НАШ БЕЛАРУСКІ ШАСЬЦІКАНЦОВЫ КРЫЖ

У 30-я гады мінулага стагодзьдзя і за часы нямецкай акупацыі найбольш знакамітаю асобаю, як знаўца мастацтва і культуры, быў у Менску скульптар і прафэсар Міхаіл Керзін. Аўтарытэт ягоны быў надзвычай высокі. Напачатку 40-х гадоў, калі нямецкія акупанты ўжо абсталяваліся ў горадзе, і кіраўніком цывільнае адміністрацыі Генэральнай Губэрніі быў прызначаны Вільгэльм Кубэ, тады дазволена было беларусам аднавіць беларускі гістарычны музэй, які знаходзіўся ў так званым "Юбілейным Доме". (Пабудаваны ў 1913-м годзе ў манэры "а ля рюс" у гонар юбілею расейскай царскай дынастыі. Цяпер там Дом актора. 25-га сакавіка 1918-га году там была аб'яўленая незалежнасьць БНР.)
Дырэктарам беларускага музэю заступіў Антон Шукелойць, які акурат уцёк з бальшавіцкай турмы ў Крупках (фактычна, з-пад расстрэлу) і апынуўся ў Менску. (Як толькі пачалася вайна, энкавэдысты схапілі яго і разам з тысячамі такіх як ён арыштаваных беларускіх інтэлігентаў павезьлі этапамі на Ўсход.)
Пачалі фармаваць музэйную экспазыцыю. І вось сабралі аднаго разу ўсе ўнікальныя археалягічныя экспанаты, якія засталіся ад ранейшага менскага музэю, расклалі на вялікім шырокім стале каменныя сякеры, наканечнікі, фігуркі, амулеты й задумаліся, што з гэтым рабіць.
Паклікалі прафэсара Керзіна, каб той парадзіў. Прафэсар прыйшоў, кінуў вокам, паўзіраўся і кажа:
- Нясіце вядро.
Прынесьлі вядро. А прафэсар гэтак адным махам шырокае рукі згроб усе археалягічныя экспанаты й - шух у вядро.
- Выносьце, - кажа, - на сьметнік. - Гэта-ж падумаць толькі, - прадаўжаў далей прафэсар Керзін пасьля ўсеагульнай замінкі, - Масква ўсюды рабавала, дзе толькі магла! Па ейнай палітыцы, ніякай культуры ў Беларусі не павінна было быць. Усе арыгінальныя знаходкі й унікумы - сабе ў Маскву забралі, а нам тут, у Беларусі, муляжы пакінулі, падробкі, хлам: радуйцеся! О, гэта адмыслова. У іх розум не на дабро, ведалі, што рабілі, - рэзюмаваў прафэсар.

* * *
Гэтую гісторыю расказаў мне аднойчы Старшыня Галоўнай Управы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Антон Шукелойць, разважаючы пра Крыж Еўфрасіньні Полацкай. Муляж Крыжа (калі не прымаць пад увагу ягоную ілюстрацыйную ўжытковасьць) мае, на мой погляд, такі самы сэнс для культуры й такую-ж цану, як і той хлам, які некалі не раздумваючы прафэсар Керзін выкінуў у вядро для сьмецьця.
Муляж наталяе розум, але засоньвае дух, стварае ілюзію, што ўжо нешта ёсьць. Падробка дае ўяўленьне і спрыяе забыцьцю рэальнасьці.
Калі-б хто думаў спэцыяльна, што зрабіць, каб прымусіць беларусаў забыцца пра сваю зрабаваную маскоўцамі культуру і пра яе духоўны сэнс, то замест кляйнота стварыў бы дублікат, пустышку, каб улагодзіць і заспакоіць сярэдніх людзей і тых, хто ня ведае і не разьбіраецца (якіх, на жаль, вельмі шмат).
Што датычыць рэальнага Крыжа Еўфрасіньні, то тут, на мой погляд, сэнс найглыбейшы. Я-б сказаў, эзатэрычны сэнс, цудатворны й лёсавызначальны для ўсяго беларускага народу. Зьдзіўляе, зь якой пасьлядоўнасьцю расейцы-бальшавікі імкнуліся неўпрыкметна зьнішчыць Крыж, завалодаць ім, ня даць, каб ён заставаўся ў Беларусі.
Зь літаратуры ведама, што ў 1929-м годзе ГПУ-НКВД вывез Крыж Еўфрасіньні Полацкай зь Менску ў Магілёўскі музэй. (Захаваліся нават прозьвішчы тых гэбістаў, якія вывозілі.) Патлумачылі тады акцыю тым, што, маўляў, рэліквію трэба трымаць як мага далей ад дзяржаўнае мяжы, каб гарантаваць бясьпеку.
У канцы 70-х мне прыходзілася некалькі разоў размаўляць пра Крыж з былым дырэктарам Магілёўскага гісторыка-краязнаўчага музэю спадаром Філіповічам, які ў 1941-м годзе працаваў у музэі й прысутнічаў пры эвакуацыі ягоных экспанатаў. Ен цьвердзіў, што энкавэдзісты вывезьлі тады Крыж ў Маскву.
Праўда, пасьля вайны была пушчаная плётка (хутчэй за ўсё, праз КГБ), што, быццам-бы, Крыжа на той час у Магілёве не было, і што няведама, дзе ён. Пазьней пускаліся іншыя чуткі, што быццам-бы Крыж трапіў то ў Амэрыку (называлі нават калекцыю Моргана), то ў Аўстралію, то ў беларускую эміграцыю, Бразылію і г.д.
Пусканьне плётак тымі, хто скраў Беларускую Рэліквію, мяне не зьдзіўляе. Я схільны верыць Філіповічу. Бальшавікі пры эвакуацыі музэя, першым чынам забралі-б Крыж, а не муляжы каменных сякераў, кшталту тых, якія выкінуў на сьмецьце прафэсар Керзін.
Але нават калі-б сапраўды ў 1941-м годзе Крыжа ўжо не было ў Магілёве (хадзілі чуткі, што яго хавалі ў абкамаўскім партыйным сэйфе), то ці могуць быць сумненьні ў тым, дзе ён апынуўся пасьля таго, як гэбісты забралі яго зь Менску?!
Крыж схаваны ў Маскве, і прычыны ягонага знаходжаньня там, відаць, ня толькі культурна-матэрыяльныя і музэйныя. Нездарма гэтым займаўся НКВД. Там думалі наперад, нішчылі ўсё дзеля "сьветлай камуністычнай будучыні". (І, як паказала гісторыя, дзеля расейскай і гэбоўскай будучыні таксама.)
Для беларускае нацыі Полацкі Крыж ёсьць сакральны агульнанародны сымбаль, гэтак-жа, як Пагоня, Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, Вільня, Курапаты, Абраз Маці Божай Вострабрамскай, Наваградак, Мірскі замак, Нясьвіж, Полацак, рака Нёман і гістарычная рака Няміга (дзе цаной вялікіх ахвяраў, у крывавай бітве былі спыненыя чужынцы), Белавеская Пушча, Крэва і г.д. (Дарэчы, нават маючы на ўвазе толькі тое, што я назваў, заўважце, куды цаляюць непрыяцелі.)
Добра ведамы таксама Запавет Шасьціканцовага Крыжа Еўфрасіньні, сэнс якога ў тым, што Крыж "жыватворыць" душы народу, сьцеражэ, аберагае краіну. Страта Крыжа - пазбаўляе народ апекі й прынясе няшчасьце тым, хто яго ўкрадзе.
І вось ён зьнік. Ад пачатку 40-х гадоў яго ўжо няма ў Беларусі. Запавет прыдае Крыжу значэньне перспэктыўнага і мабілізуючага нацыю сымбаля. (У мяне ўзьнікае падазрэньне, што найперш таму ён і быў выкрадзены бальшавікамі-расейцамі. У ягоным зьнікненьні прачытваецца злая воля.)
Крыж Еўфрасіньні - гэта беларускі Грааль, толькі захоўваецца ён ужо не на Монтсальвачы (Полацку), а, відаць, у д'ябальскім замку Шахтэльмарвайль.
Нагадаю, што Полацкі Шасьціканцовы Крыж, які сымбалізуе Боскае стварэньне сьвету (шэсьць канцоў - шэсьць дзён стварэньня) ёсьць Крыж-Куфэрак, у якім захоўваюцца кавалак Крыжа Хрыстовага з кроплямі Ягонай Боскай крыві й асколак каменю з крыпты (труны) Багародзіцы.
Калі паўзірацца на нашыя пасьляваенныя гады, то відаць, што то тут, то там зьяўляюцца людзі, якім не дае спакою лёс Полацкага Крыжа. Яны пачынаюць разважаць, дзе-б ён мог быць. Некаторыя нават парываліся яго безвынікова шукаць. Але, зразумела (хоць, магчыма, яшчэ нямногім), што шукаць Полацкі Крыж трэба ня толькі ў натуральным ягоным выглядзе, як канкрэтную нацыянальную рэліквію, але здабываць у духу, як найсьвятлейшую, вечную праўду, знайшоўшы якую, народ становіцца - бесьсьмяротным.
І вось, калі ў чарговы раз зноў ажыла цікавасьць да Полацкага Крыжа, аднекуль, зь вельмі сумніўных сфэраў сьведамасьці, зьяўляецца прымітыўная ініцыятыва стварыць ілюзыю Крыжа, падробку, каб заспакоіць інтэрас ды суцішыць неабуджаны дух. Ствараецца муляж рэліквіі (1997-ы год), фальшыўка, і хораша абгрунтоўваецца; дзіўныя спонсары, зьвязаныя з Расеяю, дапамагаюць яе зрабіць. Утварылася зьява, як наш цяперашні суверэнітэт, які, заўважце, карэлюецца з муляжным падабенствам Вялікага Сымбаля.
У іншых умовах і абставінах, пры адсутнасьці маскоўскага сьледу і пры поўнай няведамасьці пра месца знаходжаньня Крыжа, можа і не было-б у гэтым чыне вялікае бяды. Хутчэй за ўсё, нават рэалізаваліся-б добрыя памкненьні. Але калі ведаем і здагадваемся, што злодзей засеў там, у цёмным замку Кліншора, за крамлёўскімі сьценамі, то ўся гэтая самадзейнасьць выглядае інакш.
Тут выяўляецца тыпалягічная рыса пэўнай зьявы. У дачыненьні да беларускай культуры я назваў-бы яе "адмоўным эфэктам Керзіна". Яна (гэтая зьява) вынікае з тыпалёгіі ашуканства і каляніяльных дачыненьняў. Гэтак бэльгійцы некалі рабавалі Афрыку, забіралі дыямэнты ды алмазы, а ўзамен давалі шкляныя пацеркі (каб цешыліся). З цывілізаваным народам можна абыходзіцца гэтак-жа, калі давесьці ягоную сьведамасьць да ўзроўню Афрыкі.
У апошні час знаходжаньнем Крыжа цікавіўся Пётра Краўчанка, былы міністар замежных справаў Беларусі. Але ён ніколі не задумваўся пра Грааль, таму ягоная мімалётная цікаўленасьць ні да чаго не прывяла, а сам ён неўзабаве ператварыўся ў "японскага пасла" ў краіне Ўзыходзячага Сонца.
Што дзень наступны нам рыхтуе? Калі вернецца ў Беларусь Полацкі Шасьціканцовы Крыж? Дзе ягоныя адважныя рыцары й абаронцы? Хто дасьць адказ?
Але ня трэба адказу. Ужо даўно, так даўно, што сталі, як мроя, "усё лятуць і лятуць тыя коні, срэбнай збруяй далёка грымяць..."

Зянон ПАЗЬНЯК