Ідэалёгія і палітыка разбурэньня Курапатаў зразумелая. Уладу ў Беларусі захапілі выхадцы з НКВД-КГБ, якія хацелі-б зьнішчыць сьведчаньні генацыду, што ажыцьцяўляла Масква праз ворганы НКВД. Усе спробы сфальшаваць вынікі навуковых дасьледваньняў, зробленых у 1988-м годзе, і абвергнуць вынікі сьледзтва па Курапатах праваліліся. Пасьля гэтага запанавала ўяўная цішыня, у час якой паволі руйнавалася і зачышчалася ўсё, што зьвязанае з памяцьцю пра Курапаты, засьмечвалася тэрыторыя магілаў, месца рабілася прахадным, кінутым на таптаньне жыхароў з бліжэйшых кварталаў горада.
Тактыка рэжыму была зразумелай і яе неабходна было спыніць. У 2000-м годзе на Дзяды Беларускі Народны Фронт "Адраджэньне" і ягоная Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя - БНФ распачалі актыўнае стварэньне ў Курапатах Народнага Мэмарыялу Беларускай мартыралёгіі. Было наладжана масавае Крыжовае шэсьце ў Курапаты й устаноўлена над магіламі мноства крыжоў (больш 30-ці).
Ставіць крыжы працягвалі ўвесь час. На 2001-ы год іх ужо было больш за сотню. Растлумачылі (часткова ў друку) канцэпцыю Народнага Мэмарыялу ў Курапатах, які па задуме ствараў-бы сам народ. Дзеля гэтага кожны мог зрабіць і прынесьці ў Курапаты свой крыж, паставіць яго за душы расстраляных беларусаў, сваіх родных і блізкіх. Над магіламі расстраляных на Курапацкіх горах, на палянах і ўздоўж дарог вырастаў-бы лес крыжоў. Усё гэта рэальна абазначыла-б памяць па расстраляных і сымбалізавала-б уваскрасеньне душаў. (Такі беларускі крыжовы помнік ёсьць на сьвятой гары Грабарка на Беласточчыне і ў іншых месцах. Кожны год беларусы нясуць у Грабарку крыжы.)
Справа зрушылася. Гэтакія дзеяньні выклікалі ціхую паніку ў кіраўніцтва рэжыму. Безумоўна, маскоўскія аналітыкі з ГБ прааналізавалі задуму Народнага Мэмарыялу і зразумелі, што прыходзіць канец іхным спробам схаваць памяць пра Курапаты й паступова зьнішчыць іх.
Рэакцыя была пасьпешнай і грубай. Ужо летам 2001-га году пачалася падрыхтоўка да будаўніцтва шырокай аўтастрады праз Курапаты. Пры тым так сьпяшаліся, што пачалі бяз пляну і без узгадненьня праекту. Мэтадам такога будаўніцтва (гледзячы па абставінах) можна было разбурыць і зьнішчыць літаральна ўсё: і лес, і крыжы, і магілы. Напрацаваны вялікі савецкі вопыт зьнішчэньня культуры. Гісторыя расейскай акупацыі ў Беларусі паказала, што не існуе ніякіх маральных перашкодаў у варвараў: ні ў тых, хто загадвае, ні ў тых, хто выконвае. Тыя, хто разбураюць крыжы й магілы, ня маюць ніякіх духоўных каштоўнасьцяў, акрамя паняцьцяў нявольніка і раба.
Разбурэньне Курапатаў заплянаванае з асаблівым цынізмам. Варта зьвярнуць увагу на даты. Ігнаруючы ўсіх і ўсё, шырокім фронтам прыступілі да будаўніча-разбуральных працаў у зоне Курапатаў 20-га верасьня, якраз ў дзень так званай "самаінаўгурацыі" Лукашэнкі пасьля сфальшаваных выбараў. 8-га лістапада, на другі дзень галоўнага бальшавіцкага сьвята, па загаду зьверху пачалі ламаць крыжы, зьбіваць і катаваць людзей - абаронцаў магіл, кінулі на іх тэхніку, бульдозеры, КГБ і спэцыяльныя атрады міліцыі.
Такое супадзеньне датаў добра адлюстроўвае ідэалёгію вандалізму, паказвае, у якой сфэры паняцьцяў існуюць разбуральнікі Курапатаў.
Курапаты - унікальны помнік і сымбаль генацыду. Ад асэнсаваньня яго беларусамі шмат у чым залежыць лепшая будучыня Беларусі. Бяда як раз у тым, што непрыяцелі беларушчыны гэта разумеюць лепш, чым некаторыя беларусы. Лёс Курапатаў будзе залежыць ад двух зьяваў: ад сілы супраціўленьня варварству і, галоўнае, ад уздыму і моцы стваральнай працы, ад рабленьня Народнага Мэмарыялу крыжоў. Рэч зразумелая: напачатку гэтую працу павінна ўзяць на свае плечы арганізаваная эліта грамадзтва, актыўныя і сьведамыя людзі, пакуль ня зрушыцца ўвесь народ.
Зянон ПАЗЬНЯК
На здымку: усе гэтыя крыжы былі зьнішчаныя будаўнікамі. (здымак У. Цярохіна)