СЯБРОЎСКАЯ НАРАДА Ў ВАШЫНГТОНЕ
Пасьля канфэрэнцыі па Беларусі, якая прайшла 14-га сьнежня ў Вашынгтоне, прысутныя беларусы выкарысталі нагоду зладзіць нефармальную сяброўскую нараду. Былі прысутныя прадстаўнікі розных партыяў зь Беларусі, прадстаўнікі дыяспары з розных месцаў Амэрыкі й таксама прадстаўнікі з Прагі.
Асноўная тэма нарады: чым можам адны другім дапамагчы?
Вынікам гутаркі былі прапановы:
Інфармаваць палітычных прадстаўнікоў ЗША пра Беларусь. Асабліва зьвяртаць увагу на ўплывовых палітыкаў там, дзе знаходзяцца старыя і новыя эмігранты зь Беларусі. Каб канцэнтраваць свае абмежаваныя магчымасьці, будзе створаны сьпіс палітыкаў, якія бываюць у Беларусі й ўжо маюць нейкае зацікаўленьне. Бо шмат лягчэй уплываць на 20-30 выбраных асобаў, чым на цэлы Кангрэс.
Рыхтаваць беларускіх перакладчыкаў. Калі прадстаўнікі зь Беларусі прыяжджаюць на Захад і хочуць прамаўляць па-беларуску, амаль заўсёды атрымліваюць адмоўны адказ - няма беларускіх перакладчыкаў з сэртыфікатам. Ім даводзіцца карыстацца расейскім перакладчыкам, калі ня ведаюць мясцовай мовы. Цяпер сытуацыя можа зьмяніцца, бо ёсьць маладыя беларусы, якія добра валодаюць шэрагам моваў, уключна зь беларускаю, і маем спэцыялістаў у атрыманьні сэртыфікатаў, якія гатовыя памагаць яго здабыць. А кваліфікаваныя перакладчыкі заўсёды добра зарабляюць у розных установах і пры розных народах.
Дапамагаць часова падзарабіць на Захадзе. Цяпер магчымасьці падзарабіць ёсьць і, калі нехта захоча забясьпечыць сабе працу або стыпендыю, можна разьлічваць на дапамогу мясцовае дыяспары. Але, каб не марнаваць абмежаваныя сродкі дапамогі, кандыдаты павінныя загадзя гэта ўзгадніць са сваімі арганізацыямі, якія пасьведчаць, што яны на гэта заслугоўваюць.
Пісаць артыкулы ў выданьні Радыё Свабода. Тут патрабуюцца спэцыялісты ў галіне эканомікі, сацыялёгіі й падобных навуках, якія згодныя пісаць кароткія артыкулы (800 словаў і менш) па-ангельску. Неабавязкава пісаць выдатна па-ангельску, бо артыкулы праходзяць моўную і стылістычную рэдакцыю. За такія артыкулы, калі іх зьмесьцяць ў RFE/RL Newsline або Poland Belarus Ukraine Report, някепска плацяць.
Пісаць лісты ў рэдакцыі мясцовых газэтаў на Захадзе. Ёсьць два посабы зьмяшчаць інфармацыю пра Беларусь. Адзін - гэта рэагаваць на весткі й артыкулы, а другі - паведамляць пра беларускія падзеі ў дадзенай мясцовасьці. У невялікіх мясцовых газэтах часта ўдаецца зьмясьціць інфармацыю зьвязаную з нейкаю датаю, 25-м Сакавіком, Чарнобылем і падобнымі.
Пасылаць сьвяточныя прывітаньні замежным лідэрам. На Захадзе прынята, што розныя ўстановы, грамадзкія і палітычныя прадстаўнікі пасылаюць сьвяточныя прывітаньні шырокаму колу сваіх прыхільнікаў і знаёмых. Пажадана, каб і беларускія лідэры асвоілі гэты спосаб здабываньня і трыманьня карысных кантактаў.
Чытачоў "Беларуса", якія жадаюць атрымаць больш інфармацыі аб вышэй згаданых прапановах або дадаць свае ідэі й парады просім зьвяртацца ў рэдакцыю газэты.

Вячка СТАНКЕВІЧ