МАСТАК У АПАЗЫЦЫІ ЎЛАДЗЕ
Ледзь ня кожны выступ для ведамага ў Беларусі мастака Алеся Пушкіна заканчваецца пастарункам. Вось і 3-га ліпеня, калі ў Менску адзначалі некалькі дзяржаўных сьвятаў, і на вуліцах віравалі вясёлыя людзкія натоўпы, мастака ізноў затрымалі й у кайданках адвезьлі ў КПЗ. Затрымалі за чарговы пэрформанс, прысьвечаны тэме калябаранцтва ў гады Другой сусьветнай вайны.
Далей расказвае сам Алесь Пушкін: "Я зладзіў акцыю пад назваю "Жаўнер удачы" надвячоркам 3-га ліпеня паміж рэстарацыяй "Папараць-кветка" і Чырвоным касьцёлам. Узяў нямецкую аўчарку па мянушцы Ганс, сам апрануўся ў форму, якую насілі жаўнеры беларускіх нацыянальных фармаваньняў у гады вайны, узяў лялькі дзіцячыя, узяў некалькі мэтраў белай тканіны, а таксма белую й чорную фарбы.
Дзея пачалася пад музыку з альбому "Mutter" нямецкага гурта "Rammstein". Я намаляваў беларускую васьміканцовую зорку, потым зьявілася аўчарка і пачала нешта вынюхваць. Нарэшце яна знайшла партрэты беларускіх генэралаў Усевалада Родзькі й Міхася Вітушкі. Іх лёсы надзвычай складаныя. Гэта тыя людзі, якімі мы павінныя ганарыцца, але дзякуючы каляніяльнай палітыцы беларускіх уладаў, іх дзейнасьць ужо 57 гадоў замоўчваецца, хоць у спэцсховах КГБ да гэтай пары захоўваюцца іх асабістыя справы. Родзька й Вітушка стваралі Беларускую Незалежніцкую Партыю.
І вось Ганс знайшоў іхныя партрэты… Ня буду тлумачыць, тут кожны павінен сам разьбірацца. Узяўшы лялькі, я з аўчаркаю пайшоў купаць іх у басэйне, а потым расклаў іх перад партрэтамі. На прасьцірадле зьбіраўся напісаць лёзунг "Слава героям!", які дзьве дзяўчыны з Коханава, Воля і Галя, павінны былі падняць над галовамі. Яшчэ дзьве дзяўчыны несьлі-б партрэты Родзькі й Вітушкі, і мы-б па праспэкце Скарыны, які на тую пару стаў пешаходнаю зонаю, прайшлі-б да плошчы Перамогі. Бо, я перакананы, лёсы Родзькі й Вітушкі наўпрост зьвязаныя з вызваленьнем Беларусі ад немцаў."
Але ўжо праз 10 хвілінаў да мастака падышоў міліцыянт і папярэдзіў, што выклікае нарад міліцыі, паколькі дзеяньні пэрформанса ніяк не зьвязаныя са сьвяточным плянам мерапрыемстваў у горадзе. Неўзабаве зьявіўся і нарад, які загадаў сабраць усе рэчы. Мастак адмовіўся падпарадкоўвацца.
Ён ледзь пасьпеў падняць угару партрэты генэралаў і крыкнуць: "Людзі! Памятайце аб подзьвігу Ўсевалада Родзькі й Міхася Вітушкі! Слава героям!" Партрэты выбілі з рух, перакулілі фарбу, якая расьцяклася па ходніку і па чаравіках міліцыянтаў. Алесь Пушкін супраціўляўся як мог, пакуль яго не запіхалі ў варанок. Такім чынам, пэрформанс не ўдалося завершыць.
Ёсьць магчымасьць паказаць чытачам "Беларуса" партрэты Ўсевалада Родзькі й Міхася Вітушкі, якія Алесь Пушкін трымаў падчас пэрформанса, а таксама здымкі, зробленыя падчас затрыманьня мастака.

Матэрыялы ўзятыя з вэб-старонкі Алеся Пушкіна