Рыгор КРУШЫНА
(1907-1979)
Імя гэтага паэты, ягоная біяграфія й творчасьць добра вядомыя ня толькі даўнім чытачам "Беларуса", але й маладым аматарам паэзіі на Бацькаўшчыне. Пра яго напісаныя артыкулы, разьдзелы ў дасьледаваньнях, ягонае імя ўвайшло ў даведнікі ды энцыкляпэдыі. Таму тут адно нагадаем асобныя факты - як уводзіны да нашае публікацыі.
Сапраўднае імя паэты Рыгор Казак. Народжаны на Случчыне, ён у 18 гадоў надрукаваў там свой першы верш і ўзяў удзел у Слуцкім збройным чыне. Яго судзілі разам зь Юркам Лістападам, Максімам Гарэцкім, Якубам Коласам. Але адпусьцілі, паколькі Рыгор сваёй віны ня прызнаў, а давесьці аўтарства крамольных вершаў, зьмешчаных у часапісе "Наша слова", супрацоўнікі ГПУ ня здолелі.
Вучыўся Рыгор у Менскім Белпедтэхнікуме, ці не найславуцейшай нашай вучэльні таго часу. Бадай што ўсе пісьменьнікі Беларусі прайшлі тымі калідорамі - хто настаўнікам, а хто ў якасьці вучня. Большасьць выпускнікоў Тэхнікуму па заканчэньні навукі працавалі ў часапісьменьстве ці навучаліся далей Рыгор-жа два гады служыў ў войску кавалерыстам. Але паэзіі ня кідаў. Як ня кідаў яе ў гады вайны, у лягерох выгнанцаў у Нямеччыне, на эміграцыі - у ЗША. Сёньня творчы набытак Рыгора Крушыны, першага зь беларускіх пісьменьнікаў сябры ПЭН-клюбу, складае ладную палічку: "Лебедзь чорная" (1947), "Калыханка" (1953), "Выбраныя творы" (1957), "Вячорная лірыка" (1963), "Хвіліна роздуму" (1968), "Вясна ўвосень" (1972), "Дарогі" (1974), "Сны і мары" (1975).
Але нават пры такім зайздросным творчым лёсе - лёсе цяжкім, пакручастым, але спраўджаным, зьдзейсьненым, нават пасьля выдадзеных васьмі зборнікаў засталося ў спадчыне паэты нявыдрукаванае - рукапісная кніга "Рэквіем". Не аднойчы браліся за ейную публікацыю, як у Беларусі, гэтак і па-за ейнымі межамі, толькі плёну ня было.
Газэта "Беларус" ня ў стане падмяніць сабою выдавецкі калектыў з тэкстолягамі, рэдактарамі, літаратуразнаўцамі. Затое яна ў стане зьмясьціць на сваіх бачынах гэты апошні твор паэты, ягоную лебядзіную песьню - "Рэквіем".
Андрэй ЛЮБІЧ

РЭКВІЕМ

Прысьвячаецца сьвятой памяці Галіне

Усё адпакутвана, скрозь перажыта:
Трывога, хвароба, халоднае лета.
На полі ляжыць здратаванае жыта.
Апошняя песьня рыданьнем адпета.
Галіна, Ліна, Лінок!
Яшчэ нядаўна цешыўся аўтар, пазіраючы на ласкавую ўсьмешку мілай жонкі. Яна была добрай спадарожніцай у жыцьці. Выдатная машыністка. Перакладчыца. Любіла музыку, мастацтва і паэзію. Памагала аўтару ў справе выданьня ягоных кніжак. I заўсёды была сьціплая ў сваёй самаахвярнай працы. Гэта-ж яна афармляла з мастацкім густам вокладку кнігі "Вясна ўвосень". Ды ці толькі гэта? Хваляваньні, клопаты, радасьці праходзілі праз вялікую любоў. I раптам... жыцьцё Ліны абарвалася. Вечны спакой!
Боль і жалоба напісалі Рэквіем.

ПРАЛЕГ

Верасьнёвыя чорныя дні -
Ні сяброў, ані блізкай радні.

I самота ў пакоях пустых,
Як халодны наточаны штых.

Гэты штых коле сэрца маё,
Заганяе глыбей гастрыё.

I сьлязьмі абмываецца рана:
Адыйшла ад мяне ты зарана.

Недапетая песьня мая!
Адыйшла ты навекі, а я...

Я ня бачу ад самага ранку
Маю сьветлую зорку-заранку.

Я ня бачу цябе, сьветларусую.
Вобраз твой быў маёй Беларусяю.

Ты прыгадвала часта мінулае,
Прамаўляла ўсё чыста прачулае.

Завяршаўся мой верш сам сабой -
Гэтак лёгка было мне з табой.

А цяпер... я ў самоце цяжкой.
Адыйшла ты на вечны спакой.

* * *

А цi навекi разьвiтаньне?
Табе кажу, мая каханая,
Што слова полымем паўстане,
Бо ў сэрцы мроя нясьцiханая.

Ты ўвасабленьне Беларусi,
Мая знаходка долi ў далечы.
Цяпер да мэты дабяруся,
Высакародны вобраз маючы.

Маё раптоўнае натхненьне
Малюе Бацькаўшчыну родную.
Я маю творчае iмкненьне
I мову прадзедаў прыродную.

З табою жыў заўсёды ў згодзе,
Гарэў супольнымi жаданьнямi,
Каб разам - з песьняй - праз стагодзьдзе
Прыйсьцi ў наш Край жывымi зданямi.

* * *

Вецер падзьме, набягаючы з мора -
Згiне сьпякотная млявасьць і змора.
Сонца і сінь. I гарачыя сны.
Дзесьці хаваецца край мой лясны.

Край мілых красак, імклівых шуканьняў,
Накіп надзей і цярплівых чаканьняў.
Я без цябе размаўляю з табой,
Чую твой голас і морскі прыбой.

* * *

Я прыгадаў
Той час, калі пакутліва жадаў
І ў словах не зьняверыўся.
Тады было
Пяшчотнае, прыемнае цяпло...
А за вакном,
Выў за вакном
Халодны верасень.

У ШПІТАЛІ

Ты ляжала ў шпіталi.
У хваробе цяжкой
Твае вусны шапталі:
- Божа, боль супакой..

Супакой боль зацяты.
На сьцяне бачу - Крыж.
Хрысьце Божа! Расьпяты,
Ты цярпеў... Ты маўчыш.

Я ня маю ўжо сілы
Ні цярпець, ні крычаць.
Божа шчыранькі, мілы,
Буду сьціпла маўчаць.

Нярухома ляжала,
I адчуў я той час,
Як Любоў ціхім жалем
Растрывожыла нас.

I мы разам з табою
Веру клалі на Крыж.
I маўчалі абое.
Ты, як сьвечка, гарыш.

Я перахрысьціўся
I сэрцам маліўся:

- Божа, ратуй маю жоначку,
Слабасьці грэшнай даруй.
Ратуй яе, Госпадзе, ратуй.
Барані, мой Божа,
Слабую і хворую.
Дай добрых вынікаў.
Малю Цябе, Госпадзе!
На ўсё Твая Воля
I шчодрая міласьць Твая.
Госпадзе, памілуй.

Цішыня у пакоі.
Разьліваўся паўзмрок.
Ты казала спакойна:
- Ня сумуй, мой каток.

Мне ласкава казала:
- Ня сумуй, ня тужы.
Доля нас разьвязала.
Я на ўскраі мяжы.

Я памру, а ты знойдзеш
Дзесьці любу ізноў,
I наперад ты пойдзеш
Шляхам мараў і сноў.

I закончыш паэму
"Калыханку" сваю.
Возьмеш новую тэму
I дасі інтэрв'ю.

Хаваю горкую усьмешку,
А голас мой сьлязьмі дрыжыць:
- Ты будзеш жыць,
Ты будзеш жыць!
Мы знойдзем сонечную сьцежку.

Галіна, Ліначка, Лінок!
Ты залацісты мой лянок.
Хоць у грудзёх журбы клінок, -
Я васількі заўю ў вянок.

Заўю жывыя васількі
З маіх гарачых шчырых слоў.
Перацярпі ты боль цяжкі,
Не пакідай сваю любоў.

Каханьне ўсё перамагае.
Ты будзеш жыць! Ты мусіш жыць!
I не кажы мне, дарагая,
Што дзесьці знойдзецца другая,
З другой мне песьні не злажыцт.

АПОШНЯЯ НОЧ

Дваццаць пятага верасьня.
Дзень апошняй нядзелі.
Як далей? Я зьняверыўся,
Сумна вочы глядзелі.

Ты ляжала спакойная
Ды пакуту цярпела.
А часіна няўмольная
Ў абцугі брала цела.

Рукі, ногі зьмярцьвелыя...

Варушыцца ня можаш.
Нават словы самлелыя
Ледзьве чутныя: - Божа-ж...

Ой, як цяжка засуджаным
На страшэнныя мукі...
- Піць! - У горле застуджаным
Нявыразныя гукі.

Я над хворай схіляюся.
Каўтанула ты з кубка.
Я трывожна пытаюся:
- Мо лягчэй табе, любка? - Боль у целе ня чуецца,
Толькі мучае смага, -
Адказала пакутніца.
Блага скончыцца, блага.
.............................

Мне было ўжо дазволена
Ноч правесьці ў шпіталі.
Смутак лёг, як расколіна
На пабітым крышталі.

Цяплыня патагонная
У маленькім пакоі.
Ноч даўгая, бяссонная.
Мы ня спалі абое.

Я цяжкою хвілінаю
Быў прыбіты бядою,
I трымаў над Галінаю
Жоўты кубак з вадою.

А надзеі губляюцца...
Праўда думку ўзрушае:
Дактары памыляюцца,
Бог інакш вырашае.

Дагарала няшчасная.
Вусны штосьці хацелі
Мне сказаць, а заўчасная
Сьмерць ужо на пасьцелі.

А на вуліцы раніца...
Вераб'і гучным хорам
Ля вакна аціраюцца,
Не прайманыя горам.

ЭПІЛЕГ

Вось і восень паказалася,
Жоўталісьцем павязалася.
А цябе няма, каханая!
Змоўкла песьня нясьціханая.

Набягае бура злосная,
Аж рыпіць сасна выносная.
Куст крушынавы засмучаны,
Неспадзеўнай скрухай скручаны.

Ня шумець яму на старасьці
Бяз густой зялёнай парасьці.
Нават сонейка ня ўзрадуе.
Жоўты ліст дадолу падае.

А Галінка, гэтак сталася,
Ў непагоду заламалася.
Ад Крушыны адарваная,
На чужыне пахаваная.

Дзе цяпер усьмешка восені?
Ні сьвятла, ні лёгкай просіні.
Толькі хмары, хмары чорныя
Мыюць поцемкі вячорныя.

Я адзін. Жыву ўспамінамі.
Ці-ж былі з табою віннымі?
Вясна ўвосень - нам здавалася,
А цяпер інакш азвалася.

Дні няветлыя, сьцюдзёныя.
З горам клопаты штодзённыя
На мяне гарою валяцца,
Толькі сьлёзы ўпотай жаляцца.

Не магу ніяк суцішыцца --
Ня чытаецца, ня пішацца...
Зьбіты сумнымі падзеямі,
Я жыву яшчэ надзеямі.

I лятуць лісты кляновыя...
I фіялкі ў жоўтай замяці
Абяцаюць песьні новыя
У ахвяру вечнай памяці.

САНЭТ

Няўжо апошняя пачуцьцяў сіла,
Няўжо апошні верш, і сьціхну я?
Мне палыну туга нацярусіла...
А ўсё-ж ты сьвеціш, зорачка мая.

Ты ў маіх снох сьмяешся гэтак міла
I да мяне ляціць душа твая.
Але далёка там... твая магіла.
Мой смутак павялічыўся ўдвая.

Праходжу я завулкамі пустымі.
Цябе няма. З малітвамі сьвятымі
Пакінула трывожны гэты сьвет.

Казаў калісьці позірк твой прыгожы:
- Знайдзі сваё ты шчасьце ў падарожжы.
Схавай сабе мой добры запавет.

22. 10. 77