Новыя кнігі * Рэцэнзіі

Юрась ЛАЎРЫК. Беларускія кніжныя пазнакі ў зборах Бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лёндане. Беларуская бібліятэка імя Ф. Скарыны. 58 с. (зь ілюстрацыямі). Лёндан, 2001.
Зь беларускіх культурна-асьветных інстытуцыяў на эміграцыі Беларуская Бібліятэка імя Ф. Скарыны (ББФС) у Лёндане вылучаецца багацьцем сваіх кніжных і архіўных фондаў. Заснаваная айцамі-марыянамі у травені 1971-га году, яна і сёньня дзейсна служыць пашырэньню ведаў пра беларускую гісторыю, культуру і рэлігію. Засьведчыла тое і кніга Ю. Лаўрыка, якая выйшла з друку ў 2001-м годзе і гэткім чынам ушанавала 30-я ўгодкі дзейнасьці скарынаўскай кніжніцы ў сталіцы туманнага Альбіёну.
Адною з праблемаў, якую паставіў аўтар публікацыі перад сабой і чытачамі, ёсьць разгляд кніжных "пазнакаў" як гістарычнай крыніцы пры вывучэньні беларускай гісторыі й эўрапейскага кнігадруку. Па сваёй будове кніжка складаецца з уступу і трох частак, у якіх аўтар публікацыі спрабуе даць сваю клясыфікацыю кніжных "пазнакаў" у фондах ББФС і падзяляе іх на тры групы: аўтарскія чытацкія паметы ды занатоўкі, аўтаграфічныя дарчыя і дэдыкацыйныя запісы, эксьлібрысы ды ўласьніцкія надпісы. У выданьні прадстаўленыя кніжныя "пазнакі" асобаў, якія пакінулі значны сьлед у беларускай гісторыі ды культуры. Ад выдаўца кнігаў Бібліі славутага Франьцішка Скарыны да пісьменьнікаў і грамадзка-палітычных дзеячаў нашага часу - Максіма Гарэцкага, Антона Адамовіча, Натальлі Арсеньневай, Кастуся Езавітава ды іншых. Важнае месца ў кніжнай калекцыі ББФС займаюць фаліянты зь кніжніц беларускіх сьвятароў Вінцэнта Гадлеўскага, Адама Станкевіча, айцоў-марыянаў Льва Гарошкі, Часлава Сіповіча, Язэпа Гэрмановіча ды кс. Пятра Татарыновіча, а таксама айцоў-бэнэдыктынцаў Язэпа Рэшэця (Рэшаця), Яна Хрызастома Тарасэвіча і Ўладзіміра Тарасэвіча. На багатым фактаграфічным ды ілюстрацыйным матар'яле Ю. Лаўрык распавядае пра такія "аднатаваныя" кнігі, а таксама спрабуе прасачыць перэпетыі жыцьцёвых лёсаў іхных аўтараў, рэспандэнтаў і ўладальнікаў. За кожнай дэдыкацыяй, нататкаю ці заўвагаю - гісторыя рэляцый уладальніка-чытача з аўтарам кніжкі. Як правіла, нешматслоўная, але заўсёды гранічна шчырая.
Кніга Ю. Лаўрыка, і сапраўды, ці ня першай на эміграцыі закранае праблему вывучэньня кніжных "пазнакаў" у кантэксьце нацыянальнай ды эўрапейскай гісторыі. І ўсё-ж яна мае сваіх папярэднікаў на Бацькаўшчыне. На вялікі жаль, пра гэта аўтар лёнданскага выданьня амаль і не сказаў, адзначыўшы ў двух словах толькі, што прадмет ягонага допісу "ня мае багатай літаратуры ў беларускай кнігаведзе". Наўрад ці можна лічыць за трапную і аўтарскую дэфініцыю нататак, заўваг, паметак, пячатак і эксьлібрысаў як кніжных "пазнакаў". Тым больш, што ў беларускім кнігазнаўстве ўжо існуе ўнівэрсальнае тэрміналягічнае паняцьце "кніжныя знакі", сэмантыка якога дастаткова шырокая і ёмістая. Здаецца, няменш цікавым было-б разгледзець у публікацыі й кніжныя знакі арганізацыяў ды інстытуцыяў, якіх, па словах Ю. Лаўрыка, у фондах Скарынаўскай бібліятэкі ў Лёндане "таксама нямала". Аўтар аднак абмежаваў свой разгляд у асноўным кніжнымі "пазнакамі" канкрэтных асобаў. Будзем спадзявацца, што малады й перспэктыўны дасьледчык яшчэ вернецца да гэтай праблемы ў недалёкай будучыні й пашырыць рамкі свайго надзвычай цікавага дасьледаваньня. Тым больш, што кніжныя і архіўныя фонды ББФС, як гэта ні сумна канстатаваць, да сёньняшняга дня ня маюць сыстэмнага паказьніка-каталёгу такога кшталту, як нядаўна выдадзеная бібліяграфія "Беларускі й беларусаведны друк на Захадзе" Зоры й Вітаўта Кіпеляў.
Трэба прызнаць, кніга Ю. Лаўрыка пра кніжныя "пазнакі" ў зборах беларускай Бібліятэкі імя Франьцішка Скарыны зацікавіць ня толькі кнігазнаўцаў-бібліёграфаў і гісторыкаў, але таксама ўсіх, хто цікавіцца беларускай гісторыяй і культурай. Хочацца верыць, што яна пакладзе пачатак вывучэньню іншых беларускіх кніжных калекцыяў на эміграцыі. Таму такую кнігу варта паставіць на кніжную палічку. І не забыцца на яе.
Юрась ГАРБІНСКІ