краінаў Балтыі.
Прэзыдэнт Летувы Валдас Адамкус прыслаў сваё прывітаньне Канфэрэнцыі, а прысутныя Чэславас Юршэнас, першы віцэ-сьпікер Сойму Летувы, Вітаўтас Лансбэргіс, лідэр летувіскіх кансэрватараў, і Вацлаў Станкевіч, сябра Сойму Летувы, выступілі з прамовамі.
На віленскай Канфэрэнцыі разглядалася таксама пытаньне цяперашняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі. На гэтую тэму выступіў з дакладам Зянон Пазьняк, прамаўлялі Станіслаў Шушкевіч, Радзім Гарэцкі, Генадзь Бураўкін, Алег Трусаў, Анатоль Грышкевіч, Сяргей Навумчык, Павал Севярынец ды шматлікія іншыя дэлегаты ды госьці. Быў прачытаны зьмястоўны ліст Вінцука Вячоркі.
Прысутныя прадстаўнікі нашай дыяспары з Эстоніі, Латвіі, Францыі, Расеі (Калінінград), Польшчы, Чэхіі, Вялікай Брытаніі й Бэльгіі прывіталі Канфэрэнцыю і распавялі пра жыцьцё і дзейнасьць сваіх асяродкаў.
Таварыства Беларускай Культуры Літвы прыгатавала Зварот да летувіскага ўраду, просячы, каб была адноўленая дзейнасьць Музэя Івана Луцкевіча ў яго старым памешканьні (Базыльянскія муры ў Вільні), а таксама, каб былі вернутыя ў яго фонды былыя музэйныя калекцыі, раскіданыя па іншых музэях і бібліятэках Летувы, Беларусі й Польшы.
Канфэрэнцыя прыняла тры рэзалюцыі: аб аднаўленьні дзейнасьці беларускага музэя ў Вільні, аб пагрозе незалежнасьці Беларусі, аб падтрымцы будучага ўступленьня Летувы, Латвіі й Эстоніі ў Эўразьвяз без замкненьня для грамадзянаў Беларусі межаў з краінамі Балтыі; зварот да Эўразьвязу "не ізаляваць Беларусь", а да польскага ўраду - захаваць радыёперадачы беларускай службы Радыё Палонія і Радыё Рацыя.
Падчас Канфэрэнцыі дэлегаты аддалі пашану нашаму нацыянальнаму герою Кастусю Каліноўскаму, перад крыжам якога ўсклалі бел-чырвона-белыя кветкі. Яны адведалі дом, дзе жыў Янка Купала, таксама з букетам кветак з нагоды 120-й гадавіны яго нараджэньня.
Таварыства Беларускай Культуры ў Літве і ягоны Старшыня Хведар Нюнька заслугоўваюць на ўдзячнасьць усіх удзельнікаў Канфэрэнцыі за вялікі высілак, які быў імі зроблены, каб зарганізаваць і правесьці ІІІ Канфэрэнцыю Беларусаў Балтыі. Віншуем таксама мастацкую суполку беларускіх мастакоў зь Летувы, Латвіі й Эстоніі "Маю гонар" з выставай, якая адбылася з нагоды Канфэрэнцыі, а таксама гурт "Стары Ольса", які захапіў ўсіх прысутных сваім канцэртам старажытнай беларускай музыкі. Доўга застануцца ў памяці таксама выступы Галіны Дзягілевай, народныя песьні беларусаў з Эстоніі й апавяданьні пра дарагі горад нашых віленчукоў спадароў Паўла Саўчанкі, Сяргея Вітушкі й сп-ва Лявона Харэўскага й Тацьцяны Маркавец. За ўсё ім шчыры дзякуй!

Івонка СУРВІЛЛА

Працоўная група дэлегатаў, злева направа: Станіслаў Шушкевіч, Міхась Наўмовіч, Янка Жучка, Алег Трусаў, Ічонка Сурвілла, Сяргей Навумчык.

Дэлегаты каля крыжа Каліноўскага.