НАШАЯ МОВА Ў КЛІФТАНЕ
Сталы чытач і прыхільнік газэты "Беларус", сябра Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, д-р Юрка Кіпель даслаў у рэдакцыю цікавую вестку. Адная з большых газэтаў штату Нью Джэрзы, The Record, наклад якое даходзіць да 200 тысячаў асобнікаў, у нумары за 3-га студзеня сёлета зрабіла агляд моваў, якімі карыстаюцца жыхары гораду Кліфтану, штату Нью Джэрзы. Гэтак, у школьнай акрузе гэтага гораду налічваецца 5886 вучняў. На пытаньне журналістаў "Якою моваю, апрача ангельскае, Вы карыстаецеся ў хаце?" - былі дадзеныя такія адказы: гішпанскаю - 3744, арабскаю - 698, італьянскаю - 65, карэйскаю - 38, грэцкаю - 36, … беларускаю - 11. Беларуская мова аказалася на параўнальна высокім 22-м месцы. А ўсяго ў горадзе гавораць на 65 мовах народаў сьвету. Хоць, безумоўна, беларусаў у горадзе жыве болей, але зусім нядрэнна, што ў звычайным амэрыканскім індустрыяльным горадзе ў столькіх, адносна маладых, сем'ях дзецям ужо прышчэпленыя пачаткі беларускае нацыянальнае сьведамасьці.