НАВАГРАДЗКАЯ ЛЭДЗІ МАКБЭТ
Марта, першая і апошняя літоўская каралева
Для жанчыны гісторыя заўсёды адводзіла вялікую ролю ў жыцьці любога народа. І ня мае значэньня, пагаджаюцца з гэтым ці не прадстаўнікі так званага моцнага полу. Жанчына, у рэшце, і нараджае гэтых самых прадстаўнікоў. Хто яна - жанчына - зь яе радасьцямі й горам, зь яе марамі й паразамі? Хто яна - жанчына мінулага тысячагодзьдзя? Знакамітая і ня вельмі, моцная і слабая. Жанчына заўсёды застаецца жанчынаю. Кожная хоча быць прыгожаю, каханаю, шчасьліваю. У кожнай з нас ёсьць свая загадка, свая таямніца.
У гісторыі нашага народу шмат белых плямаў, якія яшчэ чакаюць дасьледчыкаў. Але, як гэта часьцяком бывае, гісторыкі й пісьменьнікі як зацікавіліся адной нейкай гістарычнай постацьцю, дык аніяк ад яе і адчапіцца ня могуць. Пакідаючы па-за ўвагай пры гэтым цэлыя шэрагі іншых імёнаў, якія заслугоўваюць нашай увагі значна больш, чым здаецца на першым часе.
Я хачу распавесьці пра Марту, жонку князя Міндоўга, першую і апошнюю літоўскую каралеву. Такім чынам, гісторыя пра Наваградзкую ледзі Макбэт.
Хто яна такая, дакладна невядома. Невядома нават, якое ў яе было першае імя, бо відавочна, што імя Марта яна атрымала ўжо не ў дзяцінстве. Хто яна па паходжаньню, таксама невядома, відаць, у яе былі і славянскія, і балцкія карані. Нарадзілася будучая літоўская каралева недзе ў дваццатыя гады трынаццатага стагодзьдзя. Марта, маладая, прыгожая, амбітная жанчына, выходзіць замуж за старога, але ўладарнага Вісманта. Выходзячы за яго, яна ня мела намеру заставацца ўсяго толькі хатняй гаспадыняй, няхай сабе і такой багатай. Ей хацелася ўлады ня толькі над сваімі чалядніцамі. Вісмант-жа адносіўся да сваёй маладой жонкі гэтак, як ён лічыў патрэбным: толькі як да жонкі, якая павінна займацца выключна хатнімі справамі. Безумоўна, такое становішча зусім не задавальняла Марту, яна маркоцілася, але пакуль што паправіць нічога не магла.
Як заўсёды, дапамог выпадак. Неяк Марта на княскім прыёме пазнаёмілася з маладым Наваградзкім князем Міндоўгам, які княжыў у Наваградку ўжо каля трынаццаці гадоў і пасьпеў паказаць сябе як таленавіты й сьмелы ўладар. Міндоўг быў сынам Рынгаўда, які княжыў у Кернаве, але быў па паходжаньню з роду полацкіх князёў. Яшчэ Рынгаўд і пачаў ствараць моцны палітычны цэнтар у Наваградку. Але найбольш узвысіў горад менавіта Міндоўг. Ен патрапляе ў Наваградак пасьля вялікае паразы ў бітве з крыжакамі ў сярэдзіне саракавых гадоў. Са Жмудзі прыйшлося ўцякаць у Наваградак, дзе Міндоўг прымае праваслаўе. Яму цесна толькі на абшарах Наваградскага княства і ён з дапамогаю сілы, бо інакш тады быць не магло, далучае да сваіх уладаньняў Ваўкавыск і Слонім, а таксама Горадзенскае і Віленскае княствы. Але пачаліся непаразуменьні зь дзядзькам Выкантам. Міндоўг пасылае пад Смаленск забойцаў, каб яны й дзядзьку забілі, і ягоных сыноў Таўцівіла і Едзівіла, і выканалі гэта так, каб склалася ўражаньне: яго сваякі загінулі ў час бою ад варожага мяча. Але нехта папярэдзіў Выканта і ён з сынамі ўцёк да Данілы Галіцкага, які быў жанаты на дачцэ Выканта. Даніла Галіцкі й Выкант дамовіліся зь лівонцамі, жмудзінамі й яцьвягамі аб сумеснай барацьбе супраць Міндоўга. Але той хуценька прыняў каталіцтва і перацягнуў на свой бок лівонскі ордэн.
І вось такі спадарожнік жыцьця і патрэбен быў Марце: малады, сьмелы ды рызыкоўны. Відаць, і Марта яму падыходзіла, бо шмат у чым падобная на Міндоўга. Праўда, Міндоўг меў жонку і дзяцей, але для Марты гэта не магло быць вялікаю перашкодаю. У прыгожай галаве Марты плян склаўся амаль імгненна. Яна павінна пазбавіцца ад Вісманта і стаць жонкай Міндоўга. Тое, што трэба будзе некуды падзець і жонку Міндоўга, яе тады мала турбавала. Найперш патрэбна было знішчыць Вісманта.
Марта пусьціла ў ход усе свае жаночыя чары і Міндоўг быў спакушаны. Настаў час дзеля выкананьня задуманага. У той час Міндоўг быў саюзьнікам Вісманта. Яны павінны былі разам ісьці ў паход пад горад Цьвірамет, ваяваць супраць дзядзькі Міндоўга Выканта. І вось сонечным ранкам Вісмант разьвітваецца са сваёю маладою жонкаю Мартаю. Яго ня столькі турбуе паход, колькі становішча жонкі: ён пакідае яе цяжарнай. Наказаўшы шматлікім чалядніцам, каб бераглі маладую гаспадыню, Вісмант нарэшце выправіўся ў паход.
Пад Цьвіраметам войска Вісманта сустрэлася з войскам Міндоўга. У іх самыя лепшыя, самыя сяброўскія адносіны, але Вісманта нешта трывожыць. Прадчуваньне бяды не пакідае сэрца. І вось на стан, дзе разьмясьціўся Вісмант, прыскоквае на ўзмыленым кані адзін з ваяроў Вісманта. Ен падае гаспадару ліст ад Марты. Марта, пасьля звыклых прывітаньняў, паведамляе свайму мужу, што дзіця, якое яна носіць пад сэрцам, не яго. Бацька дзіцяці - Міндоўг. Безумоўна, Марта выдатна ведала свайго мужа, яе разьлік быў беспамылковы. Вісмант ледзь не захлынуўся ад лютасьці. Як, яго саюзьнік, яго сябра падманваў яго! Вісмант, мінаючы разгубленых целаахоўнікаў, якія гэтак і не пасьпелі нічога зразумець, ускоквае на каня і імчыць ў самы гушчар бітвы. Праз некалькі імгеньняў ён падае на зямлю. З прабітае сьпіны тырчэў нечы меч. Паміж прыхільнікамі Вісманта папаўзьлі чуткі, што гэта Міндоўг падаслаў забойцаў, якія і нанесьлі здрадніцкі ўдар у сьпіну іх гаспадару.
Праз некаторы час на паляваньні пры таямнічых абставінах гінуць і два браты Вісманта: Эдзівіл і Спрудэйн. Яны, відаць, здагадваліся, што сьмерць старэйшага брата была зусім невыпадковаю.
А ў сям'і Міндоўга таксама пачаліся нейкія таямнічыя здарэньні. Раптам моцна захварэла жонка. Яшчэ ўчора яна была здаровая, маладая жанчына, якая ні на што не скардзілася, а сёньня не змагла падняцца з ложка. Міндоўг загадаў выклікаць усіх лекараў, якіх змаглі знайсьці, але жонка памерла ў страшэнных пакутах. Войшалак, сын Міндоўга, не адыходзіў ад пасьцелі маці і зацята маўчаў. Хлопец, які пасьля стане не менш уладарным ды знакамітым князем, чым ягоны бацька, увесь час будзе люта ненавідзець сваю мачыху Марту.
Прайшло зусім няшмат часу і Марта паўнапраўнай гаспадыняй увайшла ў палац Міндоўга. Тут яе надзвычай непрыхільна сустрэлі яго дзеці. Але Марта не зьбіралася здаваць свае пазыцыі. Перамога павінна была быць толькі на яе баку. Войшалка выпраўляюць у Афон. Там ён павінен быў стаць манахам. Ягоную сястру тэрмінова аддаюць замуж за сына Данілы Галіцкага. Але Войшалак таксама не зьбіраецца падпарадкоўвацца нялюбай мачысе. Ен дабіраецца да Баўгарыі і вяртаецца назад. Патрэбна было перачакаць час. Ен будуе сабе манастыр каля Нёмана і жыве там да таго часу, пакуль ня стане Наваградзкім князем.
Але побач з Міндоўгам зараз няма дзяцей ад першай жонкі, і таму дзеці Марты, Рукліс і Рупэка, станавіліся адзінымі спадчыньнікамі. На гэта вельмі спадзявалася Марта.
Праз некалькі месяцаў пасьля шлюбу Міндоўг і Марта каранаваліся на каралеўскі трон. Яны сталі першымі й апошнімі літоўскімі каралём і каралеваю. Міндоўгу патрэбна была карона, каб здабыць прыхільнасьць нямецкіх рыцараў і атрымаць ад іх дапамогу ў барацьбе зь яцьвягамі й жмудзінамі. А для Марты гэта была вяршыня посьпеху. Яна будзе паўнапраўнай каралевай! Марта ўжо бачыла сябе ў шыкоўных строях на балях, якія яна і яе муж будуць ладзіць для суседзяў. Бачыла яна сябе і як галоўную дарадчыцу мужа. І, відаць, мела рацыю. Марта ад прыроды была нашмат разумнейшай, чым многія афіцыйныя дзяржаўныя дзеячы, якіх ёй даводзілася бачыць ці чуць. Марта была, безумоўна, і разумнай і дастаткова хітрай, шмат што яна магла пралічыць, шмат каго магла перамагчы пры дасягненьні сваіх плянаў. Пакуль што ёй шанцавала: чаго хацела, таго і дабівалася. І нават без асаблівых цяжкасьцяў. Яна зь лёгкасьцю расправілася са сваім былым мужам, зь непажаданымі жонкаю і дзецьмі свайго новага мужа. Яе баяліся пры двары, шмат яна мела недобразычліўцаў, але яны ў параўнаньні зь ёю былі значна слабейшымі, таму для Марты не ўяўлялі вялікае небясьпекі. Небясьпека чакала зусім з іншага боку. Марта, пры ўсіх яе выдатных прыродных дадзеных, не змагла перамагчы адну сваю суперніцу, а менавіта такую хітрую ды каварную даму, імя якой палітыка.
Настае 1260-ы год. Міндоўг нечакана адмаўляецца ад каталіцтва, вяртаецца ў язычніцтва і - гэта самы вялікі ўдар для Марты - адмаўляецца ад кароны. Зараз Міндоўг надумаў змагацца з крыжакамі і яму патрэбная была падтрымка з боку Данілы Галіцкага. Таму ён без развагаў і адмовіўся і ад кароны, і ад хрысьціянства. Дарэчы, Міндоўг за сваё жыцьцё некалькі разоў пераходзіў з адное веры ў іншую. Рабіў ён гэта не з рэлігійных прычынаў, а з прагматычных. Трэба ў дадзены момант быць праваслаўным - ён будзе праваслаўным, трэба каталіком - няма пытаньняў! І вось зараз Міндоўг зноў становіцца язычнікам.
Марта такой нечаканай паразы перажыць не магла. Усе яе мары, усе памкненьні абрынуліся ў адначасьсе. Ніколі больш ня будзе яна каралевай, а яе дзеці ня будуць насьледваць трон. Фактычна дзеля таго, каб яе сыны змаглі стаць каралямі, яна і задумвала ўсе гэтыя інтрыгі. І вось усё скончана. Яе Міндоўг, на якога яна гэтак спадзявалася, нанёс ёй удар у сьпіну. Рашучая, разумная, прадбачлівая Марта зараз проста разгубілася. Яна апынулася ў тупіку, зь якога ня бачыла выйсьця. Яна не магла, гэтак, як Міндоўг, зноў стаць язычніцай ды маліцца на ідалаў. Яна не магла падумаць пра заўтрашні дзень, калі яе ўжо не будуць называць каралевай. Марта ня ведала, што рабіць. Тут нельга было некага атруціць, аддаліць ці падаслаць забойцу. Нават калі-б яна атруціла Міндоўга, гэта не зьмяніла-б стану рэчаў. Міндоўг ужо адмовіўся ад кароны, а значыць, адмовілася і яна, Марта.
І моцная, уладарная Марта зламалася. Яна пачынае паціху вар`яцець. Спачатку яна перастала спаць: ёй сьніліся розныя жудасьці і, каб ня бачыць іх, яна баялася заснуць. Потым ёй сталі мроіцца гэтыя жудасьці ўжо ня толькі ў час сну. Розныя пачвары чакалі яе па кутах велізарнага палаца. Марта, якая імкліва страчвала сваю яшчэ зусім нядаўнюю прыгажосьць, бегала па пакоях, расхрыстаная, з раскалмачанымі доўгімі валасамі, крычала і "выганяла" з кутоў зданяў. Яна сама ўсё больш і больш нагадвала здань.
Міндоўг нават здагадацца не мог аб сапраўднай прычыне хваробы жонкі. Ен, як мог, стараўся ёй дапамагчы, гатовы быў кінуць усё сваё багацьце на тое, каб выратаваць каханую. Але выратаваць Марту ня мог ужо ніхто. У 1262-м годзе яна памерла. Памерла зусім вар`яткаю.
Перад сьмерцю яна пакінула мужу дзіўны тэстамэнт. У ім яна прасіла Міндоўга, каб узяў у жонкі пасьля яе сьмерці адну зь яе сёстраў. Сваім хворым розумам яна ўяўляла, што на яе месцы хутка апынецца чужая жанчына і стане крыўдзіць яе дзяцей, як яна некалі крыўдзіла дзяцей Міндоўга ад першае жонкі.
Просьба годная вар`яткі, але, на дзіва, Міндоўг выконвае гэтую просьбу. Ці ён сапраўды гэтак моцна кахаў Марту, што гатовы быў выканаць любую яе просьбу, ці і сам пачаў ужо страчваць розум побач з вар`яткаю-жонкаю. Ен пасылае ганца да сястры Марты, каб паведаміць ёй пра сьмерць Марты і запрасіць на пахаваньне. Сястра Марты была замужам за князем Нальшанскім Доўмантам. Яна прыяжджае і становіцца фактычна закладніцай Міндоўга. Пасьля пахаваньня дамоў яе не адпускаюць. Бедную жанчыну трымалі пад вартаю ў адным з пакояў. Яна павінна была выконваць ролю маці для дзяцей Марты. Такой ганьбы жанчына не чакала і, ня вытрымаўшы пакутаў, праз некалькі месяцаў памерла.
А дома яе чакаў муж, князь Доўмант. Пайсьці вайною на Міндоўга ён ня мог, надта слабое войска меў у параўнаньні з магутным Наваградскім уладаром. Доўмант кожны дзень чакаў, калі вернецца ягоная жонка з такога дзіўнага палону. Ен усё яшчэ спадзяваўся, што Міндоўг дойдзе да розуму і зразумее ўсю недарэчнасьць сваіх паводзінаў. Але час ішоў, палоньніца не вярталася і аднойчы Доўмант даведаўся, што яна памерла.
Помста Доўманта была страшнаю. Ен зрабіў выгляд, што сам выправіў жонку ў госьці да сваяка. І што-ж зробіш, калі яна там памерла. Лёс няўмольны. Доўмант працягваў паводзіць сябе як найлепшы сябра Міндоўга. Сам прапанаваў таму дапамогу ў паходзе на бранскага князя Рамана. Міндоўг, які нічога не падазраваў, з ахвотаю згадзіўся. Яны пайшлі разам за Дняпро, але праз некалькі дзён Доўмант нечакана павярнуў назад і, ударыўшы з тылу ў войска Міндоўга, дагнаў самога князя і ўласнымі рукамі забіў яго самога і ягоных двух сыноў ад Марты.
Такім чынам, ад Марты не засталося нічога: ні каралеўскай кароны, ні сыноў, дзеля якіх яна і пайшла на ўсе гэтыя макбэтаўскія інтрыгі. Хто яна была - Марта: дзіця сваёй дзікай эпохі, калі забіць бацьку, брата дзеля дасягненьня нейкіх палітычных мэтаў не лічылася за грэх і за злачынства? Была яна бяздушнай інтрыганкай ці проста няшчаснай жанчынай, якая згубілася ў сваім часе? Гісторыя гэтага ня ведае, як ня ведала, відаць, і сама Марта.
Самыя значныя падзеі ў жыцьці Міндоўга адбыліся ў той час, калі побач зь ім была Марта. Ен толькі на год перажыў яе. Але, відаць, памёр ён не тады, калі яго забіў Доўмант, а ў той дзень, калі апошні раз заплюшчыла свае вочы яго каханая жонка Марта.

Лілія Сазанавец