Новыя кнігі * Рэцэнзіі

Архіяпіскап Юры (Рыжы). Мой крыж. Успаміны і разважаньні. 103 с. Асінінг, 2003.
Любы мае права, а мо і абавязак на напісаньне прынамсі адной кнігі - успамінаў, аповяду пра жыцьцё ўласнае ды блізкіх сваіх. Падобных кнігаў-мэмуараў сьвятароў нашых - мы бадай што ня маем. Вось і сьв. п. Уладыка Мікалай у апошнія гады свайго жыцьця багата працаваў над падобнаю кнігаю, толькі давесьці яе да ладу і надрукаваць не пасьпеў.
У рэцэнзуемай кнігі не адзін аўтар, хоць на вокладцы пазначана толькі імя архіяпіскапа Юрыя (Рыжага). Амаль палова (разьдзел "Хрысьціянскія канфэсіі й цэрквы на гістарычным шляху беларускага народу") напісаная на падставе і з выкарыстаньнем працаў ягонага брата, Уладзіслава Рыжага-Рызскага, памерлага ў 1978-м годзе, які адначасна ёсьць адным з галоўных дзейных герояў успамінаў.
Эмігідзюш Рыжы - сьвецкае імя архіяпіскапа Юрыя - расказвае пра сваю сям'ю, дзяцінства ў Пастаўскім павеце (сёньня Глыбоцкі раён), трагічны лёс бацькоў, эміграцыю - спачатку ў Польшчу, а ў 1976-м годзе ў Амэрыку. І ты па-іншаму пачынаеш успрымаць свайго сучасьніка-эмігранта ды шкадуеш, што аповяд занадта фрагмэнтарны.
Гэтаксама недаравальна мала - усяго якіх тры бачыны! - аддадзена разьдзелу "На Божай ніве", прысьвечанага гісторыі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай (Народнай) Царквы (БАП(Н)Ц) і ейным стваральнікам, Унівэрсытэту народаў Амэрыкі. А гэта-ж мусіла быць цэнтральным месцам, бо да сёньня большасьць беларусаў мае пра іх даволі цьмянае ўяўленьне і нярэдка блытае з Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквою (БАПЦ). Успаміны архіяпіскапа былі-б добраю нагодаю і добрым месцам для абароны інтарэсаў сваёй царквы й тлумачэньнем ейнага месца ў праваслаўным сьвеце сёньня. На жаль, гэтак ня сталася, і па прачытаньні па-ранейшаму застаецца нямала нявысьветленага.
Затое аб падзеях сучасных, ад 1991-га году, расказваецца падрабязна. Аўтар кнігі быў адным зь нешматлікіх, калі не адзіным беларускім сьвятаром на эміграцыі, хто паехаў у Беларусь адраджаць Аўтакефалію. І гэта дае яму права на наступнае сьцьверджаньне: "[..] ні м. Ізяслаў, ніхто зь ягоных сьвятароў на Беларусь так і не прыехалі. Хоць у Амэрыцы гэтыя людзі рабілі й робяць шмат усялякіх заяваў на тэму адбудовы царкоўнай аўтакефаліі на Бацькаўшчыне, пры гэтым чамусьці заўсёды паліваюць мяне "брудам"".
Сапраўды, як-бы ня ставіліся да сьвятарскай, рэлігійнай дзейнасьці архіяпіскапа Юрыя, яму нельга закінуць аднаго: адсутнасьці нацыянальнай сьведамасьці. І калі ганеньні на ягоную царкву з боку Расейскай Праваслаўнай царквы ў Беларусі лёгка вытлумачальныя, дык непаразуменьні з БАПЦ пакідаюць пачуцьцё прыкрасьці.
Магчыма, як раз цяпер, калі аб'ядноўваюцца парахвіі сьв. п. Мітрапаліта Мікалая і Мітрапаліта Ізяслава, гэтая кніга, што чытаецца часам як гістарычны дакумант, а часам як прыгодніцкая аповесьць, дзе расказваецца аб яшчэ адной невядомай вайне - сярод сьвятароў у Беларусі й на эміграцыі, паспрыяе залагоджваньню канфлікту паміж БАП(Н)Ц ды БАПЦ і аб'еднаньню іхных высілкаў дзеля агульнай мэты - паўстаньня магутнай праваслаўнай аўтакефаліі ў Беларусі.
А. ЛЮБІЧ

На здымку: Архіяпіскап Юры з сьвятарамі БАП(Н)Ц
падчас апошняга наведваньня Беларусі.
Жнівень 2003-га году.