Матар'яльная база дыяспары
На працягу апошніх 50-ці гадоў амаль усё, што было дасягнута беларускім грамадзтвам на чужыне, было дасягнута праз арганізаванасьць і ахвярнасьць самога грамадзтва. Гэткім чынам былі купленыя ці пабудаваныя царкоўныя будынкі, створаныя грамадзкія ўстановы, разгорнутая шырокая выдавецкая дзейнасьць, пачынаючы ад бюлетэняў і канчаючы навуковымі кнігамі.
Былі й датацыі ад розных замежных дзяржаўных і дабрачынных установаў, але яны былі або аднаразовыя, або кароткатэрміновыя, і палягаць на іх беларускаму грамадзтву не было магчымым. Такім чынам, утрыманьне беларускіх установаў у дыяспары залежала і, відаць, будзе залежаць ад ахвярнасьці грамадзтва.
Адэкватная фінансавая база патрэбная кожнай арганізацыі й установе, у тым ліку і Радзе БНР. Пры мацнейшых фінансавых умовах Рада магла-б утрымаўваць больш актуальную і інфармацыйна багатую старонку на інтэрнэце, здабыць дадатковае памешканьне для архіваў Рады й сваёй канцэлярыі, удзельнічаць у палітычных канфэрэнцыях і нават ладзіць іх, мацней падтрымоўваць выдавецкую дзейнасьць і спрыяць беларускамоўнаму школьніцтву, як за мяжою, так і на Бацькаўшчыне.
Адная сфэра грамадзкага фінансаваньня, якая дасюль зусім мала выкарыстоўвалася, гэта перадача сродкаў для грамадзкіх, рэлігійных або дабрачынных установаў праз тэстамэнты сяброў або прыхільнікаў гэтых установаў па іхняй сьмерці.
Другі шлях фінансаваньня, які можна выкарыстаць яшчэ да сьмерці ахвярадаўцы, гэта заснаваньне прыватных або сямейных фундацыяў. Такія фундацыі маюць права зьбіраць сродкі на культурныя, адукацыйныя, рэлігійныя або дабрачынныя мэты. Кіраўніцтва фундацыі вызначае куды гэтыя сродкі ідуць і адначасна ахвярадаўцы звальняюцца ад дзяржаўных падаткаў, карыстаючыся магчымасьцямі прадастаўленымі падатковымі законамі. Тут ня месца ўваходзіць у дэталі, бо дзеля гэтага патрэбнае дасьведчаньне папярэднікаў і прафэсыйная парада, хачу толькі падкінуць ідэю для глыбейшага абмеркаваньня. Паколькі фундацыі, у адрозьненьні ад фізычнае асобы, працягваюць існаваць і дзеіць, гэта дае нагоду наступным пакаленьням працягваць дзейнасьць, аб якой марыў сам заснавальнік фундацыі.
Вяртаючыся да тэмы перадаваньня спадчыны праз тэстамэнт, вельмі важна, каб такі тэстамэнт быў прафэсыйна падрыхтаваны, бо іначай вялікая частка спадчыны можа быць забраная дзяржаваю. Перадача спадчыны для сваёй або іншай фундацыі можа забясьпечыць, што спадчына сапраўды поўнасьцю пойдзе на мэты важныя і дарагія таму, хто гэтую спадчыну пакідае. Падобнае можа адносіцца і да тых выпадкаў, калі спадчына або частка яе пападае ў рукі нейкае далёкае радні. Ці выкарыстоўваюць гэткія сваякі ахвяраваныя грошы або маёмасьць у спосаб, які задаволіў-бы таго, хто іх пакідае, зусім невядома.
У нашым грамадзтве мне ведама некалькі прыкладаў пажыцьцёвых або тэстамэнтальных падаркаў. Толькі нядаўна, па сьмерці Зоры Кіпель, прыйшло да ведама, што сям'я Кіпеляў яшчэ ў 1999-м годзе заснавала Фундацыю "Беларуская кніга", перадаўшы празь яе суму грошай для Нью Еркаўскай Публічнай Бібліятэкі для набыцьця рэдкіх беларускіх кнігаў. І не так даўно, заснаваная Аллаю Орса-Романо, Культурна-Адукацыйная Фундацыя ўжо здолела зафундаваць дзесяткі адукацыйных праектаў у Беларусі. А яшчэ ў 1970-х гадох мой бацька, Янка Станкевіч, заснаваў Фундацыю імя Льва Сапегі, куды з часам пайшла ўся маёмасьць бацькоў. Мы, тры сыны, ад гэтага ніяк не пабяднелі, а Фундацыя далей існуе і працуе на карысьць беларускай справы. Падобных прыкладаў, напэўна, ёсьць ужо болей, і хацелася-б бачыць, каб яны ў будучым множыліся.
Закончу гэтую тэму адным практычным прыкладам. Ужо доўгі час у беларускім грамадзтве Амэрыкі ідзе размова пра патрэбу агульнага грамадзкага цэнтру. Гэтае пытаньне стаіць на парадку дня дзейнасьці БАЗА. Аднак станоўчага завяршэньня гэтага праекту пакуль што так і не відаць. А што магло-б быць, калі-б да БАЗА далучыліся, скажам, 4-5 фундацыяў і ўстановаў, якія знайшлі-б сабе патрэбнае месца ў такім цэнтры? Рада БНР мела-б месца для архіваў і канцэлярыі, некаторыя фундацыі свае памешканьні, БАЗА - грамадзкую залю, нейкая сям'я пакой, прысьвечаны памяці бацькоў і г. д. Пры дапамозе тэстамэнтальнай спадчыны і пры ўдзеле фундацыяў такі Беларускі Грамадзкі Цэнтар можна ня толькі набыць, але і забясьпечыць, каб ён далей жыў і разьвіваўся.
І гэта толькі адзін прыклад, дзе ўзмацненьне грамадзкай матар'яльнай базы прынесла-б трывалую карысьць беларускаму грамадзтву.
Вячка СТАНКЕВІЧ