Беларусь за месяц

НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ СЬЦЯГІ Ў ГАДАВІНУ РЭФЭРЭНДУМУ
У ноч на 14-га траўня ў шэрагу гарадоў Беларусі зьявіліся бел-чырвона-белыя сьцягі. Гэткім чынам "Малады Фронт" скончыў акцыю "Беларусь у Эўропу", якая трывала некалькі месяцаў, а таксама адзначыў гадавіну сумнаведамага рэфэрэндума 1995-га году, які вярнуў бэсэсэраўскую сымболіку. У Менску былі вывешаныя 20 нацыянальных сьцягоў, а таксама сьцягоў Эўразьвязу. Сьцягі зьявіліся на будынку на скрыжаваньні праспэкта Скарыны й вуліцы Казлова, радыётэхнічнага калэджа па праспэкце Скарыны. На калэджы сьцяг вешалі двойчы, бо падчас першай спробы маладафронтаўцы былі затрыманыя міліцыяй. Праўда, хлопцаў неўзабаве адпусьцілі. Сьцяг быў вывешаны нават каля менскага спецпрыёмніка-разьмеркавальніка.
Такія-ж акцыі прайшлі ў іншых гарадох Беларусі. У Берасьці сьцяг быў узьняты на самым высокім у горадзе 20-павярховым будынку. У Магілёве сьцягі павесілі на будынках выканкаму Ленінскага раёну, на асьвятляльных мачтах стадыёну "Спартак". Акцыі прайшлі ў Віцебску, Гомелі, Горадні, Жодзіне, Маладэчне, Воршы.

ЛАНЦУГ НЕАБЫЯКАВЫХ ЛЮДЗЕЙ
7-га траўня ў Менску прайшоў "Ланцуг неабыякавых людзей". Акцыя была зладжаная Аб'еднанай Грамадзянскай Партыяй і прысьвечаная трэцяй гадавіне зьнікненьня экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі, які зьнік пры таямнічых абставінах увечары 7-га траўня 1999-га году па дарозе дахаты.
Блізу 70 чалавек сабраліся ў цэнтры сталіцы паблізу Кастрычніцкай плошчы. Яны трымалі ў руках ня толькі партрэты зьніклага Захаранкі, але й астатніх ведамых людзей: Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Зьміцера Завадзкага. Міліцыя паводзіла сябе вельмі карэктна і нікога з удзельнікаў акцыі не затрымала. Такія-ж акцыі прайшлі ў Баранавічах, Берасьці, Віцебску, Гомелі, Наваполацку, Пінску, Пружанах і іншых гарадох.
А 17-га траўня быў зладжаны "Ланцуг неабыякавых людзей" у 50-я ўгодкі нараджэньня бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, які зьнік у верасьні 1999-га году разам зь Віктарам Ганчаром.

МУЛЯВІН ТРАПІЎ У КАТАСТРОФУ
Ведамы сьпявак, лідэр гурта "Песьняры" трапіў на Радаўніцу (14-га траўня) ў аўтакатастрофу. Гэта адбылося на 25-кілямэтры шашы Заслаўе - Калодзішчы. Сьпявак вяртаўся на "Мэрсэдэсе-420" зь лецішча. Ен ня даў рады кіраваньню, і машына вылецела на ўзбочыну, некалькі разоў перакулілася і ўдарылася ў дрэва. Зь месца здарэньня Ўладзімера Мулявіна у цяжкім стане даставілі ў 2-гі клінічны шпіталь Менска, а затым перавялі ў НДІ траўматалёгіі й артапэдыі, дзе яму зрабілі апэрацыю на пазваночніку. Стан сьпевака цяжкі.

У САЛІГОРСКУ І СЬВЕТЛАГОРСКУ ДЫЗЭНТЭРЫЯ
Пачалася дызэнтэрыя ў Салігорску. З 20-га па 24-га траўня ў мясцовы шпіталь зьвярнуліся па дапамогу 346 чалавек, зь іх - 303 дзеці. Палова зь іх была шпіталізаваная. Камісія Рэспубліканскага цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі выявіла, што прычынай атручваньня была прадукцыя Салігорскага малаказаводу. Прычыны дызэнтэрыі могуць быць самыя розныя: ад парушэньня тэхналягічнага працэсу да брудных рук рабочых. Працу завода на некалькі дзён прыпынілі. Але гэта ня выратавала жыхароў Сьветлагорску, якія атруціліся прадукцыяй прадпрыемства. Напрыканцы траўня там на дызэнтэрыю захварэлі некалькі дзясяткаў чалавек. Хоць Салігорск далекавата знаходзіцца ад Сьветлагорску.

АДАМА МАЛЬДЗІСА ЎШАНАВАЛІ ПРЭМІЯЙ
29-га траўня ў Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі адбылося ўручэньне прэміі імя Ганны Краснапёркі ведамаму беларускаму навукоўцу, доктару філялёгіі Адаму Мальдзісу. Музыказнаўца Вольга Дадзіёмава на ўручэньні прэміі адзначыла, што калі беларуская культура XVI-га стагодзьдзя зьвязаная зь імем Скарыны, то нацыянальная культура XX-га стагодзьдзя - зь імем Адама Мальдзіса. Пісьменьнік, між іншага, зрабіў два выдатных адкрыцьці для музычнай грамадзкасьці: "Полацкі сшытак" і творчасьць Станіслава Манюшкі.
Прэмія імя Ганны Краснапёркі была заснаваная ў 1998-м годзе. Падчас нямецкай акупацыі Ганна трапіла ў Менскае гета, скуль уцякла. Па вайне Ганна стала журналісткаю і ў 70-х напісала кнігу ўспамінаў "Лісты маёй памяці" пра нямецкую акупацыю і лёс вязьняў гета. Прэмія заснаваная на сродкі Ірмы Б'юзінг, муж якой загінуў улетку 1944-га году пад Менскам.

ПОЛЬСКІХ БЕЛАРУСАЎ ПЕРАПІСАЛІ
З 21-га траўня па 8-га чэрвеня ў Польшчы праходзіў перапіс насельніцтва. Сярод пытаньняў было і пра нацыянальнасьць, такая ўмова Эўразьвязу, куды маецца ўступіць Польшча. Польскія беларусы кажуць, што перапіс не пакажа рэальных вынікаў, бо шмат хто зь беларусаў запішацца палякамі, бо атаясамляюць нацыянальнасьць з грамадзянствам.

"СВАБОДА" ПА-РАСЕЙСКУ
21-га траўня выйшаў першы нумар адмысловага праекту газэты "Наша Свабода", пад назовам "Свабода. Политика". Праект мае выдавацца раз на тыдзень, па аўторках. Па-беларуску там толькі лягатып газэты. Нават слова "палітыка" і выходныя дадзеныя па-расейску. Кіраўнікі газэты тлумачыць гэта неабходнасьцю арыентацыі на расейскамоўную публіку. Між тым, за апошнія месяцы наклад "Нашай Свабоды" падае і цяпер складае 6830 асобнікаў. Праўда, зьніжэньне чытацкай аўдыторыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў характэрнае для большасьці апазыцыйных выданьняў.

СКОБЕЛЕЎ СУПРАЦЬ БЫКАВА
Галоўны рэдактар "Інфармацыйнага весніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" пісьменьнік Эдуард Скобелеў заявіў наступнае: "Сярод новай зьмены шмат сумленных людзей, імёны якіх замоўчвалі гэтыя гады. Менавіта ім трэба даць слова на старонках літаратурных часапісаў, а не палітычна адсталым Быкаву, Барадуліну, Гілевічу і Законьнікаву, якія ўжо нічога новага ня створаць. Зараз трэба садзейнічаць таму, каб іх творы не зьяўляліся на старонках літаратурна-мастацкіх выданьняў краіны. Бо ў апошні час ад літаратурнай творчасьці, у якой яны сябе згубілі, гэтыя пісьменьнікі й паэты перайшлі да палітычнай дзейнасьці, дзе яны нічога не разумеюць".
А вось новы галоўны рэдактар "Крыніцы" Вячаслаў Дашкевіч заявіў, што ідэі "Паўночна-Заходняга краю" на бачынах часапісу не пацерпіць, і "Крыніца" застанецца правадніком нацыянальнае ідэі.
Былы галоўны рэдактар "Полымя" Сяргей Законьнікаў мае намер выдаваць часопіс "Будзем!", а яшчэ адзін супрацоўнік "Полымя" Барыс Пятровіч (Сачанка) хоча заснаваць літаратурны часапіс "Дзеяслоў". Са Скобелевымі ім не па дарозе.

МАЛАДЫ ФРОНТ ШЫБУЕ Ў ЭЎРОПУ
Маладзёвая беларуская арганізацыя Малады Фронт стала сябрам "Эўрапейскіх дэмакратычных студэнтаў" (ЭДС) - маладзёвай арганізацыі Эўрапейскага Зьвязу. Рашэньне аб гэтым прынятае 25-га траўня ў Кракаве (Польшча) на паседжаньні Рады ЭДС. Цягам апошніх чатырох гадоў Малады Фронт быў у ЭДС назіральнікам.

ДЗЕЦІ АТРУЦІЛІСЯ СНАТВОРНЫМ
У вёсцы Вярэйкі, што ў Ваўкавыскім раёне Горадзеншчыны, школьнік знайшоў на шашы брунатныя таблеткі, вельмі падобныя да шакаляднага дражэ. Назьбіраўшы ў школьную сумку, прынёс іх у школу, дзе добра пачаставаў сябрукоў. 16 школьнікаў праз пэўны час адчулі сябе кепска і былі адвезеныя ў раённы шпіталь. Выявілася, што школьнікі атруціліся снатворным для жывёлы, якое рассыпалася з машыны, што ехала па дарозе. Камісія санэпідэмстанцыі наладзіла ў школе праверку, і ў некалькіх школьнікаў знайшла ў партфелях "шакалядкі". Снатворнае сканфіскавалі.

"ДУРДОМ" У БАРАНАВІЧАХ
Як вядома ЮНЭСКА абвесьціла 2002-ы год годам Ігната Дамейкі. З гэтае нагоды Рада ТБМ Баранавічаў зьвярнулася ў гарвыканкам з прапановай надаць адной з гімназіяў імя славутага земляка. Гарвыканкам адмовіў, бо "у горадзе маецца дастаткова беларускамоўных клясаў і ў кожнай школе раз на год праводзіцца тыдзень беларускай мовы". У гарвыканкаме, відаць, ня ведаюць, што сусьветнаведамы навуковец Ігнат Дамейка жыў у 19-м стагодзьдзі й быў рэктарам унівэрсытэту ў Сант'яга (Чылі). Магчыма, блытаюць зь дзеячом нацыянальнага руху за часамі нямецкай акупацыі Міхасём Тулейкам. Дамейка - Тулейка, якая русыфікатарам розьніца.

НА КРЫЧАЎШЧЫНЕ ЗНОЙДЗЕНЫ МЕТЭАРЫТ
Жыхарка вёскі Чырвоная Буда Ганна Пруднікава знайшла ўвосень на ўласным гародзе мэтэарыт, камень велічынёю з курынае яйка і вагою амаль паўкілё. Гаспадыня ўлучыла чароўны камень у гаспадарку: забівала цьвікі, калола ім гарэхі. І толькі ў мінулым месяцы пляменьнік-школьнік пабачыў каштоўны камень і аднёс яго ў мясцовую школу.

СЬВІСЛАЧ АЧЫСЬЦЯЦЬ
Узімку пачнецца першы этап ачысткі ракі Сьвіслач у межах Менска. Так вырашыла ўпраўленьне камунальнай гаспадаркі сталіцы. Праблема была ўзьнятая даўно, і нават быў заснаваны адмысловы фонд, куды гарадзкія прадпрыемствы адлічалі грошы. Апэрацыя будзе праводзіцца на працягу 22-х кілямэтраў у межах гораду. Сьвіслач самая забруджаная рака Беларусі.

КДБ НЕ РАССАКРЭЦІЦЬ АРХІВАЎ
Старшыня Нацыянальнага цэнтру архіваў і справаводзтва Ўладзімер Адамушка на прэс-канфэрэнцыі з нагоды 80-годзьдзя дзяржаўнай архіўнай службы Беларусі распавёў, што большасьць справаў, зьвязаных з савецкімі рэпрэсіямі, па-ранейшаму недаступныя і знаходзяцца ў ведамасным архіве КДБ. І няхутка яны будуць рассакрэчаныя, бо, згодна з заканадаўствам, тэрмін ведамаснага захоўваньня такіх справаў - 75 год

ПРА БЕЛАРУСАЎ КІНО ЗДЫМАЦЬ НЯ БУДУЦЬ
ЮНЭСКА сумесна зь вядомым тэлеканалам "Discovery Channel" пачынае новы праект. Ягоная мэта - адкрыць грамадзкасьці вочы на праблему аховы культурнай спадчыны й моваў, што знаходзяцца на мяжы зьнікненьня.
Паводле статыстыкі ЮНЭСКА, у сьвеце існуе 3000 моваў, носьбітаў кожнай зь якіх менш за 10 тысячаў. З гэтых 3000 моваў на 750-ці гаворыць менш за тысячу чалавек. Лічыцца, што мова знаходзіцца на мяжы зьнікненьня, калі ёю карыстаюцца менш за 30% дзяцей носьбітаў.
Тэлепраграмы, што будуць трансьлявацца ў 154 краінах сьвету, пазнаёмяць гледачоў з такімі мовамі й культурамі народаў, якія імі гавораць. Беларусаў, што размаўляюць па-свойму, намнога больш за дзесяць тысячаў чалавек, таму пра нас кіно здымаць ня будуць. Хоць колькасьць дзяцей, што вучацца ў беларускамоўных клясах, сёлета ўпала ніжэй за 30%.

900 ГАДОЎ СЬВ. ЕФРАСІНЬНІ ПОЛАЦКАЙ
Да 5-га чэрвеня працягнецца ў Полацку сьвяткаваньне 900-годзьдзя з дня народжаньня Святой Ефрасіньні Полацкай.
Мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай даты, пачаліся Кірыла-Мяфодзеўскімі чытаньнямі. Упершыню ў Спаса-Ефрасіньнеўскім манастыры пройдзе фэстываль звону. З 30-га па 31-га траўня ў Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце працавала міжнародная канфэрэнцыя на тэму: "Прападобная Ефрасіньня Полацкая і пытаньні славянскай асьветы".
Апагеем сьвяткаваньняў стала спэцыяльнае набажэнства ў Сафійскім саборы 2-га чэрвеня. Па заканчэньні службы адбыўся хрэсны ход з Сафійскага сабору да Свята-Ефрасіньнеўскага манастыра. Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музэй-запаведнік падрыхтаваў да сьвята адмысловую выставу. У гонар Сьв. Ефрасіньні ў горадзе пройдзе некалькі канцэртаў духоўнай музыкі.

Уласны карэспандэнт