ДОБРЫЯ ЛЮДЗІ ЗЬ ІЛІНОЙСА НА МАГІЛЁЎШЧЫНЕ
Падчас апошняй паездкі ў Беларусь мне давялося пазнаёміцца з групаю дабрачынцаў-валанцёраў з нашага штату, якія прысьвяцілі свае жыцьці высакароднай мэце дапамогі дзецям, што жывуць у зоне, забруджанай у выніку Чарнобыльскай катастрофы.
Робэрт Морвэлл - пастар аб'еднанай мэтадысцкай царквы ў гарадку Квінсі, што на захадзе Ілінойса. Пачынаючы ад 1993-га году ён арганізоўвае і ўзначальвае групы Дабрачыннай Місіі ў Магілёўскую вобласць. За гэты час Робэрт Морвэлл разам з валанцёрамі-дабраахвотнікамі прывезьлі лекаў і мэдыцынскага абсталяваньня коштам болей за 1 мільён даляраў. Усё гэта было перададзенае ў вабласную дзіцячую бальніцу, а таксама ў дзіцячыя дамы ў Барсуках і Бялынічах, што на Магілёўшчыне. Арганізацыйна дапамагае гэтым групам Фонд міру Беларусі на чале з ветэранам беларускага дабрачыннага руху Маратам Ягоравым.
Дзьве апошнія паездкі місіянераў былі скіраваныя ў Бялыніцкі дзіцячы дом, дзе жывуць 170 дзіцяткаў-сіротаў розных узростаў. Большасьць зь іх - хворыя і разумова адсталыя ў выніку ўзьдзеяньня радыяцыі. Дабрачынцы зь Ілінойсу прывезьлі лекі й мэдабсталяваньне, розныя рэчы ды абсталяваньне для рамонту памяшканьняў. Некалькі дзён яны працавалі - займаліся рамонтам спальняў, спортзалі, падсобных памяшканьняў. А ў свой вольны час гулялі зь дзецьмі.
- Пэўна, найбольш каштоўнае, што мы робім для дзяцей, - сказаў пастар Робэрт Морвэлл, - гэта тое, што мы даем ім адчуць, што Бог думае пра іх, што кожны зь іх - у полі зроку Ўсявышняга, нягледзячы на тое, што іх бацькі ўсіх іх пакінулі. У такіх далёкіх селішчах як Бялынічы дзецям увогульле ўдзяляецца вельмі мала ўвагі, цяпла. І калі мы за свае сродкі прыяжджаем туды з далёкай Амэрыкі, прывозім ім лекі, спартыўнае і рознае іншае абсталяваньне, праводзім зь імі шмат часу, яны адчуваюць цеплыню нашых сэрцаў і клопат Бога. У іх зьяўляецца адчуваньне сваёй годнасьці, надзея жыць, надзея на нешта лепшае і сьветлае.
Цяперашні клопат Робэрта Морвэлла - дапамагчы пабудаваць новыя лазьню й пральню ў Бялынічах. Нічога гэтага няма зараз і ў дзіцячым доме. Італьянскія дабрачынныя арганізацыі ахвяравалі дзеля гэтай справы $25,000, але неабходна яшчэ $15,000. Бюджэтныя выдаткі на школу і дзіцячы дом сёлета скарочаныя дзяржаваю на 25%, выдаткі на ўтрыманьне штату - на 10%. На месцы немагчыма знайсьці сродкі для завяршэньня гэтай жыцьцёва важнай справы. Таму цяпер Робэрт Морвэлл і валанцёры з Аб'еднанай мэтадысцкай царквы намагаюцца зрабіць усё, каб сабраць неабходныя сродкі.
І таму пастар Робэрт Морвэлл папрасіў паведаміць іхныя каардынаты:
Union United Methodist Church
in Quincy
1101 State Street
Quincy, IL 62301
тэлефон (217) 223-6062,
электронная пошта: uumc1199@adams.net

Ванкарэм Нікіфаровіч (Ілінойс)

Бялынічы, травень 2002-га году. Мэт'ю Морвэлл, сын пастара Робэрта Морвэлла (крайні з правага боку), разам зь дзецьмі ў час рамонту спальнага пакою ў дзіцячым доме.

"Мяч надзеі" кідае Брэд Морган з Карлайсла, штат Пэнсільванія. Разам з групаю валанцёраў зь Ілінойсу ён прывез і устанавіў у Бялыніцкім дзіцячым доме абсталяваньне для спартовай залі.